Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Спаткай: «Ніхто не разглядае Беларусь адасобленым суб’ектам усясьветнага вайсковага права»


«Ваенны складнік падзеяў ва Украіне і ягоны магчымы ўплыў на Беларусь» — пад такой назвай адбылася нарада былых вайскоўцаў, вайсковых экспэртаў і ваенных гісторыкаў, арганізаваная кампаніяй «Гавары праўду».

Ці магчымае ўвасабленьне украінскага сцэнару на беларускай тэрыторыі, ці здольнае беларускае войска абароніць цэласнасьць краіны, ці трымаецца Беларусь дэкляраванага вайсковага нэйтралітэту?

У адказе на гэтыя пытаньні вайсковы гісторык і вэтэран памежных войскаў, палкоўнік Леанід Спаткай у прыватнасьці адзначыў: «Цалкам верагодна такая сытуацыя, калі камусьці захочацца „абараніць“ расейскамоўных жыхароў Віцебшчыны, праявіцца і ў Беларусі. Бо бальшыня нават цяперашняга кіроўнага складу ўзброеных сіл і сілавых структур, заканчвалі расейскія вайсковыя акадэміі. І гэты асабовыя фактары маюць вялікае значэньне: ва Ўкраіне, да прыкладу, камандуючы Чарнаморскага флоту за дзень перайшоў на бок Расеі — фактычна, на бок акупантаў. Хіба ў нас такое ня можа быць? Ніхто Беларусь не разглядае, як адасоблены суб’ект усясьветнага вайсковага права, а як частку вайскова-палітычнай прасторы Расеі».

У пытаньні ваеннага нэйтралітэту Беларусі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін у прыватнасьці сказаў: «Абмеркаваньне пытаньняў бясьпекі неабходна распачынаць з эканомікі: ў 1996 годзе Расея і Беларусь падпісалі пагадненьні аб эканамічных прэфэрэнцыях для Беларусі ўзамен на разьмяшчэньне на яе тэрыторыі расейскіх вайсковых базаў, а таксама аб магчымасьці выкарыстаньня Расеяй вайсковай інфраструктуры Беларусі. Гэткім чынам Расея атрымала ўскосны кантроль у рэгіёне ўзамен на эканамічныя прэфэрэнцыі. Ад гэтага часу казаць пра ваенны нэўтралітэт Беларусі не выпадае».
XS
SM
MD
LG