Лінкі ўнівэрсальнага доступу

SHAPE: Расейскія войскі на мяжы з Украінай у поўнай баявой гатоўнасьці


Расейскія войскі на мяжы з Украінай знаходзяцца ў стане высокай гатоўнасьці і ў выпадку адпаведнага загаду дасягнуць украінскай тэрыторыі за 12 гадзін.

Пра гэта заявіў журналістам дырэктар крызіснага цэнтру Вярхоўнага камандаваньня ваеннымі сіламі НАТО ў Эўропе (SHAPE) брыгадзір Гары Дыкен (Вялікабрытанія).

«Мая ацэнка такая, што гэтыя сілы маюць магчымасьці і знаходзяцца ў стане высокай гатоўнасьці. Яны разьмешчаны блізка да дарог і сродкаў сувязі, у іх ёсьць рэсурсы хутка накіравацца ва Ўкраіну, калі будзе загад», — сказаў Дыкен.

Разам з тым, пра такія намеры расейцаў нічога не вядома.

Гаворачы пра магчымае прасоўваньне расейскіх войскаў да Прыднястроўя, Дыкен адзначыў, што «калі ацэньваць гэтыя падрыхтаваныя сілы, то, без сумневу, яны могуць нанесьці ўдар па ўсходняй Украіне і патэнцыйна яны могуць ісьці далей у напрамку Адэсы і згаданага вамі месца».

«Так, магчымасьці ёсьць, але мы ня ведаем, ці ёсьць намеры. Цяпер усё робіцца для дээскаляцыі сытуацыі, стварэньня ўмоў для дыпляматычнага мірнага ўрэгуляваньня», — адзначыў спадар Дыкен.
На пытаньне пра дзеяньні альянсу ў выпадку ўваходу расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну, Дыкен адказаў, што ў гэтым выпадку дзеяньні НАТО будуць накіраваныя на забесьпячэньне дасьведчанасьці пра сытуацыю і на гарантаваньне бясьпекі саюзьнікаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што меры альянсу «накіраваныя на саюзьнікаў, на калектыўную абарону».

Я не мяркую, што мы дыслякуем падразьдзяленьні ва Ўкраіне
«Я не мяркую, што мы дыслякуем падразьдзяленьні ва Ўкраіне» , — сказаў Дыкен.

Дырэктар крызіснага цэнтру назваў прысутнасьць расейскіх войскаў ля ўкраінскай мяжы «рэальным дэстабілізуючым фактарам».

Паводле Дыкена, Паўночна-атлянтычная рада ў бліжэйшыя тыдні абмяркуе пакет мераў, накіраваных на павелічэньне падтрымкі саюзьнікаў.

«Меры будуць прапарцыйныя пагрозе і будуць палягаць у гарантыях і моцным сыгнале», — адзначыў ён.

Гары Дыкен таксама паведаміў, што, паводле ацэнкі SHAPE, Расея пачала нарошчваць сваю прысутнасьць на межах з Украінай адначасова з падзеямі ў Крыме. Колькасьць расейскіх вайскоўцаў цяпер ацэньваецца ў 35-40 тысяч. Пры гэтым Дыкен не выключае, што ўмацаваньне расейскага флёту ў Крыме «можа быць пагрозай для Ўкраіны», перадае «Украінская праўда».

Тым часам разьмешчаны ў Бэльгіі штаб Вярхоўнага галоўнакамандуючага Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО ў Эўропе (SHAPE) выпусьціў пакет спадарожнікавых здымкаў для СМІ з дэталямі месцазнаходжаньня і тыпу расейскіх падразьдзяленьняў уздоўж мяжы з Украінай, перадае Інтэрфакс. Расейскія войскі ў Кузьмінцы, 45 км ад украінскай мяжы

Расейскія войскі ў Кузьмінцы, 45 км ад украінскай мяжы


Вярхоўны галоўнакамандуючы АУС НАТО Філіп Брыдлаў, які ў сваім Твітэры разьмясьціў спасылку на гэтую публікацыю, напісаў, што «расейскія войскі паблізу Ўкраіны цалкам аснашчаныя і здольныя да ўварваньня». Іх колькасьць дасягае 35-40 тысяч.

У НАТО заяўляюць, што неаднаразовае адмаўленьне гэтага факту расейскімі чыноўнікамі выклікае занепакоенасьць.

Раней намесьнік міністра абароны РФ Анатоль Антонаў назваў «страшылкамі» размовы пра ўзмацненьне расейскіх войскаў паблізу ўкраінскай мяжы.
XS
SM
MD
LG