Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі, не ва Ўкраіне, ёсьць прыкметы фашызму, — экспэрт


Фашысты — таўро, якое крамлёўская прапаганда чапляла спачатку на ўдзельнікаў пратэстаў супраць Віктара Януковіча, а цяпер — на новы ўкраінскі ўрад ды ледзь не на ўвесь украінскі народ.

Такім чынам расейцы абураюцца супраць сваіх суседзяў і падтрымліваюць агрэсіўную палітыку Ўладзімера Пуціна. Зрэшты, як заявіў у інтэрвію ўкраінскай службе «Голасу Амэрыкі» кажа дасьледчык эўрапейскіх праварадыкальных партыяў і рухаў Лёнданскага унівэрсытэта-каледжу Антон Шахаўцоў, у самой Расеі прыкметаў фашызму значна больш, чым ва Ўкраіне.

— Па асноўнай прыкмеце нацызму і фашызму — злачынствах на этнічнай, расісцкай глебе — дзе Расея і дзе Ўкраіна?

— Статыстыка злачынстваў на расавай глебе ў Расеі значна вышэйшая, чым ва Ўкраіне. У год у Расеі ад нападаў нэанацысцкіх арганізацыяў, груповак гіне больш за 20 чалавек, у той час як ва Ўкраіне апошні раз чалавек загінуў на этнічнай глебе — у 2010 годзе. Нават па гэтай статыстыцы мы бачым, што праблема фашызму і нэанацызму ва Ўкраіне не стаіць так востра, як у Расеі. Нават улічваючы колькасьць насельніцтва, у Расеі на парадак больш нацысцкіх, прафашысцкіх арганізацыяў, скінхэдаў, чым ва Ўкраіне.

— А паводле ідэалёгіі пануючай «вярхушкі» — у ЗША Пуціна часта параўноўваюць зь Гітлерам? Ці справядліва гэта?

— Я б не сказаў, што ў Расеі пры ўладзе знаходзяцца людзі, якія самі па сабе зьяўляюцца фашыстамі. Я б хутчэй назваў Расею і Крэмль фашызоіднымі. Сваёй стратэгіяй і ўчынкамі, а асабліва, рыторыкай, яны часам нагадваюць фашысцкія рэжымы, але цалкам іх атаясамліваць з рэжымамі Нямеччыны ці Італіі 30–40-х гадоў нельга. Вядома, пуцінскі рэжым аўтарытарны, імпэрыялістычны, але там адсутнічае такі важны элемэнт як рэвалюцыйнасьць. Вось рэвалюцыйнасьці там няма. Ёсьць кансэрватызм, асабліва сацыяльны кансэрватызм, аўтарытарнасьць і імпэрыялістычнае пашырэньне межаў Расейскай Фэдэрацыі.

— Але партнэрамі Масквы за мяжой часта зьяўляюцца праварадыкальныя партыі. Падзяляе Крэмль іх ідэалёгію?

— Я думаю, што расейская эліта ні з кім сябе не атаясамлівае, акрамя фінансавых інтарэсаў унутры краіны і фінансавых групаў у Заходняй Эўропе і ЗША. Палітычную эліту ў Расеі можна хутчэй параўнаць з бізнэсмэнамі і мэнэджэрамі, чым з рэальнымі палітыкамі. Палітыкі там вельмі мала. Там занадта шмат бізнэс-інтарэсаў.

Нягледзячы на гэта, Крэмль супрацоўнічае са скрайне правымі партыямі і арганізацыямі ў Заходняй Эўропе і ЗША, таму што стратэгія Крамля накіраваная на паслабленьне Эўразьвязу, на паслабленьне ЗША. З гэтай мэтай Крэмль падтрымлівае — у прыватнасьці, і фінансава — скрайне правыя партыі ў Эўропе: для падрыву стабільнасьці, дэмакратыі і для палярызацыі эўрапейскага грамадзтва, каб зрабіць іх менш дэмакратычнымі і, такім чынам, каб Расея магла самасьцьвердзіцца на тэрыторыі Эўразіі.

— Наколькі на Крэмль уплывае ідэалёгія такіх адыёзных фігураў, як Аляксандар Дугін і Аляксандар Праханаў?

— Ідэолягі накшталт Аляксандра Дугіна, а таксама Аляксандра Праханава, або людзей, якія ўваходзяць у Ізборскі клюб, маюць уплыў на Крэмль, але гэты ўплыў зьяўляецца апасродкаваным. Наколькі я ведаю, Дугін ніколі не сустракаўся з Пуціным і ніколі ня меў шанцу прапанаваць сваю ўласную эўразійскую ідэалёгію Пуціну непасрэдна. Але ёсьць людзі, якія выступаюць пасярэднікамі паміж Ізборскім клюбам і Крамлём.

Адным з такіх пасярэднікаў зьяўляецца Сяргей Глазьеў, зь якім Дугін супрацоўнічаў дзесьці ў 2005-2006 гадах. І зараз Сяргей Глазьеў уваходзіць у гэты Ізборскі клюб, будучы дарадцам Пуціна па інтэграцыі былых савецкіх рэспублік і фарміраваньні Эўразійскага зьвязу ў 2015 годзе.

Сам Сяргей Глазьеў супрацоўнічае ўжо больш за 10-15 гадоў з такім скрайне правым палітыкам у ЗША як Ліндан Ларуш, які зьяўляецца заснавальнікам напаўфашысцкай сэкты ў Злучаных Штатах Амэрыкі. І выдавецтва Ліндана Ларуша нават апублікавала кнігу Сяргея Глазьева, перакладзеную на ангельскую мову.

— У Расеі вельмі распаўсюджаныя антыўкраінскія настроі: паводле расейскіх апытаньняў грамадзкай думкі 52 % расейцаў гатовыя ваяваць з украінцамі, а не падтрымалі анэксію Крыма толькі 20 %. Што гэта? Хіба гэта не фашызм? Нічога падобнага ва Ўкраіне няма — калі Расея ня ўмешваецца, пра яе і не прыгадваюць.

— Нельга сказаць, што з расейцамі нешта здарылася. Яны такія і ёсьць. Асабліва ўлічваючы, што яны страцілі імпэрыю, адчулі сябе прыніжанымі, зразумелі, што без імпэрыі яны ўжо не ўяўляюць такой сілы на міжнароднай арэне. Плюс прыход Пуціна, які паабяцаў зрабіць расейцаў зноў вялікім народам, і прапаганда, якая праводзілася з канца 90-х гадоў, таксама зрабіла сваю справу. І таму, вядома, прысутнасьць гэтых украінскіх — ненавісьніцкіх настрояў у Расеі вялікая, і яны могуць яшчэ больш расьці.

Параўноўваць Украіну і Расею можна і трэба, але ўсё такі гэта дзьве вельмі розныя краіны і два вельмі розныя грамадзтвы. Ва ўкраінцаў ніколі не было ўяўленьня, што яны зьяўляюцца фармуючым элемэнтам імпэрскай прасторы. У той час, як у расейцаў гэтая туга па імпэрыі застаецца вельмі высокай. І калі яны пазбавіліся гэтай імпэрыі, вядома, у іх адбыўся крызыс уласнай ідэнтычнасьці. Расейскі народ фактычна ніколі ў сваёй гісторыі ня ведаў дэмакратыі. Тыя тры гады, калі Ельцын спрабаваў пабудаваць дэмакратыю ў Расеі, гэта, напэўна, адзіны вопыт дэмакратыі ў Расеі, які ў іх ёсьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG