Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За захопамі дамоў на ўсходзе Ўкраіны стаяць расейскія сілы бясьпекі, — Нуланд


Вікторыя Нуланд
Вікторыя Нуланд

Падчас слуханьняў у Хэльсынскай камісіі ў амэрыканскім Кангрэсе намесьнік дзяржаўнага сакратара Вікторыя Нуланд распавяла, што ЗША фіксуюць нямала выпадкаў парушэньняў правоў чалавека ў Крыме.

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры, як сказала ягоная намесьніца, нават перадаў Міністру замежных спраў Расеі Сяргею Лаўрову дакумэнты, якія сьведчаць пра пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека на паўвостраве пасьля яго акупацыі Расеяй. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Паведамленьне аб парушэньні правоў чалавека ў Крыме пасьля яго акупацыі Расеяй, шакуюць. На мінулым тыдні крымска-татарскі актывіст які пратэставаў супраць акупацыі паўвострава, быў выкрадзены, катаваны і забіты прарасейскімі ўзброенымі фармаваньнямі», — заявіла яна.

У захопах дзяржаўных будынках у Харкаве, Данецку, Луганску і Марыюпалі Вашынгтон выразна бачыць руку Масквы:

«Гэта далёка не стыхійныя падзеі. Гэтыя інцыдэнты маюць усе прыкметы аркестраванай кампаніі падбухторваньня, сэпаратызму і сабатажу ўкраінскай дзяржаўнасьці, што робіцца на ўказаньні і пры дапамозе расейскіх сілаў бясьпекі».

Нуланд прадставіла палітыку ЗША па вырашэньні крызысу: фінансавая дапамога Ўкраіне разам з МВФ і эўрапейскімі партнэрамі, ціск на Расею і адначасова перамовы з мэтай дээскаляцыі крызысу, а таксама ўзмацненьне баяздольнасьці партнэраў па НАТО ў рэгіёне.

Некалькі кангрэсмэнаў пацікавіліся адносна шляхоў памяншэньня энэргетычнай залежнасьці Ўкраіны ад Расеі.

«Большая частка ўлады Расеі ў гэтым рэгіёне адбываецца празь яе статус дзяржавы-пастаўшчыка нафты і газу, які агрэсыўна выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Была досыць сур’ёзная дыскусія аб ролі экспарту амэрыканскага прыроднага газу, каб дапамагчы з гэтай праблемай. Магчыма, трэба дапамагчы Ўкраіне зь пераходам на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі», — спытаў сэнатар Шэлдан Вайтгаўз.

Паводле словаў Нуланд, ЗША ўжо актыўна ўцягнутыя ў намаганьні па рэвэрсу газу ва Ўкраіну з Эўропы і ў паляпшэньне энэргазьберагальных тэхналёгій. А амэрыканскія кампаніі — у здабычу сланцавага газу ва Ўкраіне. На думку Нуланд, Украіна на працягу 8–10 гадоў зможа стаць цалкам энэргетычна незалежнай ад Расеі.

Вікторыя Нуланд распавяла, што Адміністрацыя ЗША задаволеная тэмпамі рэформаў, якія адбываюцца ва Ўкраіне. Але Вашынгтон хацеў бы бачыць, каб сябры ўкраінскага ўрада часьцей езьдзілі на ўсход краіны і вялі дыялёг зь яго насельніцтвам.

Што тычыцца вяртаньня Крыма, то гэта можа стацца сярэднетэрміновай пэрспэктывай і важным элемэнтам эканамічнага посьпеху на астатняй тэрыторыі Ўкраіны, лічаць у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Адказваючы на пытаньне пра выбары, Нуланд адзначыла, што ў Адміністрацыі ёсьць усе прычыны верыць, што яны пройдуць пасьпяхова. Але, каб вынікі выбараў былі бясспрэчнымі у тым ліку і для Расеі, ЗША дашлюць ва Ўкраіну рэкордную колькасьць назіральнікаў.

Прысутны падчас слуханьняў амбасадар Украіны ў ЗША Аляксандр Моцік застаўся задаволены падтрымкай, якую ЗША аказваюць Украіне, а асабліва — узроўнем іх дасьведчанасьці адносна разьвіцьця падзей на ўсходзе Ўкраіны і ў Крыме:

«Сёньня падчас слуханьняў быў прадэманстраваны высокі ўзровень падтрымкі і з боку Кангрэсу, і збоку Дзяржаўнага дэпартамэнта. Мы ўсе маглі пераканацца, што амэрыканцы сур’ёзна ставяцца да таго, што адбылося, асуджаюць агрэсію, не прызнаюць і ніколі не прызнаюць анэксіі Крыма і будуць працаваць разам з Украінай, каб вырашыць усе пытаньні дыпляматычнымі сродкамі. Яны вельмі добра дасьведчаныя, ведаюць сытуацыю ў дэталях і на іх расейская прапаганда ня дзейнічае. Вельмі добра, што ў іх ёсьць дакладнае бачаньне і разуменьне, што сёньня ва ўсходніх рэгіёнах Украіны разгортваецца сцэнар, адпрацаваны ў Крыме», — сказаў Аляксандр Моцік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG