Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні аднаўляюцца беларускія набажэнствы


Мяркуецца, што імша на беларускай мове будзе ладзіцца ў касьцёле сьвятога Барталамея рэгулярна.

У касьцёле сьвятога Барталамея на віленскім Зарэччы беларускае набажэнства будзе распачынацца ў будні а 8-й раніцы, у нядзелі – а 12-й. Апроч звычайных вернікаў, касьцёл запрашае ахвочых з музычным слыхам для стварэньня хору.

У пачатку ХХ стагодзьдзя Вільня была цэнтрам беларускага адраджэньня. Разам з грамадзкай, культурнай дзейнасьцю разьвіваўся і нацыянальны каталіцкі рух: прамаўляліся першыя ў найноўшай гісторыі казані на роднай мове, па-беларуску выдаваліся каталіцкія малітоўнікі, газэты, часопісы. Важную ролю ў станаўленьні нацыянальнай царквы адыгралі Віленская каталіцкая сэмінарыя, са сьцен якой выйшлі практычна ўсе будучыя дзеячы беларускага каталіцтва, і беларускі кляштар айцоў марыянаў, які ўзгадаваў цэлае пакаленьне святароў-манахаў, якія ў пазьнейшыя часы працавалі ў эміграцыйных асяродках, раскіданых па ўсім сьвеце.

Увядзеньнем роднай мовы ў рэлігійнае жыцьцё займаліся беларускія сьвятары: Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Казімер Сваяк, Язэп Германовіч, Уладзіслаў Талочка, Адам Лісоўскі, Ільдэфонс Бобіч, Віктар Шутовіч, Казімер Кулак, Уладзіслаў Чарняўскі... Немалы ўклад унесла і каталіцкая герархія: біскупы Эдвард Роп і Юры Матулевіч.

Беларускі каталіцкі рух у Вільні перапыніў сваё існаваньне у 1949 годзе ў сувязі з арыштам і ссылкай беларускага душпастыра Віленшчыны ксяндза Адама Станкевіча. Касьцёл сьвятога Барталамея ў Вільні

Касьцёл сьвятога Барталамея ў Вільні

XS
SM
MD
LG