Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1975 год. Два суперныя сусьветы працягваюць палітыку разрадкі міжнароднай напружанасьці. Назіраецца істотнае пацяпленьне дачыненьняў Савецкага Саюзу з Захадам. Кульмінацыяй гэтага працэсу сталася падпісаньне ў жніўні 1975 году ў Гэльсынкі Заключнага акту Нарады ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Галоўнай заваёвай СССР было прызнаньне непарушнасьці паваенных межаў у Эўропе. Дзеля гэтага Савецкі Саюз згадзіўся на абвяшчэньне свабоды слова, друку, перамяшчэньняў, абмену інфармацыяй ды іншых прывабнасьцяў вольнага сьвету. Аднак да рэальнага выкананьня гэтых абяцаньняў у краінах сацыялізму было далёка, што спарадзіла ў гэтых краінах гэтак званы гэльсынкскі рух — за рэальнае ажыцьцяўленьне пунктаў заключнага акту.

Як бы там ні было, але нападак у савецкім друку на Радыё Свабода стала значна меней, хоць яны й ня зьніклі зусім, прычым прыярытэты ў выбары аб’ектаў нападак засталіся тыя самыя. Так, у выдадзенай у Маскве кнізе Георгія Вачнадзэ «Антэны скіраваныя на Ўсход» беларускай службе Радыё Свабода прысьвечана цэлых 5 старонак — больш чым якой іншай асобна ўзятай.

***********

Сёньня ў нас у гасьцях — колішняя супрацоўніца нашага радыё Ларыса Урбан, якая знаёмая старым слухачам пад псэўданімам Ларыса Верас. Ларыса Урбан працавала ў Мюнхэне ад сярэдзіны 70-х да пераезду радыё ў Прагу ў 1995 годзе. На працягу двух дзесяцігодзьдзяў яе голас гучаў у эфіры кожны дзень: Ля мікрафона — Ларыса Верас...


«Пачала я працаваць недзе ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Трапіла я ў Беларускую службу фактычна пры дапамозе Антона Аляксандравіча, прафэсара Адамовіча. Ён быў фактычна маім настаўнікам, хоць ён жыў у Амэрыцы, а мы жылі тутака, у Германіі, у Мюнхене. Ён прыяжджаў да нас з Амэрыкі даволі часта і заўсёды выказваў сваю нязгоду, што я па-беларуску ў той час не гаварыла. Бо пасьля вайны неяк так атрымалася, што бацькі былі заўсёды ў лягерах для ўцекачоў-DP, displaced persons, дзе пераважна жылі ўкраінцы, сэрбы і расейцы — дык мая мова была такая славянская эспэранта. Потым ужо, як я пачала вучыцца, дык, прыехаўшы ў Мюнхен, я вывучала расейскую мову. Адным словам, калі ён пачаў да нас прыяжджаць, я па-беларуску яшчэ не гаварыла, і гэта яму вельмі не падабалася — ён заўсёды мяне падбухторваў: як магчыма, ты зь Менску і мовы вывучала, дык вывучыш і беларускую. Ну вось так, зь нейкім ягоным націскам гэта асела ў галаве, і я сапраўды пачала пры ягонай дапамозе вывучаць беларускую мову. Як я прыйшла рэдакцыю — ясна, што я ў той час яшчэ даволі слаба гаварыла, але ўсё ж такі ў рэдакцыі былі людзі, якія вельмі добра гаварылі, можна было штодня вучыцца і прыслухоўвацца. У нас тады яшчэ працаваў спадар Казак, ён гаварыў надзвычайна прыгожай беларускай мовай, вельмі знаў літаратуру, так што гэта сапраўды была постаць, да якой можна было прыглядацца і прыслухоўвацца мне, маладой. Ну, былі, ясна, і іншыя, якія вельмі-вельмі добра гаварылі па-беларуску, але магчыма ўсё ж так, і я б сказала, спадар Казак — гэта была такая постаць у рэдакцыі, якая для мяне была вельмі важная».

Эфір 1975 году. Вось як гучаў пачатак праграмы. Навіны чытае Ларыса Верас...


***
Год 1975 у сьвеце

Палітыка

Насельніцтва зямлі дасягае колькасьці 4 мільярдаў чалавек — Уладу ў Камбоджы захапляюць чырвоныя кхмэры на чале з Пол Потам. — Сайгон здаецца паўночнавіетнамскім сілам, эвакуацыя амэрыканцаў, канец віетнамскай вайны. — У Партугаліі адбываецца няўдалая спроба ваеннага перавароту. — Чэская тэнісістка Марціна Наўрацілава просіць палітычнага прытулку ў ЗША. — На гішпанскі пасад узыходзіць кароль Хуан Карлас І. — Касмаплавы Апалон і Саюз ажыцьцяўляюць стыкоўку ў космасе.

