Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць «Полацкі сшытак» — беларускі сярэднявечны «рок-н-рол»


14 красавіка а 19-ай гадзіне ў Палацы вэтэранаў прэзэнтацыя «Полацкага сшытку» — артэфакту беларускай музычнай культуры.

14 красавіка а 19-ай гадзіне ў Палацы вэтэранаў прэзэнтацыя «Полацкага сшытку» — артэфакту беларускай музычнай культуры. Пры падтрымцы Радыё Свабода.

У 1960-х вядомы беларускі навуковец Адам Мальдзіс адшукаў у сховах Ягелёнскай бібліятэкі ў Кракаве (зь вернутых немцамі рабункаў ІІ-й сусьветнай вайны) унікальны збор нотных запісаў Сярэднявечча (ён быў замест кардону ўклеены ў адзін з Полацкіх кніжных фаліянтаў), а дагэтуль не згасаюць публікацыі ў навуковай і папулярнай прэсе пра яго.

Музычныя кампазыцыі гэтага збору выдаваліся на вінілавых кружэлках, кампакт-касэтах, CD ў Польшчы, Нямеччыне, Вугоршчыне, Украіне, Расеі, а ў 2012 годзе выйшаў канцэптуальны беларускі альбом, дзе сабраныя найлепшыя інтэрпрэтацыі гэтых твораў за ўсю гісторыю іх вяртаньня дамоў. 14 красавіка ў менскім Палацы культуры вэтэранаў (Я. Купалы, 21) адбудзецца чарговая маштабная прэзэнтацыя гэтага праекту.


Праект нагадвае аналягічны сучасны збор твораў беларускага сярэднявечча «Легенды Вялікага Княства», але істотнае адрозьненьне акурат у гістарычнасьці самой калекцыі, якая даказвае, што ў даўнія часы беларусы мелі разьвітую ня толькі царкоўную музыку, але й сьвецкую, лірычную, танцавальную. Часам дасьледнікі называюць «Полацкі сшытак» ажно зборам беларускіх рок-н-ролаў Сярэднявечча.
Часам дасьледнікі называюць «Полацкі сшытак» ажно зборам беларускіх рок-н-ролаў Сярэднявечча.​
На сёлетняй прэзэнтацыі альбому «Полацкі сшытак» выступяць найлепшыя ўдзельнікі праекту, які стаў апошнім творчым здабыткам прадусара гістарычнай музыкі Арыны Вележ (Вячоркі). Ейнай памяці і прысьвечана гэтая прэзэнтацыя, бо 14 красавіка — дзень яе нараджэньня.

Удзельнічаюць ня толькі каралі сучаснай мэдыяваль-плыні («Стары Ольса», «Brevis», «Contredance», «Testamentum Terrae»), але й першыя з тых, хто дакрануўся да нашага гістарычнага шэдэўру яшчэ ў савецкі час («Кантабіле»). Натуральна, прагучаць ня толькі творы з кружэлкі «Полацкі сшытак», але й шэраг аналягічных музычных знаходак.

Даведкі праз тэлефон (029) 649 08 88. Квіткі ад 70 000 да 130 000. Пакупнікам квіткоў па 110 000 і 130 000 — кампакт-дыск «Легенды Вялікага Княства» ў падарунак! Кропкі продажу квіткоў: пераход Я. Коласа, каса Палаца культуры вэтэранаў, kvitki.by, ticketpro.by і іншыя касы горада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG