Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік украінскай турфірмы: У галовах многіх крымчукоў — «савок»


Ігар Захарчанка

Ігар Захарчанка

У Менску праходзіць міжнародны кірмаш турыстычных паслугаў «Адпачынак-2014». Сёлетні сэзон патрабуе ад беларусаў істотнай карэкціроўкі плянаў — найбольш папулярны крымскі кірунак з-за расейскай агрэсіі аказаўся згорнутым. Між тым нешматлікія ўкраінскія кампаніі, прадстаўленыя на выставе, намагаюцца прапанаваць патэнцыйным турыстам адэкватныя заменьнікі. Пра пэрспэктывы турыстычнага рынку ва ўмовах расейскай «прыватызацыі» Крыму расказаў генэральны дырэктар турыстычнай сеткі «Феєрія мандрів», адной з найбуйнейшых ва Ўкраіне, Ігар Захаранка.

— Спадар Ігар, якія карэктывы ўнесла ў працу турыстычнай індустрыі расейская акупацыя Крыму? Сэзон, як сьцьвярджаюць некаторыя прадстаўнікі галіны, для паўвострава сапраўды правалены?

— Само сабой, я крымчукам жадаю толькі ўсяго самага лепшага, але ўсё ж думаю, што ўсё будзе вельмі дрэнна. Якія б ні былі абяцаньні з боку Расеі, многія людзі папросту пабаяцца ехаць у Крым. Украінцы калі і паедуць, то гэта яўна ня будзе масава — а як ні круці, 75% тых, хто адпачываў у Крыме, былі грамадзяне Ўкраіны. Цяпер украінцы ўжо шукаюць іншыя варыянты. Што тычыцца і расейцаў, і беларусаў, то, колькі я размаўляў са сваімі знаёмымі, з кіраўнікамі турфірмаў, яны нават не зьбіраюцца закладаць гэты маршрут, бо гэта не прынясе ніякай аддачы. Парадаксальна, але няма нават спосабу, як туды дабрацца. То бок, атрымліваецца, што можна трапіць толькі цягніком, аднак многія баяцца ехаць ня тое што ў Крым, а чамусьці баяцца ехаць нават праз Кіеў. Вядома, тое, што адбываецца ў Крыме, — для іх гэта страшна, і яны схіляюцца да думкі, што калі нават і ехаць ва Ўкраіну, то ў тую ж Адэсу, у тую ж Кірылаўку. Ці адразу адляцець у Баўгарыю, Грузію, Грэцыю. Альтэрнатыўных прапаноў цяпер шмат. Я думаю, што ўсё будзе досыць сумна для Крыму.
— То бок, калі крымчукі радаваліся «вызваліцелям», у той момант пра страту турыстаў папросту ня думалі?

— Жыхарам Крыму спатрэбіцца яшчэ нейкі час дзеля таго, каб зразумець, якую памылку яны зрабілі. Бяда ў тым, што ў галовах шмат якіх людзей там — «савок», Савецкі Саюз. Людзі павінны проста цьвяроза падумаць, усё ацаніць. Ведаеце, гэта як чалавеку, які дапіўся да белай гарачкі, патрэбна лячэньне. Але пакуль ён сам, умоўна хворы чалавек, гэтага не зразумее, яму ніякія іньекцыі не дапамогуць. Тое самае і ў нашым выпадку: калі крымчукі нарэшце зразумеюць маштаб таго, што здарылася, пачнуць ачуньваць, захочуць лекавацца, то вынік, напэўна, будзе станоўчы. Справа ў тым, што ў Крыму была рэальная магчымасьць стаць сапраўды незалежным ня столькі ў палітычным сэнсе, колькі ў галіне турызму — разьвівацца, ператварыцца ў папулярны міжнародны курорт, куды б ехалі людзі з усяго сьвету. Ну, а зараз адзіныя турысты, якія могуць туды прыехаць, — гэта расейцы. Тым больш для замежнікаў цяпер гэта будзе візавая тэрыторыя: калі Ўкраіна для іншаземцаў бязьвізавая, то Расея — візавая.

— Як вам агучаная ў Маскве ідэя стварыць у Крыме аналяг Лас-Вэгасу?

— Найперш, для гэтага запатрабуецца вельмі шмат грошай. Надзвычай шмат. Ідэя сама па сабе добрая. Але такая магчымасьць была б нашмат большай, каб тэрыторыя цяпер была аўтаноміяй у складзе Ўкраіны. Зрэшты, да гэтага ўсё ішло, бо і ў мяне, і ў маіх сяброў таксама былі такія пляны, мы гэтым таксама займаліся, ужо малявалі праекты для Крыму і г.д. Магчыма, занадта марудна. Ну, а зараз? Гэта ў нейкай ступені можа быць як Лас-Вэгас, але толькі зноў жа — туды хто паедзе? У асноўным расейцы, наўрад ці хто яшчэ.

