Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1974


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1974 год. Як выглядаў расклад перадачаў Беларускай Свабоды ў дваццаты год яе існаваньня? Арыгінальнае вяшчаньне складала гадзіну, і гэтую гадзіну складалі навіны, агляд друку, камэнтар дня і нейкае актуальнае паведамленьне зь бягучай палітыкі — гэта ўсё рабілася ў Мюнхэне, а ў Нью-Ёрскім бюро стваралася, так сказаўшы, больш творчая частка праграмы — аўтарскія перадачы «Беларусь: Мінуўшчына, сучаснасьць, будучыня» і «Партыя і народ» (Яна Запрудніка), «Сучасная беларуская літаратура» і «Беларуская культура сёньня» (Станіслава Станкевіча), «Сучасная Амэрыка» і «Вольнае слова» (Анатоля Цярэшкі), «Праблемы моладзі» і «Людзі, падзеі, ідэі» (Браніслава Міркоўскага). У сэрыі «Вольнае слова» у 1974 годзе сярод іншага чыталіся ўрыўкі з апублікаванага нядаўна «Архіпэлягу ГУЛаг» Салжаніцына, які ў лютым гэтага году быў выгнаны з СССР.

Дваццацігодзьдзе Беларускай Свабоды савецкая прапаганда сустрэла адмысловым падарункам — вялікай — на 200 старонак — працай Анатоля Стука «Перадачы вядзе ЦРУ». Гэтая кніга надалей застаецца ціне найбуйнейшым выдадзеным у Беларусі творам, прысьвечаным нашаму радыё, хоць у грунтоўнасьці, навуковасьці і аб’ектыўнасьці кнігі даводзіцца сумнявацца.

Тым часам у друку надалей зьяўляліся драбнейшыя публікацыі з красамоўнымі загалоўкамі, накшталт:


Отравители эфира без маски
Выкрыцьцё здраднікаў
Зігзагі антыкамуністаў
Галасы зь мінулага
Атрутная зброя імпэрыялізму
Паклёпнікі зь Мюнхэну

Вось, для адчуваньня эпохі, характэрная цытата:

ІЛЬЯ РАЖКОЎ. ВЫКРЫЦЬЦЁ ЗДРАДНІКАЎ. Полымя, № 4, 1974:
«Тыя здраднікі, каму пашанцавала ўцалець, каго прытулілі новыя гаспадары, не пакідаюць чорныя справы, брэшуць зь імпэрыялістычнай падваротні на савецкую рэчаіснасьць. Мутныя хвалі радыёстанцыі „Свабода“ нярэдка даносяць хрыпатыя прадажныя галасы нацыяналістаў-злачынцаў»


***

Сёньня мы працягваем распачатую ў мінулай перадачы тэму і зноў пагаворым пра традыцыі слуханьня радыё на кароткіх хвалях. Сёньня зноў у нас у гасьцях палітык і мовавед Вінцук Вячорка, які рэгулярна слухае радыё ўжо больш за 30 гадоў.

