Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Бабруйску свой прэтэндэнт на прэзыдэнцтва


Сьвятлана Грыцэнка

Сьвятлана Грыцэнка

Прадстаўнікі і лідэры чатырох гарадзкіх структур палітычных партыяў ды адной прафсаюзнай суполкі адзіным кандыдатам ад рады дэмакратычных сіл Бабруйску на прэзыдэнцкія выбары 2015 году абралі бібліятэкарку Сьвятлану Грыцэнку

У Бабруйску сябры апазыцыйных арганізацыяў вылучылі свайго прэтэндэнта на прэзыдэнцтва. Прадстаўнікі і лідэры чатырох гарадзкіх структур палітычных партыяў ды адной прафсаюзнай суполкі адзіным кандыдатам ад рады дэмакратычных сіл Бабруйску на прэзыдэнцкія выбары 2015 году абралі бібліятэкарку Сьвятлану Грыцэнку. Яна — сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Юры Грынявецкі заяўляе: бабруйскія дэмакраты, вылучыўшы прэтэндэнта на прэзыдэнцтва, прапанавалі шлях да аб’яднаньня дэмакратычных сіл Беларусі.

«Мы вырашылі свой шлях прапанаваць да аб’яднаньня зь нізу да верху, бо ў Менску адны звады. Там дзеляцца на групоўкі. Мы ж хочам да адзінства прыйсьці. Усяму народу паказаць, што апазыцыя можа аб’яднацца».

Партыец прызнае, што вылучэнка з Бабруйску наўрад ці стане адзіным кандыдатам на прэзыдэнцтва ад апазыцыі, але падкрэсьлівае, што іхная мэта — аб’яднаньне дэмакратычных сіл Беларусі.

Сьвятлана Грыцэнка пацьвердзіла Свабодзе, што пагадзілася стаць прэтэндэнткай на вылучэньне ў прэзыдэнты ад бабруйскіх дэмакратаў. Актывістка кажа, што разумее, якую адказнасьць бярэ на сябе, і што ейнае рашэньне — не гульня:

«Я разумею, што гаварыльняй нічога ня зьменіш — трэба рабіць канкрэтныя справы. Мне блізкія тэорыя і практыка малых спраў. Камусьці трэба дапамагчы дрэва сьпілаваць, камусьці — дапамагчы прыбраць нешта, то бок трэба пачынаць з малога. У нас жа хутка хочуць стаць прэзыдэнтамі, але не атрымліваецца. Спачатку трэба зямлю патаптаць, каб цябе запомнілі, а потым ужо брацца за большае. Стаўленьне людзей да апазыцыі цяпер такое, што яна лятае няведама дзе».

Паводле актывісткі, першае, што неабходна зрабіць апазыцыі перад выбарамі прэзыдэнта, — гэта зьмяніць падыходы да фармаваньня выбарчых камісіяў. У гэтым яна пераканалася, калі ўдзельнічала ў сёлетняй выбарчай кампаніі. Яна балятавалася ў гарсавет.
XS
SM
MD
LG