Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усходняя Ўкраіна. Расейскія дывэрсанты на маршы


Служба бясьпекі Ўкраіны паведамляе пра новыя выпадкі, зьвязаныя з дывэрсантамі з Расеі, затрыманымі на тэрыторыі краіны.

Так, на Хэрсоншчыне ўзброеная група дывэрсантаў плянавала захоп стратэгічных аб’ектаў, у прыватнасьці, Кахоўскай ГЭС.

Затрыманы жыхар Хэрсоншчыны стварыў групу зь ліку прарасейска настроеных жыхароў вобласьці і з дапамогай спрыяньня расейскага боку рыхтаваўся атрымаць аўтаматычную зброю ад сотніка «самаабароны Крыму». Гэты грамадзянін, сыстэматычна выконваючы заданьні ваеннай выведкі РФ, зьбіраў і перадаваў сваім куратарам у Крым інфармацыю пра месцы дысьлякацыі і перасоўваньні падразьдзяленьняў Узброеных сіл Украіны ў Хэрсонскай вобласьці.

«Цяпер ажыцьцяўляюцца неадкладныя апэратыўна-працэсуальныя дзеяньні для затрыманьня ўсіх удзельнікаў дывэрсійнай групы», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.

СБУ таксама затрымала грамадзяніна Расеі — каардынатара сэпаратысцкіх акцыяў на Луганшчыне, які спрабаваў перасекчы мяжу.

Тым часам афіцэр ваенна-марскіх сіл Украіны Аляксей Мазепа на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве заявіў, што людзей у цывільным, якія дэстабілізавалі сытуацыю ў Крыме, заўважылі ва ўсходніх абласьцях Украіны.

«Ёсьць інфармацыя ад нашых хлопцаў, ад тых, якія выйшлі з Крыму, пра тых, хто там застаўся. Яны, праглядаючы навінныя сюжэты пра падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Данецку, Харкаве і Луганску, пазнаюць знаёмыя твары людзей, якія ажыцьцяўлялі захоп воінскіх частак на тэрыторыі Крыму. Магчыма, што частка сэпаратыстаў, так званых „турыстаў Пуціна“, перамясьціліся з Крыму ва ўсходнія вобласьці», — патлумачыў Мазепа.

Таксама СБУ паведамляе пра затрыманьне грамадзянкі Расеі, якая выконвала заданьне спэцслужбаў дзеля дэстабілізацыі сытуацыі ў паўднёвых абласьцях Украіны.

Гэта Марыя Каляда, яна нарадзілася ў 1991 годзе, актывістка прапуцінскай арганізацыі «Расея маладая».

Дзяўчына прыбыла ў Хэрсон 4 красавіка. Паводле яе слоў, гэта ўжо дзявятае яе падарожжа ва Ўкраіну.

«На працягу 5–6 красавіка Марыя правяла шэраг сустрэч зь лідэрамі і актывістамі прарасейскіх рухаў у Хэрсоне, а таксама наведала асобныя раённыя цэнтры вобласьці дзеля маніторынгу сытуацыі на месцах», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.

7 красавіка яна брала непасрэдны ўдзел у сутыкненьнях пад Мікалаеўскай абласной дзяржадміністрацыяй, «падчас якіх ужывала агнястрэльную зброю, у выніку чаго, паводле яе словаў, параніла трох чалавек».

У наступныя дні дывэрсантка далажыла свайму куратару ў РФ, што «актывісты» маюць самаробныя выбуховыя прылады ў «неабмежаванай колькасьці» і што дасягнута дамоўленасьць, каб яны атрымалі стралковую зброю. Таксама яна паведаміла пра падрыхтоўку дзьвюх дывэрсійных групаў у складзе 13 чалавек для накіраваньня ў Данецк для ўдзелу ў масавых беспарадках.

Падчас затрыманьня ў расіянкі канфіскавалі траўматычны пісталет, перароблены пад баявыя патроны, і мэтадычныя рэкамэндацыі для падрыхтоўкі дывэрсійных групаў.
XS
SM
MD
LG