«Першая станцыя на цалкам зразумелай мове... я не кажу тут пра польскія дзяржаўныя станцыі, я рос у Берасьці да 13 гадоў і натуральна, што першыя станцыі, што я чуў, былі на доўгіх і сярэдніх хвалях, гэта былі 1-я, 2-я і трошкі пазьней на кароткіх хвалях 3-я праграма Польскага радыё, на якіх гучала такая жаданая і файная музыка — рок, блюз, пазьней я стаў цікавіцца джазам. Але першай
Сева Наўгародцаў
Сева Наўгародцаў
кароткахвалёвай станцыяй расейскамоўнай, менш глушанай і таму лягчэй слуханай, быў „Голас Амэрыкі“ зь яго рок-праграмамі, і гэта, відаць, было асноўным стымулам, які мяне прыахвоціў да слуханьня ў раньнепадлеткавыя гады. Але, зноў жа скажу, найбольш культаваю станцыяй — вельмі хутка, калі я прайшоўся праз увесь этэр, калі я пачуў і Бі-Бі-Сі зь Севам Наўгародцавым, і Радыё Швэцыя зь яго праграмамі для DX-істаў, і Радыё Канада — усё ж такі стала Радыё Свабода. Я ўцяміў, што калі глушаць так — значыць, нешта ў гэтым ёсьць. У мяне быў свой расклад слуханьня на кожны вечар, ён быў у мяне на стале, але неўзабаве я і безь ніякага раскладу памятаў, што калі трэба зрабіць, на які дыяпазон пераключыць, на якую хвалю павярнуць. Альтэрнатыўны сьвет, які складаўся, ну бадай што на пачатку, з акустычнага мастацтва, то бок музыкі, неўзабаве стаў паўнавартасным. Гэта значыць, што ў ім зьявіўся інфармацыйны складнік, нават пэўны пабытовы, калі можна так сказаць, складнік. І, я мяркую, так як і для многіх людзей маёй генэрацыі, якія спрабавалі шукаць праўды, кароткія хвалі сталі ня проста неад’емнай, а жыцьцёва важнай часткай майго жыцьця».

Aўтэнтычны эфір 1974 году - пра мэмуары Мікіты Хрушчова:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:22 0:00
Наўпроставы лінк

***
Год 1974 у сьвеце

Палітыка

Арганізацыя краінаў-экспартэраў нафты спыняе нафтавае эмбарга, уведзенае ўвосень папярэдняга году. — Ніксан і Брэжнеў абмяркоўваюць у Маскве праблемы абмежаваньня ўзбраеньняў. — Сацыялістычная рэвалюцыя ў Партугаліі адхіляе ад улады дыктатара Салазара. — Індыя пасьпяхова выпрабоўвае атамную бомбу, стаўшы шостай ядзернай дзяржавай. — Адхілены ад улады імпэратар Этыёпіі Хайле Сэласіе. — Ўотэргейцкі скандал заканчваецца імпічмэнтам, прэзыдэнт Ніксан сыходзіць у адстаўку, яго месца займае Джэралд Форд.

Навука і тэхналёгія

Нацыянальная акадэмія навук ЗША заклікае да забароны некаторых відаў геннай інжынэрыі. — Адкрытая новая элемэнтарная часьцінка — псі. — Касьмічны зонд Марынэр-10 робіць першыя блізкія здымкі паверхні Вэнэры. — Знойдзеная «Мама Люсі» — жаночы шкілет, датаваны 3 мільёнамі гадоў.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная швэдам Эйвінду Юнсану і Хары Мартынсану. Выходзяць раманы «Кэры» Стывэна Кінга, «Сула» Тоні Морысан.

Папулярная музыка

Паты Сьміт запісвае песьню Hey Joe, паклаўшы пачатак панк-року.

Песьня году — Waterloo / Abba

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вінцук Вячорка працягвае...

Мір, лета 1982
Мір, лета 1982
«Прыгадаю найперш падзею з майго студэнцтва: калі я ўжо быў студэнтам і праходзіў практыку ў 24-й школе (гэта такая школа з замежнымі мовамі ў цэнтры Менску), выкладаў там беларускую мову і літаратуру, адзін школьнік — яго прозьвішча было Бараніч — падышоў да мяне і сказаў: „А вось вы ведаеце, я ўчора пачуў Радыё Свабода“. Я пытаюся: „Ну і што ж там гавораць?“ „Ну, прыблізна тое, што і Вы нам на ўроках гаворыце“, Вось там я сапраўды трошкі здрыгануўся. Я быў на 4-м курсе і, маючы ўжо пэўны досьвед і самвыдавецкай дзейнасьці, і закансьпіраваных згуртаваньняў, разумеў, што аднаго слоўца будзе дастаткова, каб мяне павалаклі. Ну але, дзякуй Богу, хлопец аказаўся нармальны, і да гэтага не дайшло. У раньнепадлеткавым узросьце, відавочна, ня надта ўсьведамлялася гэтая небясьпека. Можа быць, ужо ў клясе дзявятай, дзясятай разуменьне таго, што гэта небясьпечна, прыйшло, і, безумоўна, я не выстаўляў на падвоканьне ўключаны прыёмнік».

Наш архіў. Гучыць песьня Зорачкі ў выкананьні манрэальскага хору пад кіраўніцтвам Чопчыца...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:46 0:00
Наўпроставы лінк


***
1974 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Адкрыўся Наваполацкі політэхнічны інстытут.
• Заснаванае Беларускае таварыства аматараў кнігі.
• Менску прысвоенае званьне «Горад-герой».
• У Полацку адкрыты помнік Францішку Скарыну.
• Віцебск сьвяткуе 1000-годзьдзе.
• Беларуская тэлевізія распачынае каляровыя перадачы.
• Здадзены ў эксплюатацыю электрыфікаваны ўчастак чыгункі Менск-Барысаў.
• Адкрыты рэспубліканскі спартовы комплекс у Раўбічах.

А зараз — гукі менскага эфіру 1974 году. Пятро Машэраў, даярка, песьня "Белая Русь"...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:08 0:00
Наўпроставы лінк


***

Тэма нашай сёньняшняй перадачы — традыцыі слуханьня кароткахвалёвых радыёстанцыяў. Распавядае Вінцук Вячорка...

«У кантэкст беларускай Свабоды мне было даволі лёгка ўключыцца. Тут я павінен падзякаваць пасквілянтам, якія выпускалі брашуркі з пасквілямі пра так званых „беларускіх буржуазных нацыяналістаў“ — „бебурнацаў“ — гэта Алесь Божка, Леанід Прокша, Вацлаў Мацкевіч... Дзякуюйчы гэтым пасквілям, я даведаўся пра існаваньне экзыльнага Ўраду БНР, даведаўся пра наш сьцяг і герб „Пагоня“, даведаўся пра само існаваньне Радыё Свабода і пра тое, што асноўны ягоны аўтарскі актыў працуе ў Нью-Ёрку. Некаторыя радыйныя псэўданімы — я таксама ўжо ведаў, хто за імі стаіць. І таму гэта для мяне не было зусім новым кантынэнтам, наадварот — я прагна ўслухоўваўся ў кожны камэнтар Арсеня Загорнага, я канспэктаваў дзясяткі, а можа й сотні перадачаў Язэпа Барэйкі, ніводную зь якіх я імкнуўся не прапусьціць і пасьля кідаўся да энцыкляпэдыяў, да даступных крыніцаў, каб паглядзець — а што ж там пішуць? То пра паўстаньне Каліноўскага, то пра Францішка Скарыну, то пра 25 Сакавіка. Што мяне цешыла і што, безумоўна, адыграла сваю ролю ў фармаваньні цяперашняга майго ўласнага сьветагляду — гэта сучаснае журналістычнае аблічча перадачаў. Выпускі навінаў, моўленыя дынамічна, моўленыя паводле канонаў заходняе журналістыкі, якія ахаплялі ўвесь сьвет, але пры гэтым рабіліся па-беларуску, зь беларускага гледзішча, беларускімі вуснамі, спасьцярожаныя беларускімі вачыма — гэта для мяне было доказам сучаснасьці, адэкватнасьці беларушчыны ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы. Ну а кароткі хвалі стваралі якраз уражаньне вось такой глябальнасьці і адсутнасьці межаў. Кароткія хвалі і былі сынонімам глябальнай інфармацыйнай прасторы».

На заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт фэльетону дзядзькі Васіля. Нагадаю, што пад гэтым так і не разгаданым савецкімі прапагандыстамі псэўданімам хаваўся Антон Адамовіч...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:39 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG