Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Керы абвінавачвае Маскву, а сэнатары ЗША — Керы


Дзяржсакратар ЗША Джон Керы выступіў у аўторак на слуханьнях у камітэце ў справе міжнародных адносінаў Сэнату, дзе ён абвінаваціў Расею ў спробах падрыву сувэрэннай ўкраінскай дзяржавы і стварэньні штучнага крызісу. Керы абвясьціў аб тым, што Злучаныя Штаты і іх хаўрусьнікі гатовыя ўвесьці новыя жорсткія санкцыі супраць Масквы. Аднак, нягледзячы на рашучыя заявы, дзяржсакратар стаў аб’ектам рэзкай крытыкі з боку некалькіх сэнатараў за тое, што яны называюць правалам ў зьнешняй палітыцы ЗША.

Падчас сваёй справаздачы перад былымі калегамі — сэнатарамі Джон Керы адмовіўся ад дыпляматычнай мовы і ўпершыню, па сутнасьці, наўпрост абвінаваціў Расею ў датычнасьці да правакацый сэпаратыстаў ва ўсходніх рэгіёнах Украіны:

— Відавочна, што расейскія сілы спэцыяльнага прызначэньня і расейскія агенты сталі каталізатарамі падзей, якія прывялі да хаосу ва Ўкраіне на працягу апошніх сутак, — заявіў Джон Керы. — Ніхто не павінен памыляцца і, паверце мне, ніхто не памыляецца адносна таго, што тое, што адбываецца, можа паслужыць штучна створанай падставай для ваеннага ўварваньня, сцэнару, падобнага таму, што мы назіралі ў Крыме.

Паводле дзяржсакратара, ЗША сумесна з эўрапейскімі хаўрусьнікамі гатовыя ўвесьці новыя жорсткія санкцыі супраць Масквы. Але ў Расеі, паводле яго, ёсьць выбар. Яна можа адмежавацца ад сэпаратыстаў, адвесьці свае войскі ад мяжы з Украінай і прыняць на будучым тыдні ўдзел у чатырохбаковых перамовах з удзелам ЗША, ЭЗ і Ўкраіны з мэтай дээскаляцыі ўкраінскага крызісу.

Джон Макейн

Джон Макейн

Аднак гэты традыцыйны для адміністрацыі Барака Абамы падыход — жорсткія заявы, але нежаданьне жорстка дзейнічаць у крызісных сытуацыях — выклікаў рэзкую крытыку з боку многіх сэнатараў. Кіраўнік камітэта дэмакрат Робэрт Менэндэс заявіў аб тым, што перамовы з Іранам могуць абярнуцца зусім ня тым, што абяцала адміністрацыя Абамы. Сэнатар-рэспубліканец Боб Корке абвясьціў пра правал сырыйскай стратэгіі Белага дому, а сэнатар Джон Макейн абрынуўся на Керы, свайго былога шматгадовага калегу па Сэнату, за праведзеныя ім шматлікія, па словах Макейна, зьнешнепалітычныя памылкі, у тым ліку і бяззубую ўкраінскую стратэгію: «Мой герой — прэзыдэнт Тэдзі Рузвэльт лічыў, што неабходна гаварыць мякка і трымаць у руцэ дубіну, вы ж кажаце жорстка, але трымаеце ў руцэ вельмі маленькую палку, я б нават сказаў, дубчык».

Раззлаваны нападамі былых калегаў і здагадкамі аб тым, што ў Барака Абамы не хапае рашучасьці, каб супрацьстаяць Уладзімеру Пуціну, Джон Керы абвясьціў: «Я ні на ёту не сумняваюся ў рашучасьці прэзыдэнта Абамы». Аднак ён тут жа агаварыўся, што рух у кірунку да санкцый будзе адчувальны ня толькі для Расеі, але і для ЗША.

У інтэрвію тэлекампаніі Foxnews сэнатар Джон Макейн настойвае на тым, што, прынамсі, ЗША павінны аказаць падтрымку Ўкраіне зброяй:

— Украінцы вырашылі не ваяваць за Крым, хутчэй за ўсё, гэта было слушнае рашэньне. Але калі Пуцін вырашыць уварвацца ва Ўсходнюю або Паўднёвую Ўкраіну, то яны будуць змагацца. І мы павінны зрабіць штосьці для таго, каб падтрымаць іх. Зразумела, што яны ня змогуць атрымаць верх ва ўзброеным канфлікце, але як мы можам адмовіць, калі іх краіна разьдзеленая, калі ім пагражае новае ўварваньне, калі першае, што яны ў нас просяць, — гэта зброя, з дапамогай якой яны могуць абараніць сябе. Тым самым мы заахвочваем Пуціна. І гэта ганьба.

Амэрыканскія назіральнікі, у агульным, сыходзяцца ў меркаваньні, што ледзь ці не адзіным спосабам ўзьдзеяньня на Крэмль у дадзенай сытуацыі застаюцца санкцыі. Вось што кажа Нікалас Бэрнс, былы намесьнік дзяржсакратара ЗША:

Нікалас Бэрнс

Нікалас Бэрнс

— Я думаю, Пуцін палічыў бы за лепшае дэстабілізаваць Усходнюю Ўкраіну, не зьвяртаючыся да ваеннага ўварваньня. Але ня выключана, што ён правакуе падзеі, у выніку якіх ён будзе вымушаны гэта зрабіць. У дадзенай сытуацыі Злучаныя Штаты павінны прыстрашыць Маскву ўвядзеньнем вельмі сур’ёзных маштабных эканамічных санкцый. Гэта, па сутнасьці, адзіны інструмэнт, які ў нас застаецца, акрамя ваенных дзеяньняў, якія мы выключылі. Пакуль праблемай застаецца тое, што ЗША і ЭЗ ня здольныя дасягнуць поўнага ўзаемаразуменьня на гэты конт. Вашынгтон, на мой погляд, настроены досыць рашуча, эўрапейскія сталіцы — у меншай ступені. І Пуцін, я думаю, эксплюатуе гэтае разыходжаньне.

Газэта The Wall Street Journal — крытычная, як правіла, у адносінах да зьнешняй палітыцы адміністрацыі Барака Абамы — выказала зьдзіўленьне тым, што на фоне апошніх падзей Белы дом абвясьціў у аўторак аб плянах скарачэньня амэрыканскага ядзернага арсэнала згодна з Дамовай СНВ-3. Яна лічыць, што Крэмль можа скажона ўспрыняць гэтую вестку, і заклікае адміністрацыю пачакаць з выкананьнем дагавора, а замест гэтага запатрабаваць ад Масквы тлумачэньняў адносна зьвестак аб парушэньні Расеяй дамовы аб ядзерных сілах сярэдняй далёкасьці. І ў выпадку адмовы Расеі гэта зрабіць — прыстрашыць дэнансацыяй СНУ-3.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG