Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўсходзе Ўкраіны працягваюцца прарасейскія пратэсты


Луганск
Луганск

На ўсходзе Ўкраіны працягваюцца прарасейскія пратэсты, нягледзячы на ўчарашняе абяцаньне ўладаў разабрацца з сэпаратыстамі на працягу 48 гадзін — шляхам перамоваў альбо сілай.

У Данецку і Луганску узброеныя прарасейскія актывісты па-ранейшаму ўтрымліваюць адміністрацыйныя будынкі. Галоўнае патрабаваньне ўдзельнікаў пратэстаў — правядзеньне рэфэрэндуму аб фэдэралізацыі Ўкраіны.

У Луганску, дзе прарасейскія актывісты захапілі будынак абласнога ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны, абстаноўка мінулай ноччу была напружанай. Там чакалі штурму будынка міліцыяй. На цэнтральнай плошчы горада заставаліся каля 500 чалавек. Многія з іх былі ўзброены арматурай, абрэзкамі труб, палкамі, перадае Newsru.ua.

У Данецку сэпаратысты, якія яшчэ 6 красавіка захапілі памяшканьне абласной дзяржадміністрацыі, сёньня раніцай працягвалі ўмацоўваць барыкады і ўладкоўваць свой побыт, паведамляе УНІАН. Мяркуючы па іх настрою, яны не разглядаюць варыянт вызваленьня будынка, аб якім напярэдадні ўвечары паведаміў першы віцэ-прэм’ер Украіны Віталь Ярэма. Учора Ярэма заявіў, што будынак адміністрацыі ў Данецку будзе вызвалены мірным шляхам да сярэдзіны дня чацьвярга. Галоўнае патрабаваньне ўладаў да ўдзельнікаў пратэстаў — здаць зброю.

Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны, в. а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што гатовы гарантаваць адмову ад крымінальнага перасьледу ўдзельнікаў акцый пратэсту на ўсходзе краіны ў выпадку добраахвотнай здачы імі зброі і вызваленьня захопленых адміністрацыйных будынкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG