Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы і апошні прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў у інтэрвію Інтэрфаксу назваў заклікі некаторых дэпутатаў Дзярждумы судзіць яго за развал краіны поўнай дурасьцю і імкненьнем да асабістага піяру.

«Ім падабаецца, што пра іх кажуць, называюць іх імёны, але заклік цалкам непрадуманы і з пункту гледжаньня гістарычных фактаў абсалютна неабгрунтаваны. Калі гэта зайздрасьць, то зайздросьціць няма чаму. Дэпутаты шмат разоў ставілі пытаньне аб узьняцьці пэнсіі прэзыдэнту хоць бы да ўзроўню дэпутатаў, але пытаньне нават не абмяркоўвалася», — прыводзіць агенцтва словы Гарбачова.

«А пра тое, што я камусьці перашкаджаю, кажа той факт, што апошнія 20 дзён некалькі разоў паведамлялі аб тым, што я ўжо памёр. Сумленьня няма ў гэтых людзей. Я, безумоўна, на такія заявы не рэагую, таму займаюся справай і сваім здароўем», — сказаў экс-прэзыдэнт.

Пяцёра дэпутатаў Дзярждумы — члены «Адзінай Расеі», КПРФ і ЛДПР — падрыхтавалі запыт на імя генпракурора Расеі Юрыя Чайкі з патрабаваньнем правесьці пракурорскую праверку падзей, якія адбываліся ў пэрыяд распаду СССР.

На падставе звароту і пракурорскай праверкі дэпутаты разьлічваюць на ўзбуджэньне крымінальных спраў, у тым ліку і ў дачыненьні да апошняга савецкага кіраўніка — Міхаіла Гарбачова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG