Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекі ва ўсіх аптэках Беларусі будуць каштаваць аднолькава


«Мы імкнёмся да таго, каб кошты на аднолькавыя лекі ў любой аптэцы Беларусі, якой бы формы ўласнасьці яна ні была — дзяржаўная альбо прыватная сталі аднолькавымі», — пра гэта заявіў сёньня, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко.

Ён сказаў, што, каб дамагчыся гэтага, трэба ўносіць зьмены ў прэзыдэнцкі ўказ нумар 366, які цяпер рэгулюе кошты на лекі:

«Трэба будзе зьмяніць вілку, якая цяпер існуе ва ўказе, на канкрэтны працэнт надбавак на кошты лекаў (сёньня дазваляецца ад 1 да 5 працэнтаў надбаўкі, а трэба напісаць дакладную лічбу, напрыклад, тры працэнты). Гэта дазволіць нам адысьці ад роскіду коштаў, — сказаў Васіль Жарко.— Акрамя таго, мы зараз працуем над тым, каб адзіныя кошты на аднолькавыя лекі былі і ў краінах Мытнага саюза, то бок, каб лекі ў Расеі і Казахстане каштавалі абсалютна столькі ж, колькі і ў Беларусі».

Міністар дадаў, што ў зьменах да закону «Аб лекавых сродках» прапануецца навацыя: пасьля першых пяці гадоў дзеяньня нейкіх лекаў яны праходзяць паўторную перарэгістрацыю, і калі гэта перарэгістрацыя будзе пасьпяховая, дык лекі будуць дзейнічаць бестэрмінова.

Васіль Жарко сказаў, што рэнтабэльнасьць фармацэўтыкі цяпер зусім невялікая — 1,2 працэнты, але фармацэўты жывуць, як патлумачыў міністар, за кошт вялікіх аб’ёмаў лекавых сродкаў.
XS
SM
MD
LG