Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, прадпрымальнік Ўладзімер Кудзінаў, які цяпер жыве і працуе ў Крыме, у інтэрвію «Свабодзе» расказаў пра актуальнае становішча ў Севастопалі.

Сяргей Абламейка: Якая цяпер сытуацыя ў Севастопалі. Ці застаецца эўфарыя ад факту далучэньня да Расеі?

Уладзімер Кудзінаў: Калі разглядаць Севастопаль, то і першапачаткова ён быў настроены, каб гэта была расейская тэрыторыя. На сёньня толькі адзінкі грамадзянаў Украіны хочуць захаваць украінскае грамадзянства. Тут перавага ў тым, што жыхары Севастопалю, якія атрымаюць расейскае грамадзянства, лічаць, што ў іх застануцца ўкраінскія пашпарты, і што яны змогуць мець падвоенае грамадзянства. Хаця ўкраінскае заканадаўства такое не прадугледжвае. Але як піша прэса, Украіна ня будзе пазбаўляць грамадзянства тых людзей, якія прынялі расейскае грамадзянства, таму што тут могуць складанасьці ўзьнікнуць у многіх. Згодна з заканадаўствам Расеі, калі чалавек — грамадзянін Украіны, і не адмовіцца ад расейскага грамадзянства, то спачатку будзе афармляць від на часовае пражываньне, а потым будзе афармляць дазвол на працу, і толькі праз паўгода афармляць від на жыхарства. А калі аформіць від на часовае пражываньне, то ён мае права толькі працаваць на тэрыторыі дадзенага населенага пункту. Пры часовым пражываньні ён ня будзе лічыцца рэзыдэнтам Расеі. Таму тут ёсьць складанасьці. Я думаю, што гандлёвая вайна паміж Украінай і Расеяй непазьбежная. На сёньня усе харчы ў крамах ёсьць. Але з часам будуць перабоі і будуць падвышацца цэны, я думаю.

Абламейка: Ці даводзіцца вам цяпер сустракацца ў Крыме з публічнымі сымпатыямі да Ўкраіны?

Кудзінаў: Як бы там не было, тут будзе абмежавана гэта. Калі параўноўваць Расею, Беларусь і Украіну, то Ўкраіна была найбольш дэмакратычнай краінай, калі казаць пра свабоду слова. Але людзі будуць незадаволеныя. Цяпер узровень жыцьця ў Расеі вышэй чым у Севастопалі. Нават з ўлікам красавіцкай прыбаўкі 5 працэнтаў да пэнсіі і тым ростам цэнаў, людзям ня хопіць грошай. каб пракарміцца і плаціць камунальныя паслугі.

Абламейка: Што будзеце рабіць вы? Вы, як грамадзянін Беларусі, мелі від на жыхарства ва Ўкраіне. Будзеце браць расейскі пашпарт ці застаняцеся зь відам на жыхарства?

Кудзінаў: Я жыў у Крыме, як грамадзянін Беларусі і маю від на сталае пражываньне ў Севастопалі. Згодна з расейскім заканадаўствам і пагадненьнем паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам 1999 году на дадзены момант я проста атрымаю від на жыхарства ў Расеі, абмінуўшы від на часовае жыхарства. Для грамадзянаў Беларусі не патрабуецца дазвол на працаўладкаваньне ў Расеі, а таксама не патрабуецца здаваць іспыт па расейскай мове, паколькі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Я застануся грамадзянінам Беларусі і буду мець від на сталае жыхарства на тэрыторыі Расеі.

Абламейка: Ці праўду пішуць, што расейскія пашпарты запрасіў толькі адзін працэнт жыхароў Крыму?

Кудзінаў: Думаю, што больш. Цяпер міграцыйныя службы актываваліся. Яны прымаюць заявы ў дзяржаўных ўстановах, на ўсіх прадпрыемствах. 100-120 аддзяленьняў ёсьць у Крыме, якія прымаюць заяўкі. У сярэднім мінімум 150 чалавек кожнае. 15-20 тысячаў ў Крыме цяпер падаецца заяваў. Ня ведаю, як адбываецца выдача грамадзянства. Гэта ж займае час. Але заяваў яны вельмі шмат прынялі. Я адсочваю гэтую сытуацыю. Тыдні праз 2-3 пачнуць выдаваць від на жыхарства. Тады людзі будуць легалізаваныя ў Расеі. Я маю пасьведчаньне удзельніка ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, беларускае. Магу зьвярнуцца па месцы жыхарства і мне выдадуць такое ж расейскае пасьведчаньне. Трэба атрымаць яшчэ індывідуальны нумар падаткаплатніка, страхавое пасьведчаньне, каб працаваць ці займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.


Былы беларускі палітвязень Уладзімер Кудзінаў, які цяпер жыве ў Севастопалі. У лістападзе 1996 году Ўладзімер Кудзінаў быў адным зь ініцыятараў імпічмэнту прэзыдэнту Лукашэнку. У лютым 1997 году ён быў арыштаваны паводле сфальсыфікаванага абвінавачаньня ў дачы хабару і асуджаны да сямі гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Выйшаў на волю ў лютым 2001 году, адбыўшы чатыры гады за кратамі. І ў тым жа годзе разам зь сям’ёй пераехаў ва Ўкраіну, у Крым, дзе займацца птушкагадоўляй.
XS
SM
MD
LG