Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1978 год. Савецкі Саюз паступова завязае ў застоі. Галоўная, бадай што, ідэалягічная адметнасьць той пары — нарастаньне культу асобы Брэжнева, культу зусім ня страшнага, накшталт Сталінавага, а хутчэй камічнага, які спарадзіў своеасаблівую хвалю народнага гумару. Ленінская прэмія за кнігу Малая Зямля, густыя бровы, днепрадзяржынскі акцэнт, парушаная дыкцыя Леаніда Ільліча — пазнавальныя знакі савецкай рэчаіснасьці канца 70-х.

У гэткай атмасфэры Радыё Свабода надалей карысталася ўвагай партыйных прапагандыстаў і гумарыстаў. Адмысловую ўвагу Радыё ўпершыню надаў у сваёй справаздачы на ХІІІ пленуме ЦК КПБ у верасьні 1978 году Пятро Машэраў. А Алеся Бажко праграмы Радыё Свабода натхнілі на гэткія паэтычныя радкі:


А служка натаўцаў — «Свабода»
Зь любых нагод і без нагоды
З халуйскім гневам, ваяўніча
На ўсіх людзей вунь як скавыча!
Зямляне цягнуцца да сонца,
«Свабодзе» лепш «гуманны» стронцый
З нейтронным джынам у ракетах...
Ды хіба хто адобрыць гэта?!
Гудзе брахлівая «Свабода»,
Скавыча з рознае нагоды...

***

У 1978 годзе адбылася немалаважная падзея на дзяржаўным беларускім радыё — пасаду старшыні Дзяржаўнага Камітэту тэлебачаньня і радыёвяшчаньня заняў паэт Генадзь Бураўкін. Гады кіраваньня Бураўкіна ў пэрыяд ад гэтак званага застою да перабудовы і дагэтуль прыгадваюцца як зорныя часіны беларускага радыё і тэлевізіі.

Сёньня Генадзь Мікалаевіч — у гасьцях у нашай перадачы. Сваю гутарку зь ім я пачаў з пытаньня — ці даводзілася яму яшчэ ў даўнія часы слухаць заходнія радыёстанцыі і ў прыватнасьці Радыё Свабода.


Генадзь Бураўкін

Генадзь Бураўкін

«Бясспрэчна, даводзілася слухаць, хаця гэта было заўсёды вельмі і вельмі цяжка. Па-першае, сьпярша не было адпаведнага радыёпрыёмніка, а потым нават калі і ўжо, як кажуць, разбагацеў я пасьля студэнцкага жыцьця і набыў сабе прыёмнік VEF, то ня так проста было настроіцца на тую хвалю, якая магла б абсалютна нармальна гучаць. Але слухаў. Слухаў, можа, нават па тым часе меней „Свабоду“, чым Бі-Бі-Сі і „Голас Амэрыкі“. Беларускую службу Радыё Свабода мне ня так часта ўдавалася злавіць, можа быць і таму, што глушылася яна на тэрыторыі Беларусі найбольш плотна, ну а гэта Менск — мы нават ведалі, дзе стаяць тыя глушылкі — так што не заўсёды ўдавалася пачуць тады, калі хацелася. Ну а пасьля мая службовая кар’ера дала мне такую магчымасьць, што я ня слухаў беларускую „Свабоду“, але пастаянна чытаў тэксты гэтых перадач».

Эфір 1978 году. Гучыць фрагмэнт літаратурнай перадачы ...


***
Год 1978 у сьвеце

Палітыка

У Радэзіі да ўлады прыходзяць чорныя. — Зацьверджанае пагадненьне аб нэўтралітэце Панамскага каналу. — Выкрадзены і забіты былы італьянскі прэм’ер Альда Мора. — Апостальскі пасад займае папа Ян Павел ІІ. — 13-дзённая канфэрэнцыя ў Кэмп-Дэйвідзе заканчваецца падпісаньнем асноваў міру паміж Ізраілем і Эгіптам.

Навука i тэхналёгія

Кампанія Sony выпускае першы ўолкмэн. — У выніку камбінаваньня ДНК атрыманы інсулін чалавека. — У выніку рэакцыі на ядзерным рэактары ў Прынстане за 1/20 долю сэкунды дасягнутая тэмпэратура 60 мільёнаў градусаў паводле Фарэнгейта. — Кітай запускае ў космас першы спадарожнік.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная амэрыканцу Айзэку Башэвіцу Зінгэру.

Папулярная культура і музыка

На экраны выходзяць фільмы «Паляўнічы за аленямі», «Паўночны экспрэс».

У 1978 годзе памірае Жак Брэль

Песьня году — Queen / Мы — чэмпіёны

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Я запытаўся ў Генадзя Мікалаевіча — ці ўдавалася яму сустракацца з супрацоўнікамі радыё тады, калі сустрэчы такія былі справай з гледзішча ўладаў непажаданай...

«Удавалася. Я тады нават і ня ведаў, што гавару з супрацоўнікамі гэтай самай радыёстанцыі. Калі я быў удзельнікам фэстывалю моладзі і студэнтаў у Хэльсынкі, то там мне дазволілі сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай эміграцыі. Сярод іх быў Цьвірка, зь якім мы сустрэліся, у нас было дзьве сустрэчы, трохі пагаманілі, я адпаведна быў настроены як добрасумленны прадстаўнік тагачаснай моладзі і вельмі насьцярожана, можа нават больш, чым насьцярожана... Ну, усё-ткі гэтае знаёмства адбылося, і мяне ўразіла тады ў Цьвірку тое, што — я не сказаў бы, што зь яго боку быў нейкі такі ўжо варожы настрой. Можа, з майго боку быў больш насьцярожаны, чым зь яго боку. Але мы гаварылі пра Беларусь, мы гаварылі пра літаратуру, і ён мне падарыў тады некалькі кніжак — на жаль, усе гэтыя кніжкі ў мяне кіраўніцтва нашай беларускай дэлегацыі забрала, а там былі „Тутэйшыя“, якіх я тады не чытаў, былі некаторыя іншыя рэчы. На жаль, я змог толькі іх, як кажуць, на хаду прагледзець. Так што былі вось такія сустрэчы, вельмі кароткія, але ўсё -ткі такая сустрэча была. Хаця, я паўтараю, я тады ня ведаў, што ён, Цьвірка, працаваў на радыёстанцыі».

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1978 году паслухайце фрагмэнт фэльетону Васіля Крыцкага. Чытае Антон Адамовіч.


***
1978 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву прысвоенае званьне Герой сацыялістычнай працы.
• Прынятая новая Канстытуцыя Беларускай ССР.
• У Менску адчынены самы вялікі ў Беларусі гарадзкі шпіталь — № 9.
• Уступіў у эксплюатацыю менскі завод шампанскіх вінаў.
• Адчынены Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы.
• У Заслаўі адкрыты Музэй рамёстваў і народных промыслаў.
• Уладзімер Кавалёнак другі раз у космасе ў самым даўгім на той час палёце — 140 сутак.
• У менскім кінатэатры «Мір» адкрытая першая ў Беларусі стэрэаскапічная кіназаля.

Менскі эфір 1978 году. Уладзімер Мулявін распавядае пра гастролі Песьняроў у Злучаных Штатах Амэрыкі:


Яшчэ адзін архіўны запіс 1978 году — гаворыць маці першага беларускага касманаўта Пятра Клімука:


********************

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — колішні старшыня Беларускага Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін. Перад гэтым Генадзь Мікалаевіч згадаў пра сваю сустрэчу з Уладзімерам Цьвіркам — на фэстывалі моладзі і студэнтаў у 1962 годзе ў Хэльсынкі. Уладзімер Цьвірка, зазначым, на той час быў ня так сабе супрацоўнікам, а дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Але Генадзь Бураўкін тады пра гэта ня ведаў...

«Гэта я даведаўся пазьней, бо пасьля, калі я ўжо ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР быў на Генэральнай асамблеі ААН і там я сустрэўся ўжо з многімі эмігрантамі. Там я тады пазнаёміўся ўпершыню зь Вітаўтам Кіпелем, з Шукелойцем, хоць здалёк, але таксама пазнаёміўся, зь Сяднёвым, трошачкі зь Янкам Запруднікам. Вось тады я й даведаўся, што аказваецца, Цьвірка — я бясспрэчна ўспомніў гэтую маю сустрэчу ў Хэльсінкі — і тады яны мне сказалі, што ён супрацоўнік радыёстанцыі „Свабода“».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Амэрыканскія беларусы на працягу паваенных дзесяцігодзьдзяў імкнуліся захоўваць традыцыі і мову...
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG