Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віртуальныя дывэрсанты і сэпаратысты «Русской весны»


Пакуль дзясяткі расейскіх дывэрсантаў едуць са зброяй у руках ва Ўкраіну, дзе інфармуюць сваіх куратараў у Крыме і Расеі пра стан і ступень узброенасьці ўкраінскіх вайскоўцаў, дзясяткі тысяч чалавек далучаюцца да сэпаратысцкіх суполак у сацыяльных сетках і чытаюць артыкулы на прарасейскіх сайтах.

У сацыяльнай сетцы «Вконтакте» ў суполцы «Мы за присоединение Юго-востока Украины к России» , якая налічвае больш за 13 тысяч чалавек, наведніку прапаноўваецца паўдзельнічаць у галасаванцы за правядзеньне «ўсенароднага рэфэрэндуму» аб далучэньні паўднёвых і ўсходніх украінскіх рэгіёнаў да Расеі.

У апытаньні ўжо паўдзельнічала каля 60 тысяч чалавек, большасьць галасуе «за». Шматлікія «фатажабы» і дэматыватары ў суполцы высьмейваюць прадстаўнікоў новай улады Ўкраіны і дыскрымінуюць заходніх палітыкаў.

У суполцы «Национально-освободительное движение», у шэрагах якой 30 тысяч чалавек, цягам апошніх сутак найбольш абмяркоўваецца намер расейскіх парлямэнтарыяў судзіць Гарбачова за развал СССР.

Інфармацыйна-аналітычны партал «Империя», які знаходзіцца ў дамэннай зоне .by і рэдагуецца ў Маскве былым супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Юрыем Баранчыкам, дае апэратыўныя зводкі пра захопы дзяржбудынкаў ва ўсходняй Украіне, а таксама інфармуе сэпаратыстаў пра тое, як дзейнічаць падчас штурму. Найважнейшыя заданьні сэпаратыстаў у паўднёва-ўсходняй Украіне, паводле парталу, такія:

«1. Фармаваньне зь неарганізаваных масаў баявых дружынаў і атрадаў.

2. Выбар правільнай тактыкі дзеяньняў. Ні ў якім разе нельга сысьці ў глухую абарону і рыхтавацца да адбіваньня штурму. Ініцыятыва павінна быць на баку паўстанцаў, а ня хунты.

3. У выпадку сутыкненьня з хунтай трэба абавязкова выйграць першы бой, што дасьць людзям магчымасьць паверыць у свае сілы і разуменьне таго, што хунту можна біць.

4. Арганізацыя забастоўкі. Лепш не дапрацаваць тыдзень, чым празь некаторы час страціць працу зусім.

5. Фармаваньне ўлады. Зрабіць усё тое самае, што і ў Крыме. Калі ня будзе сфармавана ўлада, то паўстаньне ператворыцца ў банальны бунт.

6. Узяць пад кантроль адзін ці некалькі памежных пераходаў для арганізацыі калідора з Расеяй. У РФ дастаткова людзей, гатовых выехаць і аказаць дапамогу на месцы».
Старонка «Ўкантакце» Марыі Каляды

Старонка «Ўкантакце» Марыі Каляды

Людзей, якія выяжджаюць з Расеі, «каб дапамагчы на месцы», СБУ затрымлівае і будзе судзіць як сэпаратыстаў. Учора паведамлялася пра калярытную 22-гадовую Марыю Каляду, якая, валодаючы рукапашнай барацьбой і ўмеючы карыстацца агнястрэльнай зброяй, прыехала з Санкт-Пецярбургу, каб здабываць інфармацыю пра стан і ступень узброенасьці мясцовых вайскоўцаў. Дзяўчыну затрымалі разам з траўматычнай зброяй, пераробленай для стральбы баявымі патронамі. Але да гэтага яна пасьпела сустрэцца з кіраўнікамі прарасейскіх арганізацыяў у Мікалаеве ды Хэрсоне.

Сайт «Русская весна», які знаходзіцца ў дамэннай зоне былога Савецкага Саюзу .su, дае поўную зводку апошніх навінаў што да захопу сэпаратыстамі дзяржаўных будынкаў, а таксама дублюе забароненыя на тэрыторыі Ўкраіны расейскія тэлеканалы і дае практычныя парады, як захопліваць дзяржаўныя будынкі: «патрэбныя людзі, ежа, цёплая вопратка, а таксама шчыты, каскі, бронекамізэлькі, дубінкі, палкі».

Гэты сайт — галоўны інфармацыйны і ідэалягічны рэсурс кампаніі па дэстабілізацыі Ўкраіны, якая так і называецца — «Русская весна».

Яшчэ адзін сайт regnum.by — а гэта беларуская служба расейскага інфармацыйнага агенцтва REGNUM — утрымлівае толькі тэндэнцыйныя навіны. «Донецк вопреки воле Киева возобновляет вещание российских телеканалов», «Российские сенаторы раскритиковали резолюцию ПАСЕ по Украине», «Экс-депутат Верховной рады: „Новая власть в Киеве изначально была настроена на сдачу Луганска и Донецка“» — вось некаторыя загалоўкі 10 красавіка. Разам з тым у аналітычным разьдзеле гэтага партала Ўладзімер Зотаў, шэф-рэдактар беларускай службы інфармагенцтва ў артыкуле «Посткрым: Белоруссия» адкрыта крытыкуе беларускага прэзыдэнта за недастатковую падтрымку ім Крамля: «Лукашэнка, які афіцыйна пазыцыянуе сябе як хаўрусьнік Расеі, абсалютна не жадае ахвяраваць адносінамі з Украінай». У пацьверджаньне гэтага тэзісу Ўладзімер Зотаў узгадвае інтэрвію Лукашэнкі ва ўкраінскай тэлепраграме «Шустер Live», падчас якога «Лукашэнка заявіў, што Кіеў, па сутнасьці, сам здаў Крым Маскве, што стала праявай баязьлівасьці і бязвольля новай улады ва Ўкраіне. Лукашэнка асабліва падкрэсьліў, што, калі б ён апынуўся на месцы ўкраінскага кіраўніцтва, „здача“ Крыму Расеі была б немагчымая».

Тыя, хто сочыць за падзеямі ва Ўкраіне на сайце tut.by, адзначаюць вялізную колькасьць тэндэнцыйных камэнтароў пад усімі навінамі, зьвязанымі з канфліктам. Так, напрыклад, учорашняя навіна «Резолюция ПАСЕ по Украине: Крым „аннексирован“, аргументы России „не соответствуют действительности“» сабрала амаль тысячу камэнтароў, аўтары якіх цалкам могуць быць сябрамі вышэйзгаданай суполкі «Вконтакте». Як трапна заўважае адзін з фарумчан, уражаны танальнасьцю камэнтароў: «Вау, сколько ников одноразовых Их служба неопасна, нетрудна».
XS
SM
MD
LG