Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Халоднае крыло Радзімы» Бяляцкага


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Рыхтуецца да выданьня новая кніга палітвязьня Алеся Бяляцкага «Халоднае крыло Радзімы».

Кнігу складуць публіцыстычныя працы Бяляцкага, палова зь якіх напісана ў турме. Назву абраў сам праваабаронца Алесь Бяляцкі.

«Назва шматзначная. Чаму крыло „халоднае“ — зразумела. І Радзіма тут выглядае птушкай — зязюляй? чайкай? І зязюляй, бо не глядзіць сваіх дзяцей, і чайкай, бо ў іх, калі яны ляцяць, крылы срэбныя спадыспаду, калі глядзець на яе, і адліваюць на сонцы холадам. І такое крыло пакуль ня грэе сваіх птушанятаў, пад якімі можна разумець усіх, хто ходзіць і жыве пад яе крылом», — напісаў палітвязень у лісьце да ўкладальніцы кнігі Паліны Сьцепаненкі.

У кнігу «Халоднае крыло Радзімы» ўвойдуць занатоўкі, эсэ, інтэрвію і ўспаміны.

«Палова напісана ў турме — успаміны пра дзяцінства, Сьветлагорск, унівэрсытэт, пра кансьпіратыўную дзейнасьць у 80-я гады. Таксама ў кнізе ёсьць дакумэнты таго часу. Гэта чыстая публіцыстыка, упершыню сабраная ў адной кнізе, без купюр. Спадзяемся, што кніга выйдзе ў сьвет сёлета. Назву падбіралі доўга. Алесь любіць такія мэтафарычныя назвы», — апавядае карэспандэнту Свабоды Паліна Сьцепаненка.

«Халоднае крыло Радзімы» — гэта фактычна працяг зборніка літаратуразнаўчых артыкулаў «Асьвечаныя Беларушчынай».

«Халоднае крыло Радзімы» — чацьвёртая кніга Алеся Бяляцкага. Раней выйшлі літаратуразнаўчая манаграфія «Літаратура і нацыя» (1991), кніга нарысаў і эсэ «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера» (2006), «Асьвечаныя Беларушчынай» (2012).

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня нібыта за ўтойваньне прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы. Алесь Бяляцкі даводзіў суду, што атрыманыя грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Трымаюць Алеся Бяляцкага ў бабруйскай калёніі.
XS
SM
MD
LG