Навука i тэхналёгія

Кампаніі Sony i Matsushita распрацоўваюць фарматы пабытовага відэазапісу.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная італьянскаму паэту Эўджэніё Мантале. Выходзяць раманы «Рэгтайм» Доктарава, «Восень патрыярха» Маркеса.


Папулярная культура і музыка

Выходзяць на экраны фільмы «Палёт над зязюліным гняздом» і «Сківіцы».

У 1975 годзе паміраюць Арыстотэль Анасіс, імпэратар Хайле Сэласіе, Чан Кайшы

Песьня году — 10cc — I‘m not in Love

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Ларыса Урбан прыгадвае — якой працу ёй даводзілася займацца на радыё...

«Праца мая — асабіста тады, як я ўжо сказала, я яшчэ даволі слаба валодала мовай — была больш тэхнічнага парадку. Потым неяк, відаць, пры дапамозе таго самага прафэсара Адамовіча, які заўсёды казаў, што ў мяне вельмі прыгожы голас і ён будзе добра класьціся на стужку — мяне паспрабавалі як дыктара, і сапраўды гэта пайшло. Так што я рабіла і тэхнічную працу, і ў студыі працавала, тады былі вельмі цікавыя рэчы — яшчэ пісаліся цікавыя тэксты з нацыяналістычнага пункту гледжаньня. Нам з Амэрыкі дасылаў свае рэчы Стась Станкевіч, і вось ягоныя артыкулы я менавіта і чытала. Гэта была літаратура і ўсё што больш-менш зьвязанае з культурай».

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1970 году паслухайце фрагмэнт эканамічнага камэнтара Андрэя Залескага. Пад гэтым псэўданімам выступаў на нашых хвалях Юры Сянькоўскі.


***
1975 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Пачаў выпуск прадукцыі Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
• Заснаваны Менскі інстытут культуры.
• Менскі аўтазавод выпусьціў 500-тысячны аўтамабіль.
• Другі раз паляцеў у космас Пятро Клімук.
• Выйшаў у сьвет заключны том 12-тамовай Беларускай савецкай энцыкляпэдыі.
• Праведзены першы фэстываль Беларуская музычная восень.
• Закончаная электрыфікацыя ўчастку чыгункі Менск-Стоўпцы.

А зараз — менскі эфір 1975 году...


***

Госьць нашай перадачы — колішняя супрацоўніца нашага радыё Ларыса Урбан, якая больш знаёмая нашым старым слухачам як Ларыса Верас. Ларыса Урбан прыгадвае сваіх калегаў з працы ў Мюнхэне ў сярэдзіне 70-х гадоў...

«У рэдакцыі, як я прыйшла, былі яшчэ вельмі цікавыя людзі — быў спадар Крушына (сапраўднае прозьвішча Казак), быў яшчэ Сянькоўскі, Цьвірка. Загадчыкам быў Сяднёў — гэта была менш цікавая для мяне фігура. Была яшчэ вельмі цікавая постаць — хоць і не фізычна ў нашай рэдакцыі, а ў Іспаніі — Язэп Барэйка, які пісаў на гістарычныя тэмы, таксама вельмі цікава, зь ягонай крыху архаічнай мовай, але зьмест там быў больш галоўны, чымся мова. Было яшчэ некалькі жанчын — спадарыня Чайкоўская, спадарыня Каспар — яны працавалі больш на тэхнічных працах, крыху потым пачалі чытаць. Я б сваю працу ў рэдакцыі падзяліла на тры часткі: першая — маё станаўленьне, зь вельмі цікавымі супрацоўнікамі, якія мне вельмі шмат далі; потым, ужо недзе ў 1980-я гады — другая фаза, меней цікавая, ужо ў нас у рэдакцыі пачалі зьяўляцца больш выпадковыя людзі; і трэцяя фаза — гэта ўжо тады, як можна было тэлефанаваць у Беларусь, як пачаўся жывы кантакт з супрацоўнікамі — ну, тады яны яшчэ не былі супрацоўнікамі, а толькі кандыдатамі — гэта было вельмі важна, бо ўпершыню пасьля доўгага часу зьявілася магчымасьць сапраўды жывога, інтэнсіўнага і актуальнага супрацоўніцтва з Бацькаўшчынай».

На заканчэньне — наш архіў. Паслухайце фрагмэнт праграмы 1975 году...
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG