Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кастусёва абралі бурмістрам Шклоўскага магістрату


Шклоўская ратуша

Шклоўская ратуша

10 красавіка ў Шклове актывісты апазыцыйных арганізацыяў адзначылі гадавіну наданьня гораду Магдэбурскага права і стварылі Шклоўскі магістрат.

Гэтая грамадзкая ініцыятыва зоймецца пашырэньнем ведаў пра гарадзкое самакіраваньне. Саму ж імпрэзу актывісты зладзілі ў грамадзкім цэнтры, які месьціцца ў прыватным доме на Саборнай вуліцы.

Паводле кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага, гісторыя Шклова сьведчыць, што найбольшага эканамічнага, сацыяльнага і культурнага росквіту ён дасягнуў, будучы магдэбурскім горадам. Калі яго пазбавілі гарадзкога самакіраваньня і прывілеяў, нададзеных яму, кажа эканаміст, адбыўся заняпад гарадзкой гаспадаркі.

«На падставе гістарычных зьвестак мы зрабілі выснову, што жыхары Шклова жылі найбольш заможна ў часы магдэбурскага самакіраваньня», — апавядае Пётар Мігурскі.
Пётар Мігурскі

Пётар Мігурскі

«Досьвед разьвіцьця гораду ў тыя часы, — працягвае эканаміст, — павінен быць пакладзены ў падмурак будучага Шклова. Мы будзем прапагандаваць ня толькі гісторыю Магдэбурскага права і наданьня яго Шклову, але і садзейнічаць, каб сыстэма самакіраваньня стала больш аўтарытэтнай і вызначальнай для гораду і раёну, чым цяперашняя адміністрацыйная вэртыкальная форма кіраваньня».

Пётар Мігурскі адзначыў, што гадавіну наданьня Шклову Магдэбурскага права ўлада не заўважыла. Афіцыйных мерапрыемстваў з гэтай нагоды ў райцэнтры не праводзіцца. Арганізуючы сваю імпрэзу, апазыцыянэры да ўлады не зьвярталіся, каб разам адзначыць гэтую дату.

Бурмістрам Шклоўскага магістрату абралі намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
Аляксандар Грудзіна

Аляксандар Грудзіна

Паводле шклоўскага краязнаўцы і арганізатара імпрэзы Аляксандра Грудзіны, традыцыі адзначаць падзеі, зьвязаныя з часамі магдэбурскага Шклова, у райцэнтры не было. Сёньняшняя імпрэза, кажа краязнаўца, — запачаткаваньне такой традыцыі.

«Стаўленьне нашых мясцовых уладаў да гісторыі Шклова часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай дужа складанае, — зазначае Аляксандар Грудзіна. — Асноўную ўвагу яны аддаюць падзеям расейскай гісторыі Шклова. І ўсё, што выходзіць за яе межы, успрымаецца як ня наша гісторыя», — канстатуе краязнаўца.

Аляксандар Грудзіна кажа: з гістарычных крыніц вядома, што гэтак званае малое Магдэбурскае права Шклову надаў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторы ў 1577 годзе. 10 красавіка 1762 году кароль і князь Аўгуст Сас пацьвердзіў гэтае права і надаў гораду пячатку і герб: «У блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен». Гэты ж герб застаецца і гербам цяперашняга Шклова. Падчас імпрэзы шклоўскіх апазыцыянэраў. У цэнтры — Рыгор Кастусёў

Падчас імпрэзы шклоўскіх апазыцыянэраў. У цэнтры — Рыгор Кастусёў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG