Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь павінна свой погляд мець — ня ўмешвацца ў вайну», — апытньне


«Лукашэнка заявіў, што Беларусь „у любой сытуацыі будзе разам з Расеяй“. Ці пагаджаецеся вы з такім выказваньнем? Ці павінна Беларусь быць разам з Расеяй у выпадку, калі Масква пачне вайну супраць Украіны?»

Наўпроставы лінк


На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Складанае пытаньне. Мне падаецца, што Беларусь павінна свой погляд мець — ня ўмешвацца ў гэтую вайну. Па-любому, нельга нам таксама з Украінай ваяваць, бо братні народ».

Спадарыня: «Я думаю, што ў нас падпісанае пагадненьне з Расеяй аб тым, што ў выпадку нейкіх ваенных дзеяньняў павінны быць на баку Расеі. Таму я думаю, што ў выпадку канфлікту з Украінай мы таксама падключымся разам з Расеяй да гэтага канфлікту».

Спадар: «Расея не пачне ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне. Хіба Расея агрэсар? Такога ня будзе. Расеі наагул гэта не патрэбна. Была афіцыйная заява, што міратворчыя сілы ўвядуць туды пасьля таго, як будзе рашэньне Рады бясьпекі ААН».

Спадар: «Беларусь знаходзіцца ў ваенным блёку з Расеяй і Казахстанам. Наколькі памятаю, ён называецца АДКБ. Значыць, будзем выконваць свае хаўрусьніцкія абавязаньні».

Спадарыня: «Расея ня проста так будзе падтрымліваць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне. Там жыве шмат расейскамоўнага насельніцтва — іх там проста забіваюць. У мяне там сваякі жывуць, і я ведаю, якое там сур’ёзнае й страшнае становішча. Ня трэба ваяваць супраць Украіны. Трэба проста падтрымліваць Расею, а ня супраць яе выступаць».

Спадар: «Я за мірнае вырашэньне ўсіх праблемаў. Ня трэба ваяваць! Вы бачыце, што робіцца ў Лібіі, Сырыі: разбамбілі ўсё, разьдзярбанілі».

Спадар: «Навошта яна пачне? Ёй няма сэнсу пачынаць. Гэта проста сьмешна. Гэта шасьцёркі будуць ваяваць ва Ўкраіне, якім заплацяць грошы — абы толькі пагаварыць. Расеі таксама патрэбная дапамога — хоць бы эмацыйная».

Спадарыня: «Я ня думаю, што пойдзе вайною, але думаю, што Расея будзе абараняць свае інтарэсы ў любым выпадку. Беларусі, думаю, усё-ткі лепш як лепш для Беларусі, у інтарэсах Беларусі. Думаю, ня трэба ўступаць у агрэсію, не падтрымліваць, а быць нэўтральнай. Хутчэй за ўсё так».

Спадар: «Мы ўсё-ткі застанемся нэўтральнымі, ня пойдзем з вайною ва Ўкраіну».

Спадар: «Літару закону нібыта й трэба захоўваць, але памятаць пра тое, што ў Беларусі ў гады Другой сусьветнай вайны загінуў кожны чацьвёрты. Пра якую вайну наша нацыя можа казаць?! Мы й так зьмяншаемся на 10 тысяч насельніцтва ў год — па сутнасьці, груба кажучы, кожны год адзін раённы цэнтар у нас вымірае. Пра якую вайну гаварыць? Трэба думаць і клапаціцца пра будучыню, пра дзяцей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG