Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін перайшоў да сталінскай філязофіі выжываньня, — Шаўцова


Лілія Шаўцова

Лілія Шаўцова

Як зьберагчы Ўкраіну, а затым — сыстэму эўрапейскай бясьпекі — ад агрэсіі Крамля? Ці здольны Захад абараніць дэмакратычныя каштоўнасьці, а Ўкраіна — сваю незалежнасьць перад верагодным «перакройваньнем» сьвету па-пуцінску?

Гэтыя і іншыя пытаньні ў Кіеве цяпер абмяркоўваць удзельнікі Кіеўскага форуму. Адна зь яго удзельніц, вядучы экспэрт маскоўскага цэнтра «Карнэгі» Лілія Шаўцова апавяла ў інтэрвію ўкраінскай службе

Радыё Свабода пацікавілася, што, на яе думку, адбываецца ў Расеі, і ці можна засьцерагчыся ад агрэсіўнай зьнешняй палітыкі прэзыдэнта Пуціна:

— Калі казаць пра агульную сытуацыю ў Расеі, дык можна паставіць наступны дыягназ: Пуцін Уладзімер Уладзімеравіч і палітычная кляса, якая яго падтрымлівае, стварылі новы палітычны рэжым. Па-сутнасьці, яны перайшлі да новай філязофіі выжываньня — краіны і рэжыму. Гэтая філязофія выжываньня вельмі падобная да той, якую спавядаў Іосіф Сталін. Яе прыкметы — стварэньне вобразу Расеі як крэпасьці, якую атачаюць ворагі, якой пастаянна пагражаюць унутраныя і зьнешнія ворагі. І гэта пераносіць Расею ў 30- я гады мінулага стагодзьдзя.

— А якое месца адведзенае ў гэтай філязофіі выжываньня пуцінскага рэжыму Украіне?

— Украіна для Ўладзімера Пуціна і для Крамля стала своеасаблівым пляцдармам, альбо лябараторыяй. Тут Пуцін спрабуе прадэманстраваць усю моц так званай «новай Расейскай імпэрыі». Адначасова Ўкраіна — гэта мэтад ці сродак для дэманстрацыі расейскаму грамадзтву і ўсяму сьвету, як Пуцін і Масква могуць выпальваць Майдан, зьнішчаць яго — у розуме, у сэрцы, у рэальнасьці. І гэта робіцца ня толькі дзеля таго, каб напалохаць украінцаў, а каб запалохаць расейцаў раней.

— Зараз украінскі Майдан рыхтуецца даць адпор Пуціну ў выпадку неабходнасьці. Як Вы лічыце, як украінская грамадзкасьць можа — і ці можа — спыніць агрэсію Крамля?

— Я належу да апазыцыйных расейскіх лібэралаў і ня ўпэўненая, маю што права даваць украінцам нейкія парады. Тым ня менш, я рызыкну — як спэцыяліст па пытаньнях бясьпекі, напрыклад — рэкамэндаваць украінцам быць цьвярозымі. Украінскаму грамадзтву патрэбная цьвярозая ацэнка сытуацыі, у якой знаходзіцца Ўкраіна. Бо на самай справе Ўкраіна знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі, у якой ёй давядзецца жыць ня год і ня два, а невядома колькі часу. Маю на ўвазе, што Ўкраіна жыве побач, мяжа ў мяжу, зь вельмі небясьпечнай сыстэмай, якая мае вельмі небясьпечную філязофію выжываньня, як я казала вышэй. З сыстэмай цынічнай, непрадказальнай, гатовай штосэкунду зьнішчаць украінскую дзяржаўнасьць.
Украіна знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі, у якой ёй давядзецца жыць ня год і ня два, а невядома колькі часу


— Ці мае Ўкраіны саюзьнікаў у барацьбе з гэтай сыстэмай?

— Для дээскаляцыі ўкраінскага крызісу, як пра гэта кажуць у ЗША і ў сталіцах Эўразьвязу, — менавіта Захад і зьяўляецца саюзьнікам Украіны. Але пакуль прапанаваныя Захадам санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў і палітыкаў недастатковыя. Так, яны балючыя, але яны не даходзяць непасрэдна да Ўладзімера Пуціна. Мне здаецца, што ўлада ў Кіеве павінна, па-першае, патрабаваць дзейсных санкцыяў менавіта супраць прэзыдэнта Расеі Пуціна і яго бліжэйшага атачэньня. Па-другое, вы мусіце патрабаваць ад Захаду разбурэньня тых схемаў адмываньня грошай, якія выкарыстоўваюць расейскія, украінскія, казахстанскія алігархі на Захадзе.

А па-трэцяе, вы павінны правесьці прэзыдэнцкія выбары 25 траўня, як бы Масква не спрабавала гэтаму перашкодзіць. Выбары легалізуюць новую кіеўскую ўладу і дазволяць палітыкам і грамадзкасьці Ўкраіны гаварыць на поўны голас. І, нарэшце, трэба на карысьць Кіева выкарыстаць заплянаваныя на наступны тыдзень перамовы ў фармаце «Расея — ЭЗ — ЗША — Украіна». Украіна мае адстаяць свае інтарэсы, інтарэсы сваіх грамадзянаў і не пагаджацца, напрыклад, на фэдэралізацыю, якая навязваецца Масквой. Гэта значыць, коратка кажучы, вам сапраўды неабходныя цьвярозы розум, разьлік і стварэньне ўласнай філязофіі выжываньня і разьвіцьця.
XS
SM
MD
LG