Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Луганску сэпаратысты каля СБУ заяўляюць што «ім засталося пратрымацца ўсяго суткі»


Як перадае карэспандэнт УНІАН са словаў актывіста зь ліку захопнікаў будынка, іх жонкам пачалі паступаць званкі ад сілавікоў з просьбай паўплываць на мужоў, каб тыя склалі зброю. У абмен на гэта абяцаюць пакінуць іх жывымі.

Адзін з выступоўцаў заявіў, што «ім засталося пратрымацца ўсяго суткі».

Таксама, паводле словаў актывіста, ім паабяцалі амністыю калі яны выйдуць з будынка.

«Мы выйдзем з будынка толькі ў тым выпадку, калі выканаюць нашы патрабаваньні: Данбас у складзе Ўкраіны, але свабодны рэфэрэндум і поўная амністыя ўсіх «беркутаўцаў», — заявіў актывіст.

На гэта патрабаваньне сілавікі заявілі, што праз паўгадзіны пачнецца штурм. Як заяўляюць актывісты, гэтыя паўгадзіны ўжо даўно прайшлі. Штурм не пачаўся.

«Мы тут будзем стаяць да канца. Луганчане, гараджане не разыходзьцеся, падтрымлівайце. Разам мы сіла», — заклікаюць выступоўцы.

Таксама ў мікрафон заклікаюць усіх мужчын прымаць актыўны ўдзел у мітынгу, браць актыўны ўдзел ва ўмацаваньні барыкад а «не адстойвацца за сьпінамі сваіх жонак».

Як паведамлялася раней, 6 красавіка ў Луганску сэпаратысты захапілі будынак УСБУ і зброю, якая знаходзілася ва ўправе. Падчас штурму былі выбітыя ўваходныя дзьверы ў будынку, камянямі разьбітыя вокны, сэпаратыстам ўдалося ўварвацца ўнутр упраўленьня і ўсталяваць на брылі будынка сьцяг Расейскай Фэдэрацыі. Падчас штурму УСБУ пацярпелі 9 чалавек. У той жа дзень старшыня Луганскай абласной дзяржадміністрацыі Міхаіл Балотскіх і начальнік Луганскага абласнога ГУ МУС Уладзімір Гуслаўскі правялі з захопнікамі будынка перамовы, пасьля якіх былі вызваленыя з-пад варты 6 прарасейскіх актывістаў, затрыманых за сэпаратызм.

Па фактах захопу будынка абласнога Упраўленьня СБУ ў Луганску, а таксама завалодваньня зброяй, якая захоўвалася ў будынку, пачатая крымінальная вытворчасьць па ч. 1 арт. 294 (масавыя беспарадкі) і ч. 2 арт. 262 (выкраданьне, прысваеньне, завалодваньне агнястрэльнай зброяй) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.

На гэты момант будынак СБУ ў Луганску застаецца пад кантролем захопнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG