Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Уладзімір Пуцін пакляўся абараняць этнічных расейцаў па ўсім сьвеце. Гэта азначае, што пад эгідай пуцінскай дактрыны могуць апынуцца мільёны расейцаў, асабліва ў краінах былога СССР. Але як гэтыя расейцы там наогул апынуліся? На гэтае пытаньне адказвае аглядальнік Радыё Свабода Робэрт Коўлсан. (Яго агляд не датычыць тэрыторыі сучаснай Беларусі)

За апошнія тыдні расійскі ўрад сфармуляваў становішча, якое можна было б назваць дактрынай Пуціна. Згодна з гэтай праграмай, Масква мае права і абавязаная абараняць расейцаў па ўсім сьвеце.

На мінулым месяцы, выступаючы ў расейскай тэлевізіі, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў: «Расея — гэта краіна, на якой грунтуецца рускі сьвет, і менавіта Пуцін зьяўляецца галоўным гарантам бясьпекі рускага сьвету».

Гістарычныя працэсы, якія адбываліся за апошнія стагодзьдзі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу, пакінулі за межамі сучаснай Расейскай Фэдэрацыі мільёны этнічных расейцаў і расейскамоўных. Многія з іх — ад малдаўскага Прыднястроўя да ўсходняй Украіны, ды і ў іншых месцах — адгукнуліся на пуцінскую дактрыну просьбамі аб «абароне». Напрыклад, у занятым прарасейскімі сэпаратыстамі ўрадавым будынку ў Данецку транспарант абвяшчае: «Расея! Выратуй нас ад рабства».

"Наварасея" і Ўкраіна
У апошнія тыдні гэтая новая пазыцыя Крамля выразна абазначылася ў анэксаваным Расеяй у мінулым месяцы Крыме, а таксама ў паўднёвых і ўсходнім рэгіёнах Украіны. Расейскія нацыяналісты, як, напрыклад, ідэоляг эўразійскага руху Аляксандр Дугін, называе гэты рэгіён яго гістарычным імем — Наварасеяй. Наварасея ахоплівае і некалькі паўднёвых рэгіёнаў Расеі, уключаючы Растоўскую вобласьць, Стаўрапольскі край і Краснадарскі край.

Гэтыя тэрыторыі былі далучаныя да Расейскай імпэрыі на працягу XVIII і ў пачатку XIX стагодзьдзяў у выніку ваенных перамогаў над Крымскім ханствам і Асманскай імпэрыяй. Пачынаючы з часоў Кацярыны Вялікай, урадлівыя землі гэтага рэгіёну аддаваліся расейскім дваранам, якія запрыгоньвалі мясцовае насельніцтва. Нягледзячы на тое, што Кацярына настойліва прапаноўвала замежнікам з Эўропы сяліцца ў гэтым рэгіёне, афіцыйнай палітыкай была русыфікацыя гэтых зямель.

У цяперашні час ва ўкраінскіх рэгіёнах Наварасеі пражывае больш за 5 мільёнаў этнічных расейцаў, якія складаюць большасьць насельніцтва у шмат якіх зь іх. У Крыме расейцы складаюць большасьць у выніку працэсу актыўнай русыфікацыі, а таксама масавай дэпартацыі крымскіх татараў у 1944 годзе. Толькі цяпер насельніцтва крымскіх татараў на паўвостраве набліжаецца да ўзроўню, які папярэднічаў дэпартацыі.

Дэпартацыі ў Малдавіі


На мяжы гістарычнай Наварасеі, у малдаўскім Прыднястроўі ў цяперашні час пражываюць па меншай меры 150 000 уладальнікаў расейскіх пашпартоў. Рэгіён быў далучаны да Расейскай імпэрыі ў 1790-я гады, а яго сталіца Ціраспаль, закладзеная як памежная крэпасьць, была заснаваная генэралам Аляксандрам Суворавам.

Далучэньне Прыднястроўя да Расейскай імпэрыі суправаджалася працэсам актыўнай русыфікацыі, у тым ліку і ўвозам прыгонных зь іншых частак Расіі. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі Прыднястроўе ўвайшло ў склад Малдаўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1944 годзе землі былі адваяваныя Чырвонай Арміяй, і тысячы мясцовых жыхароў, асабліва заможныя сяляне, былі абвінавачаныя ў «калябарацыянізьме». Іх дэпартавалі ў Сыбір і Сярэднюю Азію. Найбольш масавая дэпартацыя, вядомая як «Апэрацыя Поўдзень», была праведзеная ў ноч з 6 на 7 ліпеня 1949 году.

З падзеньнем Савецкага Саюзу Малдова здабыла незалежнасьць. Радыкальныя нацыяналісты сталі патрабаваць выдаленьня нацыянальных меншасьцяў — расейцаў, украінцаў і гагаузаў. У 1990 годзе Прыднястроўе абвясьціла незалежнасьць. Жорсткая вайна ў Прыднястроўі ў 1992 годзе завяршылася спыненьнем агню, якое працягваецца і па гэты дзень. Пасьля анэксіі Крыму прыднястроўскія прадстаўнікі заявілі пра сваё жаданьне далучыцца да Расейскай Фэдэрацыі.

Этнічныя чысткі ў Прыбалтыцы


У трох прыбалтыйскіх дзяржавах пражывае крыху больш за мільён этнічных расейцаў. Нягледзячы на тое, што гэты рэгіён уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі, практычна ўсе расейцы, якія сёньня пражываюць у Прыбалтыцы, апынуліся тут у выніку яе далучэньня да СССР.

Тры прыбалтыйскіх дзяржавы патрапілі ў савецкую сфэру ўплыву дзякуючы пакту Молатава- Рыбэнтропа, заключанага ў 1939 годзе. У 1941 годзе пачаліся першыя савецкія масавыя дэпартацыі мясцовага насельніцтва.

З таго часу дэпартацыі і палітыка сталінскай русыфікацыі толькі ўзмацніліся. Агулам за савецкі час былі дэпартаваныя каля 200 тысяч эстонцаў, латышоў і літоўцаў. Сёньня расейцы складаюць каля 24% насельніцтва Эстоніі, 27% насельніцтва Латвіі і амаль 5% насельніцтва Літвы.

Русыфікацыя Сярэдняй Азіі


Этнічныя расейцы складаюць значную частку насельніцтва і ў пяці былых савецкіх сярэднеазіяцкіх рэспубліках. Асабліва ў Казахстане, дзе пражываюць па меншай меры 3,5 мільёна расейцаў, большасьць — на поўначы і ўсходзе краіны.

Расейская прысутнасьць на тэрыторыі сучаснага Казахстану сягае ХVI стагодзьдзя. Многія з найбуйнейшых гарадоў краіны, у тым ліку Астана і Алма-Ата, былі расейскімі памежнымі крэпасьцямі. У канцы ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў Расейская імпэрыя актыўна засяляла расейцамі найбольш урадлівыя землі Казахстану. Да 1917 году расейцы складалі там каля 30% насельніцтва.

Усплёскі русыфікацыі мелі месца на працягу ўсяго існаваньня СССР; самы знакаміты зь іх — засваеньне цаліны. Падчас Другой сусьветнай вайны ў казахскі стэп, якія знаходзіўся далёка ад лініі фронту, эвакуявалі заводы з эўрапейскай часткі Расеі. Новая хваля расейцаў запоўніла Казахстан у 1960 і 1970 гады, калі ў рэспубліцы выявіліся карысныя выкапні. У цяперашні час у паўночных частках краіны расейцы складаюць нацменшасьць буйнога памеру.

Стараверы і палітэмігранты


Акрамя расейцаў, перамяшчэньне якіх было зьвязанае са зьменамі межаў Расеі, існавалі і такія, якія на працягу стагодзьдзяў эмігравалі з палітычных меркаваньняў.

У ХІХ стагодзьдзі палітэміграцыі была нешматлікай. Але пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году наступілі тры магутныя хвалі эміграцыі з Расеі, галоўным чынам — у Эўропу і ў Злучаныя Штаты. Дзякуючы габрэйскай эміграцыі з Савецкага Саюзу ў Ізраіль у канцы 1980-х гадоў, у цяперашні час на тэрыторыі Ізраілю пражывае трэцяя па сваёй велічыні расейскамоўная меншасьць, калі браць пад увагу краіны, якія знаходзяцца па-за межамі былога СССР.

За межамі Расейскай Фэдэрацыі таксама існуюць і невялікія раёны, населеныя расейцамі.

Напрыклад, 2,5 тысячы расейцаў, якія пражываюць у амэрыканскім штаце Аляска — зусім ня спадчына тых часоў, калі Расейская імпэрыя распасьціралася празь Бэрлінгаў праліў. Гэта так званыя стараверы. Яны дамагаліся свабоды веравызнаньня з часоў рэформы Расейскай Праваслаўнай Царквы патрыярхам Ніканам у 1666 годзе.


Супольнасьці старавераў раскіданыя па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Канадзе, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, а таксама ў некалькіх краінах Паўднёвай Амэрыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG