Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узброеныя сілы Беларусі разам за расейцамі правяраюць баявую гатоўнасьць


У межах ваенных дамоваў так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі працягваецца праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, якая была распачатая ў студзені гэтага года.

Пра гэта паведамляе сайт Міністэрства абароны Беларусі, адзначаючы, што гэта робіцца на загад Аляксандра Лукашэнкі:

"Падчас першага этапу ў студзені-лютым правяралася гатоўнасьць органаў кіраваньня, злучэньняў і воінскіх частак беларускага сэгмэнта супрацьпаветранай абароны ў адзінай рэгіянальнай сыстэме супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі.

Другі этап пачаўся з праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў цэлым з прыцягненьнем часткі яе расейскага кампанэнта, што прадугледжана дамовамі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Цяпер правяраецца гатоўнасьць да выкананьня задач па прызначэньні шэрагу воінскіх часьцей і падразьдзяленьняў сіл неадкладнага рэагаваньня і хуткага разгортваньня.

Падразьдзяленьні прыводзяцца ў баявую гатоўнасьць і ў далейшым зробяць маршы ў прызначаныя раёны на Абуз-Лясноўскім, Барысаўскім і Асіповіцкім палігонах, дзе будуць праведзеныя кантрольныя заняткі па тактычнай, агнявой і фізычнай падрыхтоўцы.

Мэта праверкі — ацэнка здольнасьці органаў ваеннага кіраваньня, камандзіраў і штабоў кіраваць падначаленымі воінскімі часткамі і падразьдзяленьнямі, а для воінскіх частак і падразьдзяленьняў Узброеных сіл — гатоўнасьці выконваць задачы па прызначэньні.

Прыярытэтнае ўвага пры гэтым надаецца праверцы гатоўнасьці ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі да баявога прымяненьня",— адзначае прэсавая служба Мінабароны Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG