Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталёнія: Рух да незалежнасьці не спыніць


Прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі ўтварылі жывы ланцуг даўжынёю 400 кілямэтраў у верасьні 2013-га.
Прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі ўтварылі жывы ланцуг даўжынёю 400 кілямэтраў у верасьні 2013-га.

8 красавіка парлямэнт Гішпаніі большасьцю галасоў адхіліў прапанову рэгіянальнай асамблеі Каталёніі правесьці ў лістападзе рэфэрэндум аб незалежнасьці аўтаномнага рэгіёну. Як Каталёнія рухалася да незалежнасьці на працягу апошніх стагодзьдзяў — хроніка падзеяў.

ХІХ ст. — Каталёнія займае месца ў авангардзе індустрыялізацыі Гішпаніі і перажывае культурнае адраджэньне; пачатак руху за ажыўленьне культуры і мовы, узьнікненьне нацыянальнага руху.

1901 — Утвараецца каталёнская Рэгіяналісцкая ліга.

1913 — Чатыры правінцыі Каталёніі атрымліваюць абмежаванае супольнае самакіраваньне ў форме Каталёнскай садружнасьці (Mancomunitat de Catalunya ) пад кіраўніцтвам Энрыка Прата дэ ла Рыба.

1925 — Садружнасьць ліквідуецца падчас дыктатарскай улады прэм’ера Гішпаніі Мігеля Прыма дэ Рывэра.

1931 — Гішпанія становіцца рэспублікай; ствараецца рэгіянальны ўрад аўтаномнай Каталёніі — Генэралітэт.

1936 — Вайскова-нацыяналістычны бунт супраць рэспубліканскага ўраду, узначалены генэралам Франка, перарастае ў Гішпанскую грамадзянскую вайну. Каталёнія застаецца вернай Рэспубліцы, на яе баку змагаюцца як рэгулярныя войскі Генэралітэту, так і добраахвотнікі.

1938-39 — Сілы Франка ўрываюцца ў Каталёнію, пракладаючы шлях да разгрому рэспубліканскага супраціву па ўсёй Гішпаніі.

1939-1975 — Дыктатура Франка; здушэньне палітычнай апазыцыі, а таксама каталёнскай аўтаноміі, мовы і культуры. Тысячы каталёнскіх актывістаў былі асуджаныя на сьмерць або выехалі з краіны.

1960-я — У Каталёніі пачынаецца масавы курортны турызм, паскараецца індустрыялізацыя. Барсэлёна прыцягвае вялікую колькасьць мігрантаў зь іншых рэгіёнаў Гішпаніі.

1975 — Пасьля сьмерці Франка пачынаецца працэс дэмакратызацыі пад уладай новага Караля Хуана Карласа.

1977 — Аднаўленьне часовага рэгіянальнага ўраду, які зноў атрымлівае назву Генэралітэт, пад кіраўніцтвам Жозэпа Тарадэльяса.

1978 — Новая дэмакратычная Канстытуцыя прызнае існаваньне асобных нацыянальных супольнасьцяў у Гішпаніі, пачынаецца працэс рэгіяналізацыі.

1979 — Каталёнія атрымлівае статус аўтаноміі, каталёнская мова разам з гішпанскай становіцца афіцыйнай мовай Каталёніі.

1980 — Правацэнтрысцкая памяркоўна нацыяналістычная партыя «Канвэргенцыя і Саюз» перамагае на першых выбарах у новы рэгіянальны парлямэнт. Яе лідэр Жордзі Пужоль становіцца першым прэзыдэнтам рэгіянальнага ўраду.

1992 — У Барсэлёне праходзяць Летнія алімпійскія гульні.

2003 — Жордзі Пужоль пакідае пасаду пасьля 23 гадоў прэзыдэнцтва.

2003, лістапад — Нягледзячы на атрыманьне найбольшай колькасьці галасоў на рэгіянальных выбарах партыя «Канвэргенцыя і Саюз» упершыню за 23 гады страчвае ўладу, адкуль яе выцясьняе кааліцыя сацыялістаў, рэвалюцыйных левых і зялёных. Рэгіянальным прэзыдэнтам становіцца сацыяліст Паскуаль Марагаль.

2006, чэрвень — Паскуаля Марагаля зьмяняе на пасадзе сацыяліст Жазэ Мантылья.

2006, жнівень — У сілу ўступае рэфармаваная вэрсія Статуту каталёнскай аўтаноміі, рэгіянальны ўрад атрымлівае большыя паўнамоцтвы і фінансавую аўтаномію. У прэамбуле ў дачыненьні да Каталёніі ўжываецца слова «нацыя».

2009, сьнежань — Паміж сьнежнем 2009 і красавіком 2011 каталёнскія нацыяналісты арганізуюць сэрыю неафіцыйных плебісцытаў аб незалежнасьці ў розных гарадах рэгіёну, улучна са сталіцай Барсэлёнай. Пры нізкай яўцы і падтрымцы незалежнасьці на ўзроўні 20 працэнтаў, вынікі рэфэрэндумаў адкідаюцца крытыкамі, але вітаюцца незалежніцкімі групамі.

2010, ліпень — Канстытуцыйны суд у Мадрыдзе прызнае незаконнай частку Статуту аб аўтаноміі 2006 году, пастанаўляючы, што няма падставаў для прызнаньня Каталёніі асобнай «нацыяй» у складзе Гішпаніі і што каталёнская мова ў рэгіёне не павінна мець перавагі над гішпанскай. Гэтае рашэньне злуе каталёнскіх нацыяналістаў і крытыкуецца рэгіянальным урадам.

Рэгіянальны парлямэнт забараняе карыду — Каталёнія становіцца першым рэгіёнам Гішпаніі, які прымае такое рашэньне.

2010, лістапад — Партыя «Канвэргенцыя і Саюз» вяртаецца да ўлады пасьля рэгіянальных выбараў.

2011, верасень — Забарона карыды ўступае ў сілу.

2012, жнівень — Каталёнія просіць у гішпанскага ўраду антыкрызісную субсыдыю памерам 5 мілярдаў эўра.

2012, верасень — Каля 1,5 мільёнаў чалавек бяруць удзел у штогадовым адзначэньні Дня незалежнасьці Каталёніі. Расьце незадавальненьне перамяшчэньнем фінансавых сродкаў з рэгіёну ў рэшту Гішпаніі. Гішпанскі прэм’ер Марыяна Рахой адхіляе заклік рэгіянальнага лідэра Каталёніі Артура Маса аб большай падатковай незалежнасьці.

2012, лістапад — Праходзяць датэрміновыя выбары з мэтай дамагчыся падтрымкі рэфэрэндуму аб незалежнасьці. Партыя «Канвэргенцыя і Саюз» Артура Маса прайграе Рэспубліканскай левай партыі. Абедзьве партыі падтрымліваюць рэфэрэндум аб незалежнасьці, але левыя выступаюць супраць палітыкі скарачэньня выдаткаў Каталёнскага ўраду.

2013, сьнежань — Рэгіянальны кіраўнік Артур Мас пераабраны пасьля таго як ягоная партыя падпісвае пакт зь левымі. Абедзьве партыі выступаюць за правядзеньне ў 2014 годзе рэфэрэндуму за аддзяленьне ад Гішпаніі.

2013, студзень — Рэгіянальны парлямэнт Каталёніі ўхваляе «Дэклярацыю аб сувэрэнітэце», скіраваную на падрыхтоўку глебы для рэфэрэндуму аб незалежнасьці ад Гішпаніі 2014 годзе.

2013, сакавік — Гішпанскі ўрад абвяшчае, што падасьць апэляцыю ў Канстытуцыйны суд супраць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Каталёніі.

2013, травень — Канстытуцыйны суд Гішпаніі прымае да разгляду апэляцыю гішпанскага ўраду; рэгіянальны кіраўнік Артур Мас прымае гэты крок з «глыбокай занепакоенасьцю».

2013, верасень — Прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі ўтварылі жывы ланцуг даўжынёю 400 кілямэтраў.

2014, красавік — Гішпанскі парлямэнт адхіляе прапанову аб правядзеньні рэфэрэндуму 9 лістапада 2014 году. Кіраўнік рэгіянальнага ўраду Каталёніі Артур Мас заявіў, што гэта «не канец справы» і што каталёнскія ўлады будуць шукаць іншыя законныя мэханізмы для працягу кансультацыяў аб рэфэрэндуме. Раней Мас заявіў, што калі ня ўдасца правесьці рэфэрэндум 9 лістапада, каталёнскія ўлады ператвораць рэгіянальныя выбары 2016 году ў галасаваньне за незалежнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG