Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1976 год. Савецкія ўлады пачалі расчароўвацца ў карысьці Гэльсынкскага Акту, які, на іхнае спадзяваньне, меўся стабілізаваць межы паваеннай Эўропы і такім чынам умацаваць сацыялістычны лягер. Аднак галоўным вынікам акту сталася ўзмацненьне дысыдэнцкага руху, які пачаў штораз болей выкрываць парушэньні дэкляраваных у акце правоў чалавека у Савецкім Саюзе ды іншых сацыялістычных краінах. Радыё Свабода шмат увагі надавала вытлумачэньню адпаведных пунктаў Заключнага Акту, а таксама зьменам, якія савецкі рэжым мусіў правесьці ў адпаведнасьці з Актам. Радыё падрабязна асьвятляла дзейнасьць праваабарончых гэльсынкскіх групаў, якія ўзьніклі ў розных краінах пасьля абвяшчэньня Заключнага Акту.

1976 год прынёс важныя структурныя зьмены — 1 кастрычніка адбылося злучэньне дзьвюх радыёкарпарацыяў — Свабодная Эўропа і Камітэт Радыё Свабода — у адну супольную карпарацыю. Радыё Свабода пераяжджае ў новы пашыраны комплекс Радыё Свабодная Эўропа ў будынкі былога вайсковага шпіталя ў Ангельскім парку ў Мюнхэне. Злучэньне гэтае было надзвычай складаным мерапрыемствам, якое патрабавала каардынацыі дзеяньняў дзьвюх арганізацыяў з зусім адрознай структурай і філязофіяй.

Пасьля кароткага зацішша ў сваецкім друку зноў аднавіліся нападкі на Радыё Свабода. Вось некалькі характэрных загалоўкаў публікацыяў 1976 году:


ПАКЛЁПНІКІ-АНТЫСАВЕТЧЫКІ, НАСУПЕРАК ІНТАРЭСАМ РАЗРАДКІ, АСІНЫЯ ГНЁЗДЫ ПАКЛЁПНІКАЎ, ПАКЛЁПНІКІ І ДЫВЭРСАНТЫ Ў ЭФІРЫ, ПАКЛЁПНІКІ НА ДАТАЦЫІ КАНГРЭСУ, ПАКЛЁПНІКІ ЗЬ МЮНХЭНА.

Як бачым, у загалоўках, а таксама ў зьмесьце, вялікай разнастайнасьці не назіралася. Новай тэмай сталіся, хіба што, сьведчаньні агентаў усходніх спэцслужбаў, якія, папрацаваўшы нейкі час у розных рэдакцыях радыё, вярталіся ў свае краіны і выступалі ў друку з выкрывальніцкімі артыкуламі — гэткія як паляк Анджэй Чаховіч, чэх Павал Мінаржык, баўгарын Хрысан Хрыстаў ды іншыя. Аднакі і іхныя паказаньні часьцяком выглядалі як напісаныя паводле аднаго трафарэту.

*****

Сёньня — як і ў мінулай перадачы, з намі працягвае дзяліцца ўспамінамі колішняя супрацоўніца нашага радыё Ларыса Урбан, якая ў 70-90-х гадох выступала на нашых хвалях пад імем Ларыса Верас. Ларыса Урбан параўноўвае сытуацыю з падзелам працы на радыё ў 70-х, 80-х і 90-х гадох.


«У "першай фазе" маёй працы, што я згадала, быў вельмі строгі падзел, кожны меў сваю дзялянку, якую ён апрацоўваў — спадар Сянькоўскі займаўся эканомікай, Стась Станкевіч культурай, адзін наш супрацоўнік у Амэрыцы пісаў фэльетоны, Барэйка займаўся гісторыяй. І гэта было вельмі правільна, бо кожны меў сваю дзялянку, у якой ён арыентаваўся — ён сачыў за прэсай, тады ж яшчэ не было такога кантакту, як цяпер, што можна было патэлефанаваць, нешта даведацца на месцы. У нас самае галоўнае была прэса, якую трэба было апрацоўваць. Потым гэта неяк пачало сьцірацца і набыло такі характар, што кожны рабіў усё. Менавіта той пэрыяд, як я ўжо перад гэтым сказала, быў менш цікавы, хоць з журналістычнага пункту гледжаньня ён быў, мабыць, і актуальны, але ён ня быў гэткім зьмястоўным. І потым ужо вось трэцяя фаза была, відаць, самая цікавая — жывое супрацоўніцтва зь Менскам».

Фрагмэнт праграмы 1976 году — пра водгукі аб сьмерці Івана Мележа ...


***
Год 1976 у сьвеце

Палітыка

Пол Пот становіцца дыктатарам Камбоджы. — Ізраільскі спэцназ вызваляе больш за 100 закладнікаў на лётнішчы ва Ўгандыйскім горадзе Энтэбэ. — Памірае кітайскі лідэр Мао Цзэдун. — Спыняецца 19-месячная грамадзянская вайна ў Лібане. — Злучаныя Штаты Амэрыкі адзначаюць 200-годзьдзе. — Прэзыдэнтам ЗША абраны дэмакрат Джымі Картэр. — Дысыдэнт Уладзімер Букоўскі абменены на лідэра чылійскай кампартыі Луіса Карвалана.

Навука i тэхналёгія

Кампаніі Air France i British Airways распачынаюць рэгулярныя камэрцыйныя грузаперавозкі на звышгукавых самалётах «Канкорд». — ВМС ЗША выпрабоўваюць крылатую ракету Тамагаўк. — У Кеніі знойдзены чэрап чалавека віду Homo erectus векам 1,5 мільёна гадоў. — Заснаваная кампанія Apple Computer. — Касьмічны зонд Вікінг-2 дасылае першыя каляровыя здымкі паверхні Марса.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная амэрыканскаму пісьменьніку Солу Бэлаў.

Папулярная культура і музыка

На экраны выходзяць фільмы «Рокі» з Сыльвэстрам Сталонэ і «Таксіст» з Робэртам дэ Ніра. Распадаецца гурт Deep Purple. Элвіс Прэзьлі запісвае сваю апошнюю песьню Way Down.

У 1976 годзе паміраюць пісьменьніца Агата Крысьці, пісьменьнік Андрэ Мальро, актор Жан Габэн, філёзаф Марцін Гайдэгер.

Песьня году — Queen / Bohemian Rhapsody.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў Ларысы Урбан. Ці былі ў 70-х гадох хоць якія кантакты са слухачамі?

«Наколькі мне вядома, такіх кантактаў не было, мы толькі атрымлівалі час ад часу статыстычныя дадзеныя, сабраныя нейкімі больш сакрэтнымі ўстановамі, і там можна было прасачыць. А ў нас непасрэдных нашых слухачоў вельмі рэдка нехта сустракаў пры нейкіх нагодах, фэстывалях — скажам, быў фэстываль моладзі ў Вене ці ў Стакгольме, і некаторыя з нашых супрацоўнікаў сустракаліся, і я асабіста таксама. Але гэта на каго трапіш, усё ж такі ня ўсе ў Беларусі і слухалі нас. Ну, рэакцыя была шокавая, калі можна так сказаць... Ясна, што яны не хацелі з намі сустракацца, а калі сустракаліся — а ясна, што былі сустрэчы, і вельмі цікавыя — гэта ўсё было абсалютна сакрэтна, каб ніхто не даведаўся, хоць я прыпушчаю, што ўсё роўна аб гэтым даведваліся, але мы ўжо гулялі ў гэтую гульню і сустракаліся сапраўды вельмі патаемна. У Вене былі гэткія сустрэчы зь беларусамі зь Менску, сустрэчы былі цікавыя, яны і па голасе некаторых адразу пазналі — так што яны нас слухалі. Яшчэ ў той час Галя Руднік чытала, яны яе вельмі добра ведалі. Сустрэчы былі вельмі сяброўскія, калі яны дакладна ведалі, што за імі ня сочаць. Але як пачыналася знаёмства — яно заўсёды было вельмі „хадульнае“ і для іх даволі небясьпечнае».

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1970 году паслухайце фрагмэнт літаратурнай перадачы:


***
1976 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Здадзеная ў эксплюатацыю вялейска-менская водная сыстэма.
• Заснаванае Беларуская таварыства «Радзіма» для сувязі з суродзічамі за мяжою.
• Жодзінскі завод Белаз выпусьціў сэрыйны 75-тонны самазвал.
• Заснаваны Беларускі дзяржаўны музэй народнага дойлідзтва і побыту ў Строчыцы.
• У аўтамабільнай катастрофе загінуў старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Фёдар Сурганаў.

А зараз — менскі эфір 1976 году.


***

Сёньня ў нас у гасьцях Ларыса Урбан, якая працавала ў мюнхэнскім бюро Радыё Свабода ад сярэдзіны 70-х да сярэдзіны 90-х і выступала на нашых хвалях як Ларыса Верас. Ларыса Урбан распавядае пра моўнае пытаньне на радыё...

«Як я толькі прыйшла ў рэдакцыю, мова была яшчэ вельмі беларуская. Потым ужо, у „другой фазе“ маёй працы, у нас пачалі зьяўляцца новыя супрацоўнікі зь Беларусі, і яны ўнесьлі вельмі шмат русыцызмаў і савецкай музыкі ў мову. Так што для мяне „першая фаза“ была самая плённая, хоць там, як я ўжо казала, Язэп Барэйка гаварыў вельмі архаічнай, мабыць, ня ўсім зразумелай мовай, але яна ўсё ж такі была вельмі цікавая, гэта была, калі можна так сказаць, моўная мазаіка. Стась Станкевіч таксама. Але я больш прытрымлівалася — а таксама Сянькоўскі, Цьвірка, якія былі больш-менш маімі настаўнікамі — той мовы, якая, як нам потым гаварылі, была быццам „эмігранцкая“, але, мне здаецца, у параўнаньні зь цяпер яна была самая лепшая. Такая, як і вы цяпер гаворыце».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы з сэрыі Гавораць савецкія грамадзяне...
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG