Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы рэдактар «Прэсбола»: Адбудзецца зьмена прыярытэту відаў спорту


Сяргей Кайко. Фота pressball.by

Сяргей Кайко. Фота pressball.by

Пасьля 19 гадоў працы галоўным рэдактарам газэты «Прэсбол» вядомы спартовы журналіст Уладзімер Беражкоў сышоў з пасады. На яго месца абраны супрацоўнік гэтага выданьня 38-гадовы Сяргей Кайко. Ягоную кандыдатуру аднагалосна зацьвердзілі 8 красавіка на сходзе заснавальнікаў ТАА «Прэсбол-91».

Нягледзячы на тое, што Сяргей Кайко працуе ў «Прэсболе» больш за 10 гадоў, у інтэрвію Радыё Свабода ён прызнаўся, што прапанова ўзначаліць рэдакцыю стала для яго поўнай неспадзяванкай.

— Спадар Сяргей, з чым зьвязана рашэньне аб зьмене галоўнага рэдактара «Прэсбола»? І якім чынам яно паўплывае на рэдакцыйную палітыку?

— Пра прычыну такога рашэньня трэба пытацца не ў мяне. Я абсалютна нечакана атрымаў прапанову ўзначаліць «Прэсбол» і пасьля нядоўгіх, але сур’ёзных роздумаў на працягу некалькіх дзён пагадзіўся. Уладзімер Беражкоў узначальваў рэдакцыю амаль 20 гадоў, прыйшоў час нешта зьмяняць. Тут узьнік такі філязофскі падыход, што складана такі доўгі час узначальваць вялікі калектыў. Я гэта так зразумеў. Калі казаць пра палітыку выданьня, то нічога радыкальна не памяняецца. Прынамсі, так я гэта бачу. Але не бывае двух аднолькавых людзей, а значыць і ня можа быць двух аднолькавых рэдактараў. І гэта добра. Калі шукаць слова, каб ахарактарызаваць новую палітыку, то я б сказаў — «аптымізацыя». У межах яе мы будзем шукаць новыя падыходы, новыя формы, магчыма таксама перагледзім прыярытэты відаў спорту.

— Вы як малады чалавек, напэўна, зробіце стаўку на сайт выданьня і на стварэньне мабільнай яго вэрсіі?

— Наадварот. Я буду кіраваць газэтай «Прэсбол», папяровым выданьнем. Сайт будзе разьвівацца, але трошкі не ў залежнасьці ад мяне. На сайце ёсьць шмат творчых людзей, якім я цалкам давяраю. Магу сказаць, што ня так шмат застаецца да таго часу, калі сайт зьменіць інтэрфэйс, зьмест і атрымае дадатковы штуршок у разьвіцьці. Але мой галоўны фронт — гэта газэта і яе аптымізацыя, наданьне ёй новага імпульсу. Але мы таксама будзем рабіць новы праект «Прэсбол-ТВ» для вядзеньня трансьляцыяў матчаў — і гэта таксама добры і пэрспэктыўны кірунак, у якім мы будзем рухацца.

— У сьвеце паскораных навінаў як зрабіць, каб газэта пра спорт карысталася папулярнасьцю і здабывала новых чытачоў?

— Так, цяпер вельмі папулярная тэма адміраньня друкаваных СМІ, і ад гэтых тэндэнцыяў складана некуды падзецца. Але ня трэба драматызаваць сытуацыю. Газэты застануцца і будуць жыць. Людзям цікава чытаць добрыя тэксты пра спорт, і цяга да гэтага будзе, што б ні адбывалася ў сьвеце. Таму проста трэба пісаць цікавыя тэксты.

— Былы галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў, пракамэнтаваўшы свой сыход з пасады, сказаў, што лічыць, што вырасла генэрацыя прэсболаўцаў, якія справяцца з гэтай задачай лепш. Якая функцыя будзе ў Уладзімера Беражкова цяпер?

— Ён узначаліць назіральную раду рэдакцыі «Прэсбола».
XS
SM
MD
LG