Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастрэньне сытуацыі ў асобных гарадах усходу і поўдня Ўкраіны інсьпіравана звонку і выклікана падрыўной дзейнасьцю Расейскай Фэдэрацыі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны адносна ўмяшаньня Расеі ва ўнутраныя справы Ўкраіны.

У заяве адзначаецца, што «ў ажыцьцяўленьне правакацыяў уцягнутыя групоўкі, якімі кіруюць расейскія спэцслужбы».

У МЗС адзначылі, што «агрэсіўныя дзеяньні, якія ставяць пад пагрозу жыцьцё і бясьпеку ўкраінскіх грамадзян, актывізацыя сэпаратысцкіх сіл і ўдзел у супрацьпраўных дзеяньнях грамадзян Расеі сьведчаць пра намер ажыцьцявіць другі этап акупацыі Ўкраіны».

«Эскаляцыя становішча павінна была прывесьці да кровапраліцьця і сілавога супрацьстаяньня. Гэтую нагоду плянавалася выкарыстоўваць для далейшай агрэсіі», — адзначае МЗС Украіны.

Паводле МЗС, украінскія грамадзяне не паддаліся на правакацыі.

«Наш народ не прымае і ня прыме ідэяў сэпаратызму і фашызму, якія актыўна распаўсюджваюць правакатары з расейскіх спэцслужбаў. Ідэя так званай „фэдэралізацыі“ Ўкраіны, якая навязваецца Масквой, зьяўляецца адной са спэцраспрацовак. Гаворка ідзе не пра фэдэралізацыю, а пра „паралізацыю“ нашай дзяржавы, яе эканомікі і магчымасьцяў нашых грамадзян», — адзначаецца ў заяве МЗС.

МЗС Украіны патрабуе ад Расейскай Фэдэрацыі неадкладна спыніць умяшаньне ва ўнутраныя справы Ўкраіны і выканаць публічныя абавязаньні па дээскаляцыі сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG