Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авакаў: Сытуацыя на Ўсходзе вырашыцца на працягу 48 гадзін


Арсен Авакаў

Арсен Авакаў

Міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў заяўляе, што сытуацыя ў трох усходніх абласьцях Украіны вырашыцца на працягу 48 гадзін.

«Рэжым антытэрарыстычнай апэрацыі ва ўсіх трох абласьцях не адменены, і ў любы момант мы можам правесьці ўсе сплянаваныя дзеяньні», — сказаў ён сёньня перад пасяджэньнем Кабінэту міністраў.

Міністар заявіў, што ў праваахоўнікаў ёсьць два варыянты разьвіцьця падзей па ўрэгуляваньні сытуацыі — перамовы і сілавыя мэтады.

Як паведамілі ў прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны, перамовы аб вызваленьні будынка СБУ ў Луганску працягваюцца. Па выніках перамоваў з прарасейскімі актывістамі, 56 чалавек змаглі пакінуць памяшканьне, гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле гэтых зьвестак, людзі выйшлі бяз зброі, ніхто зь іх ніякіх траўмаў не атрымаў.

Раней у прэсавым цэнтры СБУ паведамлялі, што, пагражаючы зброяй і выбухоўкай, сэпаратысты гвалтоўна ўтрымліваюць каля 60 грамадзян, гэта значыць «зьвяртаюцца да сродкаў, якія выкарыстоўваюць тэрарысты».

Учора ў Луганску адзін з прарасейскіх радыкалаў каля захопленага будынка СБУ сьцьвярджаў, што ім «засталося пратрымацца суткі». Аб небясьпецы непасрэднай расейскай агрэсіі менавіта на тэрыторыі Луганскай вобласьці заявіў на сваёй старонцы ў Facebook каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Зьміцер Цімчук. Паводле яго, «сэпаратысты атрымалі ўказаньне ад сваіх расейскіх куратараў забясьпечыць „калідор“ на мяжы для ўводу расейскіх падразьдзяленьняў».
XS
SM
MD
LG