— Увогуле, які сэнс расейцам ехаць у Ялту, калі ў іх ёсьць Сочы? Пры тых жа коштах, але ўжо з нашмат лепшай інфраструктурай...
Там трэба цалкам мяняць інфраструктуру, але яшчэ важней — памяняць сьвядомасьць людзей
— У тым уся і справа. Паступова Крым перастаў адпавядаць якасьці за прапанаваны кошт. Адпачынак там сапраўды стаў вельмі дарагі, тады як сэрвіс, на жаль, заставаўся жахлівы, дый мора, шчыра кажучы, ня вельмі. Прырода — справа іншая: экскурсіі, горы, клімат. Але вада! Варта разгуляцца шторму, глыбінныя воды ўздымаюцца, і тады вада зусім халодная. Нават мае сябры, сваякі колькі разоў езьдзілі, праз раз прыяжджалі хворыя, асабліва дзеці. Абавязкова падхопяць нейкую палачку, кішэчны грыб і г. д. А калі Крым яшчэ стаў і расейскім, то ўсе знаёмыя хорам сказалі, што цяпер будуць езьдзіць у іншыя месцы, за мяжу. Таму што гэта і таньней, і выгадней, і нашмат лепш. То бок там трэба цалкам мяняць інфраструктуру, але яшчэ важней — памяняць сьвядомасьць людзей. Пакуль яны не прыбяруць саўковасьць з галавы, пакуль не пачнуць думаць ва ўсясьветных маштабах, прынамсі па-эўрапейску, то нічога ў іх не атрымаецца. Таму найперш трэба цалкам разьвярнуць сьвядомасьць у бок цывілізацыі. Іншая справа, ці рэальна гэта пры новай уладзе.

— Офіс вашай кампаніі месьціцца ў Кіеве, а што сталася з крымскімі філіямі?

— Так, я жыву ў Кіеве, але днямі паспрабую паехаць у Крым, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там і як. Балазе, пакуль уезд туды для ўкраінцаў нібыта бязьвізавы, як і ў Расею. Еду цягніком, таму што самалёты з Кіева не лятаюць, а праз Маскву я, вядома, ляцець ня буду. Прынамсі паспрабую цягніком, якраз апішу, падзялюся потым зь сябрамі ўражаньнямі ад сваёй паездкі. Дарэчы, у сяброў, якія там пабывалі раней, уражаньняў зь ліхвой. Адных ледзь не забілі, калі расстрэльвалі аўтобус, знаёмая дзяўчына была вымушаная ўцякаць, бо дапамагала ўкраінскім салдатам, якія служылі ва ўкраінскіх крымскіх злучэньнях. То бок быў і перасьлед, і ледзьве ўцяклі — рэальная пагроза для жыцьця. Таму галоўнае — перайсьці мяжу, а там ужо прымуць добра, бо толькі ў мяне ў Крыме пяць франчайзінгавых агенцтваў. У нас шмат турыстаў, якія ня хочуць прымаць расейскае грамадзянства, якія хочуць жыць ва Ўкраіне. Вось і еду адмыслова, каб іх супакоіць, паказаць, што ў пляне турызму ў Эўропу, па ўсім сьвеце нічога для іх не зьмяняецца. То бок, калі ў крымчукоў украінскі пашпарт, мы ім у Кіеве адкрываем візы без аніякіх праблемаў, і яны дакладна гэтаксама падарожнічаюць. Адзінае, што калі адлёт з Кіева, то цяпер яны змогуць дабрацца да аэрапорту толькі цягніком, а калі нейкія далёкія краіны, то могуць ляцець праз Маскву тым жа «Аэрафлётам». Паўтаруся, год будзе вельмі складаны, і многія нарэшце «празрэюць». Дый ужо паступова празраваюць, а выхад са ступару будзе асабліва пакутлівым. Украінскі стэнд на «Адпачынку-2014»

Украінскі стэнд на «Адпачынку-2014»


— У адсутнасьць Крыму на чым у гэтым сэзоне будзе сканцэнтравана ўвага вашай турыстычнай кампаніі?

— Перш за ўсё, мы прапануем экскурсійныя туры па Эўропе, а ўвогуле — па ўсім сьвеце. На выставе ў Менску мы пазыцыянуемся як украінскае агенцтва, але насамрэч мы міжнародная кампанія, у якой ёсьць офісы і прадстаўніцтвы шмат у якіх краінах сьвету. Таму прапануем экскурсійныя туры ў самыя розныя куткі — Эўропа, Азія, Амэрыка. Фактычна для людзей з усяго сьвету. То бок мы аб’ядноўваем украінцаў, беларусаў, расейцаў, казахаў; аб’ядноўваем левых, правых, чырвоных, белых; аб’ядноўваем Кіеўскі патрыярхат, Маскоўскі патрыярхат і г. д. Вось такая наша першачарговая місія. Калі вас цікавіць менавіта Ўкраіна, то мы ладзім цэлы шэраг тураў. Найперш, гэта прыём у Кіеве. Таксама гэта Адэса, гэта Заходняя Ўкраіна — Львоў і Закарпацьце. Ну, і адпачынак. Але адпачынак зараз — гэта ў асноўным альбо Адэса, раён Кірылаўкі, альбо нейкая іншая альтэрнатыва Крыму. Таму што многія папросту ня хочуць ехаць у Крым, і я ўжо збольшага патлумачыў, чаму. То бок усё больш і больш турыстычных кампаніяў прапануюць іншыя варыянты. Апроч адпачынку ў самой Украіне, напэўна, самая клясная альтэрнатыва Крыму — гэта бязьвізавая Грузія, бязьвізавая Чарнагорыя, а таксама навінка сэзону — Альбанія, якую мы таксама арганізуем з Украіны. Была і застаецца Турэччына, але гэта ўсё ж крыху даражэй.
XS
SM
MD
LG