Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская чыгунка пацьвердзіла спыненьне продажу квіткоў у Крым


З 27 траўня часова прыпынены папярэдні продаж квіткоў у Крым.


Пра гэта паведамляе сайт украінскай чыгункі.

У сувязі са зьменай раскладу самаабвешчаным дзяржаўным прадпрыемствам «Крымская чыгунка» ў графіку на 2014–2015 гады самастойна, без узгадненьня з «Укрзалізницяй», было прынята рашэньне часова прыпыніць з 27 траўня папярэдні продаж квіткоў на цягнікі да паўвострава. Продаж квіткоў не ажыцьцяўляецца як на ўнутрыдзяржаўныя, так і на міжнародныя цягнікі, якія курсіруюць па тэрыторыі Ўкраіны.

Як адзначаюць спэцыялісты «Укрзалізниці», карэкціроўка графіку руху пасажырскіх цягнікоў на 2014–2015 гады выкліканая няўзгодненасьцю раскладу паміж АР Крым і тэрыторыі мацерыковай Украіны. Таксама ёсьць неабходнасьць перагляду графіку руху з прычыны значнага зьніжэньня пасажырапатоку і ўвядзеньня дадатковых прыпынкаў для правядзеньня кантрольных апэрацыяў.

Тэлеграма пра адпаведнае рашэньне была накіраваная ў чыгуначныя адміністрацыі, у тым ліку ААТ «РЖД» і Беларускую чыгунку.

З просьбай прыпыніць продаж квіткоў і адкарэктаваць графік руху пасажырскіх цягнікоў да «Укрзалізниці» зьвярнуўся і кіраўнік самаабвешчанай «Крымскай чыгункі» Андрэй Каракулькін.

«Прашу часова абмежаваць папярэдні продаж праязных дакумэнтаў на пасажырскія цягнікі, прычапныя і бесьперасадачныя вагоны адпраўленьнем з пачатковых станцыяў з 1 чэрвеня 2014 прызначэньнем на станцыі «Крымскай чыгункі», — гаворыцца ў тэлеграме.

На наступным тыдні з ініцыятывы «Укрзалізниці» заплянаваная трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў «Укрзалізниці», ААТ «РЖД» і Беларускай чыгункі па ўрэгуляваньні пытаньня курсіраваньня цягнікоў і ўзгадненьні графіку на 2014–2015 гады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG