Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд зноў адхіліў скаргу Гэніка Лойкі наконт беларускай мовы

У Цэнтральным судзе Менска прайшоў судовы працэс пазову мастака Гэніка Лойкі супраць “Белінвэстбанка” за неналежнае выкарыстаньне беларускай мовы. Вынік нэгатыўны, як і ўчора.


Гэнік Лойка

Гэнік Лойка

13:59 11.4.2014
Лойка абскардзіць рашэньні Сямак

Гэнік Лойка:
«Гэта ж судзілішча. Засудзілі беларускую мову ў сьценах былога ліцэя. Але Ліцэй сюды яшчэ вернецца. І будзе суд над тымі, хто цяпер у гэтым судзе».

Лойка будзе падаваць апэляцыю на рашэньне суда, а таксама на дзеяньні судзьдзі Сямак, якая, паводле Лойкі, насуперак заканадаўству вяла працэс на дзьвюх мовах — расейскай і беларускай. Заканадаўства вымагае весьці працэс на адной мове.
13:06 11.4.2014
Скарга Лойкі зноў адхіленая

Судзьдзя Сямак адхіліла скаргу Лойкі на «Белінвэстбанк» за дыскрымінацыйнае стаўленьне да беларускай мовы, гэтаксама, які і ўчарашні ягоны пазоў да КДБ.
12:14 11.4.2014
Спрэчкі скончаныя

Прадстаўнік банку аспрэчвае, што ў дачыненьні Лойкі мела месца дыскрымінацыя:

«Яго абслужылі, ён сышоў з дамовай. Ніхто не абмяжоўвае Лойку ў выкарыстаньні беларускай мовы. Ён зараз размаўляе па-беларуску, у банку ён размаўляе па-беларуску, ніхто яго не абмяжоўвае. Няма ніякіх пытаньняў. Наяўнасьць дакумэнта на адной мове ня кажа, што ёсьць прыярытэт адной мовы над іншай».

Спрэчкі скончаныя. Судзьдзя выйшла выносіць рашэньне.
12:11 11.4.2014
Пачаліся спрэчкі

Лойка: «Мяне зьдзіўляе пазыцыя дзяржавы. Служачыя ўвесь час аддаюць перавагу другой дзяржаўнай мове. Спасылаюцца на тое, што ў нас дзьве роўныя мовы. Мы ў тупіку: адна мова адмаўляе другую. Хто тады мае права на сваю мову? Як нам тады паразумецца. Я думаю, што з гэтага тупіка нас выводзіць вось гэты дакумэнт. Я хацеў бы зачытаць некалькі сказаў. Дырэктыва прэзыдэнта № 2 Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата за 2006 год.

Пры прыняцьці рашэньняў, якія закранаюць правы і патрабаваньня грамадзян, няўхільна выконваць заканадаўства. У выпадку няяснасьці рашэньні павінныя прымацца сыходзячы з максымальнага ўліку інтарэсаў грамадзян. Мяне як грамадзяніна цікавіць беларуская мова. Вы маеце права весьці працэс на беларускай мове. Банк таксама мае права рабіць дакумэнты на беларускай мове. Дакумэнт за подпісам прэзыдэнта ўказвае, як трэба паступіць у спрэчнай сытуацыі».

Япішкін: «Я хацеў бы адзначыць яшчэ раз. Заяўнік не зусім правільна разумее нормы заканадаўства, якія права выкарыстаньня беларускай мовай прадстаўляюць у роўнай ступені, як і расейскай. Гэта не дае права патрабаваць ад іншых суб’ектаў каб зь ім размаўлялі на пэўнай мове. Гэта будзе супярэчыць і Канстытуцыі і закону аб дзяржаўных мовах».

Стэфановіч: «Канстытуцыя ўсталёўвае, што дзяржаўнымі мовам зьяўляюцца расейская і беларуская. Фармальна яны маюць роўны юрыдычны статус, закон аб мовах у 5 і 6 артыкулах гарантуе грамадзянам краіны свабоднае карыстаньне дзяржаўнымі мовамі РБ. Але практыка сьведчыць, што рэалізацыя грамадзянамі права свабодна карыстацца адной з дзяржаўных моваў, абмяжоўваецца.

Білінгвізм азначае, што дзяржава мусіць гарантаваць магчымасьць выкарыстаньня абедзьвюх моў найперш у дзяржаўных установах. Гэта ня права на ігнараваньне моваў. Наданьне перавагі адной мове ў параўнаньні зь іншай — гэта праява дыскрымінацыі. Канстытуцыйны суд таксама зьвяртаў увагу на гэтую праблему.

Мне складана ўявіць, якія цяжкасьці ўяўляе выданьне дамовы ў банку на беларускай мове. Я лічу, што мы маем прыклад клясычнай дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.
Так, беларускамоўныя грамадзяне складаюць меншасьць у краіне. Але паводле апошняга перапісу каля 20 працэнтаў заявілі, што карыстаюцца беларускай мовай дома ўвесь час.
Лічу, што дзеяньні „Белінвэстбанку“ парушаюць правы грамадзяніна Лойкі і прашу суд прызнаць дзеяньні банка незаконнымі і абавязаць банк заключыць дамову з грамадзянінам Лойкам на беларускай мове».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG