Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскага вэртыкальшчыка падазраюць у «падрыве аўтарытэту ўлады» на карысьць сына


Намесьнік старшыні Аршанскага райвыканкаму Іван Хурбатаў падазраецца ў прычыненьні істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам, падрыве аўтарытэту органаў улады і незаконным удзеле ў прадпрымальніцкай дзейнасьці на карысьць менскай фірмы «ТопЕвроСтрой», якую заснаваў ягоны сын Андрэй Хурбатаў.

Па словах відавочцаў, яшчэ 2 красавіка прайшлі ператрусы дома ў чыноўніка і ў яго службовым кабінэце ў райвыканкаме. Сам Іван Хурбатаў быў затрыманы сьледчымі органамі і трое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня Аршанскага РАУС, піша сайт orsha.eu.

Старшы опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасьмецьева паведаміла, што ў дачыненьні да Івана Хурбатава справа заведзеная паводле двух артыкулаў — за перавышэньне ўлады (частка 3 артыкула 426 КК) і за незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасьці (артыкул 429 КК).

Намесьнік старшыні Аршанскага райвыканкаму цягам некалькіх гадоў спрыяў будаўнічай фірме ПВУП «ТопЕвроСтрой». Адзіны заснавальнік фірмы — ягоны сын, сама фірма зарэгістраваная ў Менску па адрасе дачкі Хурбатава.

Схема «дапамогі» сынавай фірме была наступная: з прадпрыемствам «ТопЕвроСтрой » заключаліся дамовы на будаўнічыя працы ў Воршы, але выконвалі іх мясцовыя, аршанскія работнікі паводле вусных указаньняў чыноўніка. Грошы ж спраўна атрымлівала менcкая фірма.

Са жніўня 2010 па ліпень 2013 году чыноўнік пэрыядычна даваў дзяржаўным арганізацыям Воршы і Аршанскага раёну ўказаньні даць сыну транспарт, спэцыяльную тэхніку, абсталяваньне і работнікаў. Прадпрыемства «ТопЕвроСтрой» было субпадрадчыкам пры будоўлі розных аб’ектаў, хоць на балянсе фірмы не было неабходнай спэцтэхнікі, будаўнічага абсталяваньня, транспартных сродкаў. Працоўнай сілы таксама не хапала. На самай справе працу выконвалі дзяржаўныя арганізацыі, адпраўленыя на будпляцоўку бацькам дырэктара фірмы. А грошы за працу пералічваліся прадпрыемству «ТопЕвроСтрой ».

Намесьнік старшыні Аршанскага райвыканкаму Іван Хурбатаў паводле сваіх абавязкаў якраз і курыраваў будаўнічую галіну ў раёне. Паводле ягоных адказаў тамтэйшым актывістам, у горадзе ўжо больш як 10 гадоў не знаходзілася сродкаў на рамонт аварыйнага мосту цераз Днепр. А калі пэўная сума летась усё ж была выдаткавана, яе выкарысталі на новы асфальт для вуліц, дзе чакаўся праезд Аляксандра Лукашэнкі на адкрыцьцё Лядовага палаца — вядомага аршанскага «даўгабуда», які ўрэшце адчыніўся са спазьненьнем больш як на тры гады.

Цяпер чыноўніка адпусьцілі пад абавязаньне аб яўцы. Вырашаецца пытаньне аб адхіленьні Івана Хурбатава ад займанай пасады. Расьсьледаваньне вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці. Хурбатаву пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.
XS
SM
MD
LG