Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі падчас інфармацыйнай вайны паміж Менскам і Масквой напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году высьветлілася, што антылукашэнкаўская прапаганда расейскіх мэдыяў не зрабіла вялікага ўплыву на большасьць беларусаў, у экспэртнай супольнасьці былі зроблены, як цяпер бачна, скарасьпелыя высновы. Маўляў, Беларусь вызвалілася ад інфармацыйнага ўплыву ўсходняга суседа.

Але вось здарыўся расейска-ўкраінскі канфлікт — і высьветлілася, што большасьць беларусаў глядзіць на яго скрозь прызму маскоўскіх тэлеканалаў. І гэты фэномэн патрабуе тлумачэньня. Я б прапанаваў некалькі меркаваньняў.

1. Мы жывем у эпоху інфармацыйнага грамадзтва, людзі маюць вялікія магчымасьці атрымаць інфармацыю зь вельмі розных крыніц. Можна карыстацца інтэрнэтам, глядзець сотні тэлеканалаў з дапамогай спадарожнікавай антэны і інш. Здавалася б, у такіх умовах замбаваць насельніцтва немагчыма, гістарычны час таталітарызму скончыўся.

Але ўкраінскі крызіс высьвеціў зусім нечаканыя рэчы. Высьветлілася, што інфармацыйны таталітарызм у эпоху свабоды інфармацыі цалкам магчымы. Калі ўсе расейскія тэлеканалы (плюс беларускія) цягам паўгода круглыя суткі цьвердзяць, што белае — гэта чорнае, што на Майдане сабраліся фашысты, гэта дае фэнамэнальны эфэкт. Расейскае і беларускае грамадзтва апынулася ў палоне прапагандысцкіх стэрэатыпаў. Абывацелю нават у галаву не прыходзіць, што яго могуць ашукваць, таму нават не спрабуе шукаць альтэрнатыўную інфармацыю.

2. Вядома, што прапаганда дае вынік тады, калі прапагандаваныя каштоўнасьці супадаюць з уласным сьветапоглядам людзей. У дадзеным выпадку эфэкт атрымаўся з-за таго, што расейскія мэдыі ўзбудзілі глыбінны архетып беларускай сьвядомасьці, у якой фашызм — усім вядомае, зразумелае, відавочнае і абсалютнае зло. Бо любая прапаганда ня столькі пераконвае, колькі стварае міталягічнае поле. Прыклей апанэнту ярлык «фашыст» ці «бандэравец» — і ня трэба больш нічога даводзіць, аргумэнтаваць. А Вялікая Айчынная вайна — гэта, можа, адзіная падзея беларускай гісторыі, пра якую ведаюць усе беларусы, тут ня трэба шмат тлумачыць. Таму калі называеш украінскіх нацыяналістаў «бандэраўцамі», бел-чырвона-белы сьцяг — «паліцэйскім» — адразу атрымліваеш патрэбны эфэкт.

3. Нягледзячы на 23 гады незалежнага існаваньня, беларусы падсьвядома жывуць у каштоўнасным полі Расеі. Таму тэзіс, што «Крым — расейская зямля», успрымаецца беларускім насельніцтвам як аксіёма.

Праблема яшчэ ў тым, што нацыянальныя рухі, якія ўзьніклі на постсавецкай прасторы падчас гарбачоўскай перабудовы і якія, у рэшце рэшт, і разбурылі СССР, усе насілі антырасейскі характар. Што зразумела, бо расейцы — імпэрская нацыя, і змаганьне за незалежнасьць, супраць імпэрыі, непазьбежна азначала дыстанцыяваньне ад Расеі з усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць.
Нягледзячы на 23 гады незалежнага існаваньня, беларусы падсьвядома жывуць у каштоўнасным полі Расеі

Лягічна, што самі расейцы, расейская дзяржаўная прапаганда ў тэрмін «нацыяналізм» укладаюць нэгатыўны зьмест. (Гэта не распаўсюджваецца на расейскі шавінізм, які цяпер палае ў Расеі ў зьвязку з «украінскім крызісам».) Грамадзяне Расеі шчыра не разумеюць, як жа гэта можна не хацець назад у імпэрыю. Таму, калі расейскія тэлеканалы ставяць знак роўнасьці паміж паняцьцямі «нацыяналізм» і «фашызм» (нават вядомыя асобы, пісьменьнікі, палітолягі ўжываюць гэтыя словы праз коску, ставяць у адзін шэраг), то для расейцаў гэта выглядае цалкам лягічна. Бо толькі ж фашысты могуць не хацець аб’яднаньня з Расеяй.

Калі ўзяць пад увагу нізкі ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў, то зразумела, чаму яны ўспрымаюць сьвет з расейскага гледзішча. Для беларускага грамадзтва нацыяналізм — таксама нэгатыўная зьява, гэтаму добра паспрыяла дзяржаўная прапаганда. Беларускія афіцыйныя мэдыі таксама часта выкарыстоўваюць прыёмы атаясамліваньня «бээнэфаўцаў» з «фашыстамі».

І апошнім аргумэнтам, які пераканаў беларусаў у расейскай вэрсіі падзеяў ва Ўкраіне, стала моўнае пытаньне. Галоўным абвінавачаньнем супраць нацыяналістаў Майдану стала тое, што яны, страшна сказаць, хочуць, каб адзінай дзяржаўнай мовай ва Ўкраіне была ўкраінская. Беларусы тут жа прымерылі гэтую сытуацыю на сябе — і абурыліся.

4. Расейская прапаганда апэлюе да нізкіх інстынктаў, узбуджае ксэнафобію. Нянавісьць да Майдану хутка перарасла ў мэдыях РФ у нянавісьць да Ўкраіны як дзяржавы і ўвогуле да ўкраінцаў. А заадно і да Захаду. Вобраз ворага створаны. А вядома, што гэта нашмат лягчэй успрымаецца абывацелем, чым высокія пачуцьці.

Мяркуючы па тым, што расейска-ўкраінскі канфлікт доўгатэрміновы, нам давядзецца з усім гэтым жыць працяглы час. І неяк прыстасоўвацца.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG