Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я Жызьнеўскага атрымае дапамогу


Сям’я Міхаіла Жызьнеўскага атрымае фінансавую дапамогу, але ня так хутка. Пра гэта кажа грамадзкі актывіст «Нашай ініцыятывы» Андрэй Стрыжак.

Ён пракамэнтаваў паведамленьне ўкраінскай тэлепраграмы ТСН, што бацькі Міхаіла падазраюць украінскіх сяброў у прысваеньні фінансавай дапамогі, прызначанай для сям’і загінулага.

«Я на мінулых выходных быў у Кіеве, 7 красавіка меў сустрэчу зь сябрам Міхаіла зь Белай Царквы Ўладзімерам Заботліным і бачыў раздрукоўку з карт-рахунку, і там было 26 тысяч грыўняў, якія былі сабраныя на рахунак. Яшчэ 32 тысячы былі сабраныя наяўнымі. Пра тыя 32 тысячы было сказана, што нібыта іх скралі, і таму яны перадалі толькі 2 тысячы і патраціліся на пахаваньне. Там быў камэнтар ад УНА-УНСО, што яны траціліся на пахаваньне, я тут нічога не магу сказаць. Мы ў Беларусі практычна скончылі збор сродкаў перад пахаваньнем і яшчэ тыдзень зьбіралі пасьля пахаваньня. Сума, сабраная ўручную, каля пяці тысяч даляраў, была цалкам перададзеная бацькам», — апавёў карэспандэнту Свабоды грамадзкі актывіст «Нашай ініцыятывы» Андрэй Стрыжак.

Як паведамляе ТСН, грошы ва Ўкраіне зьбіралі на кватэру ў Гомелі для бацькоў Міхаіла Жызьнеўскага, якія з роднай сястрой Міхаіла дагэтуль жывуць у найманай. А Міхаіл якраз марыў пра кватэру для сям’і. Цяпер сям’я наймае маленькую двухпакаёўку ў панэльным доме на Севастопальскай вуліцы.
Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што ўкраінскія сябры неўзабаве дадуць поўную справаздачу па выдатках на пахаваньне і іншыя мэты, а таксама вырашаць пытаньне зь перадачай астатніх сродкаў. Таксама адкрыты рахунак у Беларусбанку, рэквізыты будуць хутка апублікаваныя.

Актывіст адзначыў, што часта бывае ва Ўкраіне і таму дапамагае сваякам Міхаіла Жызьнеўскага.

«7 красавіка я сустракаўся зь сябрамі фонду Рыната Ахметава, які займаецца дапамогай загінулым на Майдане. Яны патлумачылі бацькам, як можна атрымаць дапамогу. Але пытаньне ў тым, што маці Міхаіла Жызьнеўскага не рэзыдэнт Украіны, і там ёсьць пэўныя юрыдычныя праблемы. Бо гэты рахунак, на які перавядуць грошы, павінен быць адкрыты на тэрыторыі Ўкраіны. Бацькі таксама зьбіраюць дакумэнты, каб атрымаць кампэнсацыю з фондаў, якой таксама яшчэ не атрымалі, бо яны не грамадзяне Ўкраіны», — адзначыў актывіст.

Паводле Андрэя Стрыжака, наладжаны кантакт з прадстаўнікамі ўраду адносна выплаты кампэнсацыі ў сто тысяч грыўняў, пра якія заявіў прэм’ер Украіны Арсені Яцанюк. Актывіст мяркуе, што «ўсё будзе добра, але ня так хутка, як у выпадку з украінскімі грамадзянамі».

Сваякі таксама атрымалі фінансавую дапамогу ў 1600 даляраў, якая прыйшла пераводам з Каліфорніі ў аддзяленьне Беларусбанку.

Актывіст таксама спадзяецца на ўвекавечаньне ў Беларусі памяці Міхаіла Жызьнеўскага:

«Дом, дзе жыў Міхаіл, — гэта ня той, дзе цяпер жывуць бацькі. І ён у такім раёне, што, магчыма, будзе зьнесены. Можна апэляваць да гарадзкіх уладаў, каб зрабіць, напрыклад, бюст. Пры дзейнай беларускай уладзе наўрад ці гэтага можна дамагчыся. Але калі новаабраны ўкраінскі прэзыдэнт зацьвердзіць Міхаілу званьне Героя Ўкраіны, то гэта будзе ўжо іншая размова. Бо ў Беларусі гэта ўжо будзе другі Герой Украіны».
Міхаіл Жызьнеўскі
Міхаіл Жызьнеўскі

На вуліцы Грушэўскага, дзе забілі Міхаіла, цяпер невялікі мэмарыял, людзі пастаянна прыносяць туды жывыя кветкі.

24 лютага Вярхоўная Рада Ўкраіны пастанавіла надаць званьні Героя Ўкраіны ўсім, хто загінуў на Эўрамайдане падчас рэвалюцыйных падзеяў.

Міхаіл Жызьнеўскi ў гэтым сьпісе пад № 2. Яго забілі 21 студзеня з агнястрэльнай зброі стрэлам у сэрца падчас сутычак на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Да свайго 26-годзьдзя Міхаіл не дажыў чатыры дні.

Пахавалі яго на Гомельшчыне, на могілках у вёсцы Сьцяг Працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG