Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гарадзенскім рынку: «Кавалак сала ўжо ня купіш...»


Пустыя вітрыны на Цэнтральным гарадзенскім рынку

Пустыя вітрыны на Цэнтральным гарадзенскім рынку

Больш за 30% прадпрымальнікаў, якія гандлююць мясам на Цэнтральным рынку ў Горадні, прыпынілі дзейнасьць. Прадпрымальнікі кажуць, што неўзабаве іхні бізнэс можа ўвогуле зьнікнуць: рост цэнаў, наступствы афрыканскай чумы і забарона імпарту з Польшчы і Літвы — галоўныя прычыны.

На крытым Цэнтральным рынку ў Горадні вельмі заўважна апусьцелі мясныя рады. Новыя шкляныя вітрыны зь лядоўнямі шмат дзе зусім пустыя. Не чуваць, як сякерай расьсякаюць тушы. Незадаволеныя пакупнікі ходзяць па коле, круцяць насамі і нічым не цікавяцца ў гандляроў.

Прадпрымальнік Уладзімер тлумачыць, што многія ягоныя калегі ня толькі прыпынілі гандаль, а наагул паздавалі месцы на рынку і кінуліся шукаць іншай працы — ня стала адкуль браць мяса для гандлю:

«У насельніцтва сьвіней павырэзвалі ў сувязі з афрыканскай чумой, надалей забараняюць трымаць. А куды дзяецца мяса з комплексаў — невядома. Сёньня мы заказвалі на мясакамбінаце на заўтра, але нам адмовілі, сказалі, што няма».

Дадае яшчэ адна прадпрымальніца, спадарыня Алена:

«Мы раней працавалі з прыватнымі гаспадарамі, а цяпер толькі з СПК і мясакамбінатамі, а там трэба ў чаргу станавіцца. Вось сёньня прывезьлі з гарадзенскага мясакамбінату, а на заўтра не бяруць заявак — няма мяса».

Маладзенькая прадпрымальніца спадарыня Агата тлумачыць мне не пад запіс: адчувальныя праблемы ў іх пачаліся пасьля таго, як напрыканцы студзеня мясныя паўфабрыкаты выключылі са сьпісу сацыяльна значных тавараў, і цэны на іх практычна пачалі вызначаць СПК і мясакамбінаты.

Спадарыня Агата кажа, што цэны падвысіліся прыкладна на 20%, бо мясакамбінатам і СПК зручней прадаваць прадпрымальнікам што даражэйшае. І цяпер мяса ў крамах каштуе таньней, чым на рынку.

А яшчэ сытуацыю ўскладніла тое, што з пачатку году дзейнічае часовая забарона на ўвоз мяса з краінаў ЭЗ — таксама з прычыны афрыканскае чумы.
Бачу, што побач зь мясной крамай СПК стаяць у чарзе людзі, пытаюся — чаго яны чакаюць?

— Мяса чакаем...

— Мяса чакаем, есьці хочам...

— Вы 22-гі будзеце...

Карэспандэнт: «А ў краме хіба таньней?»

— Так, таньней, бо сёньня філейка ў прадпрымальнікаў 90 тысяч за кіляграм, а тут 44 было. Пару дзён таму было 70 тысяч у прадпрымальнікаў, а ўчора ўжо 90.

Загаварылі пра якасьць мяса. Спадарыні кажуць, што нельга нават параўноўваць тое, што прадавалі з прыватных гаспадарак, і тое, што возяць цяпер з СПК і мясакамбінату:

— Ды што вясковы кавалак, а што гэты... Ой, яшчэ якая розьніца...

— Ды чым там кормяць скаціну... Вось зь мясакамбінату мяса цьвёрдае, нясмачнае...
Ды чым там кормяць скаціну... Вось зь мясакамбінату мяса цьвёрдае, нясмачнае

Пытаюся — ці замяняеце мяса іншымі харчамі?

— Кавалак мяса ня зьеў — і няма здароўя. Можна, вядома, замяніць, але калі яго зьясі, то адразу адчуеш, а так у лядоўню праз 2 гадзіны зноў лезь...

Прадпрымальнікі прагназуюць, што бліжэйшым часам цэны на мяса яшчэ падымуцца, хоць яго якасьць зьмянілася заўважна. Кажа спадар Уладзімер:

«Цяпер у нас ня знойдзеш нават сала, каб яно было асмаленае. Людзі прывыклі, каб скурка была, бо мы ж беларусы, мы павінны бачок засаліць, а ў нас яго няма. На падворках калоць забаранілі, а ўзамен нічога не далі, сёньня ў вобласьці нідзе не асмаліш сьвіньню. Я тут з 98 году працую, і заўсёды мяса хапала, нават у самыя цяжкія часы, калі наша дзяржава толькі на ногі станавілася. А цяпер і жывём, здаецца, лепей, а мяса няма».

Пра сваю будучыню прадпрымальнікі кажуць пэсымістычна:

Спадарыня: «Напэўна, ужо сканчаецца гэты наш бізнэс. Дый мяса ўжо ня тое, што было ад прыватных гаспадароў...»

Спадар: «Ведаеце, ніякай будучыні ў нас няма. Мы нават ня можам казаць пра тое, што будзе заўтра...»
XS
SM
MD
LG