Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Макарэвіч: Украінцы самі разьбяруцца са сваімі нацыяналістамі


Андрэй Макарэвіч

Андрэй Макарэвіч

Расейскі сьпявак Андрэй Макарэвіч, які яшчэ ў лютым жорстка выказаўся супраць расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну, распавёў Радыё Свабода, што расейцы, на ягоную думку, ня маюць аб’ектыўнай інфармацыі пра ўкраінскія падзеі.

«Канечне, у выніку агіднай прапаганды, якая, як ні дзіўна, усяго толькі некалькі месяцаў у нас на тэлебачаньні прысутнічае, у мяне зьявілася адчуваньне, што прапаганда працуе. Самыя грубыя, самыя просталінейныя мэтады, на жаль, даюць свае вынікі. Нейкая частка насельніцтва апынулася ўразьлівай да гэтай справы. Гэта сумна, але ня больш за тое».

Макарэвіч па-ранейшаму лічыць памылкай выкарыстаньне расейскіх войскаў у Крыме:

«Я лічу, што было памылкай нават не прымяняць, а дэманстраваць наяўнасьць вайсковай сілы ў Крыме. Калі ў іх было такое вялікае жаданьне праводзіць рэфэрэндум, хай бы праводзілі. Калі было жаданьне аддзяляцца, хай бы аддзяляліся. Але прычым тут нашы войскі, мне абсалютна незразумела.

Сытуацыя ў Расеі нэрвовая. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, нашым людзям неабыякава. Мы вялікую колькасьць гадоў пражылі разам, і вялікую колькасьць гадоў пражылі адной краінай. Стаўленьне да таго, што адбываецца, у людзей рознае. А больш нічога не адбываецца. Даляр даражэе паступова.

На жаль, і я, і мы ўсе тут ня маем поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі. Тое, што ў нас распавядаюць, у мяне стопрацэнтнага даверу не выклікае. У мяне адчуваньне, што гэта аднабаковае і тэндэнцыйнае асьвятленьне падзеяў. А адтуль мы інфармацыі не атрымліваем.

Я лічу, што гэта іх (украінцаў) справа. Як бы ім не было там цяжка, я перакананы, што яны разьбяруцца. І са сваімі нацыяналістамі разьбяруцца, і з „Правым сэктарам“, і з гэтымі фашыстамі няшчаснымі, якімі нас тут так палохаюць, якіх там паўтара працэнты ці тры, ня ведаю колькі. Ня трэба нам туды лезьці. Гэта сёньня іншая краіна. Гэта сувэрэнная дзяржава з уласнай мяжой».

Украінскае пытаньне разам з расейскім народам падзяліла і расейскіх творцаў. Дзясяткі зь іх — ад Іосіфа Кабзона, сьпявачкі Валерыі да рэжысёра Паўла Лунгіна падпісалі лісты ў падтрымку анэксіі Крыма.

«Мне цяжка ўявіць сытуацыю, калі ў чалавека няма выбару, — адказвае Макарэвіч на пытаньне, у якіх умовах магло прымацца такое рашэньне. —Як можна чалавека прымусіць? Я зь цяжкасьцю сабе ўяўляю. Напэўна, калі ён залежыць ад нейкіх дзяржаўных структураў, то ёсьць страх, што ён чагосьці пазбавіцца. Я ніколі ня быў залежным ад дзяржавы. Але я магу казаць толькі за сябе. За іншых я адказваць ня буду».

Незадаволеныя выказваньнямі Макарэвіча ініцыявалі он-лайн пэтыцыю з патрабаваньнем забраць у музыкі ордэн «За заслугі перад Айчынай». Узнагароду чацьвёртай ступені Макарэвіч атрымаў яшчэ ў 2003 годзе ад прэзыдэнта Пуціна. Камэнтуючы траўлю, якая арганізаваная супраць яго ў Расеі, Макарэвіч адказвае:

«Нам не прызвычайвацца. Мы ўсё гэта праходзілі ў 70-я і ў 80-я».

Але канцэртам сьпевака пакуль у Расеі ніхто не перашкаджае:

«Учора адыгралі вялікі канцэрт у Санкт-Пецярбурзе. З гэтым пакуль усё спакойна».

Пазыцыя Андрэя Макарэвіча па ўкраінскіх падзеях ня стала нечаканасьцю. Летам 2012 году музыка нават напісаў Уладзімеру Пуціну адкрыты ліст, у якім зьвяртаў увагу на надзвычайны ўзровень карупцыі ў краіне. Расейскі прэзыдэнт адказаў музыканту на сайце той жа газэты «Маскоўскі камсамолец», дзе быў апублікаваны ліст. Яшчэ раней Макарэвіч асудзіў прысуд Pussy Riot.

За апошні час Макарэвіч запісаў некалькі вострапалітычных песень, найбольш вядомыя зь якіх — «Пуцін едзе ў Халуёва» і «Амапаўскі вальсок». Песьні аб’яднаныя ў альбом з красамоўнай назвай «Хроніка бягучых падзеяў». Менавіта такую назву меў самвыдатаўскі праваабарончы альманах, які выходзіў у Савецкім Саюзе.

Андрэя Макарэвіча часта бачаць на дэмакратычных мітынгах. Ён ўдзельнік акцыі «Кантрольная прагулка».

15 сакавіка Макарэвіч удзельнічаў у дэманстрацыі супраць вайны ва Ўкраіне, пасьля якой пакінуў у блогу наступны запіс: «В спину: „Андрюха! Жид Бандере продался!“. Боюсь, этот народ уже не спасти...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG