Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герасіменя: Кожны павінен мець магчымасьць выказваць уласную пазыцыю


Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

Адна з найбольш вядомых беларускіх спартовак — плыўчыха Аляксандра Герасіменя — ня толькі дэманструе выбітныя вынікі ў басэйне.

Яна натхняльніца фэстывалю плаваньня для ўсяе сям’і «Залатая рыбка», з дапамогай сяброў рэалізуе шматлікія акцыі ў падтрымку хворых дзяцей у рамках праекту «Мары збываюцца». Шмат для каго яна выступае ўзорам у выяўленьні асабістай грамадзянскай пазыцыі.

Толькі ўчора Аляксандра Герасіменя вярнулася са збораў у высакагорным армянскім Цахкадзоры, а заўтра ўжо трэба зьбіраць рэчы да чарговага міжнароднага трансфэру. Але паміж кароткімі паўзамі ў чэмпіёнкі сьвету і Эўропы, алімпійскай прызёркі знаходзіцца час для грамадзкіх спраў. Зрэшты, часам высілкі ня столькі радуюць, колькі зьдзіўляюць. Падчас нацыянальнага фэстывалю плаваньня «Залатая рыбка», да якога далучаныя дзяржаўныя ведамствы — ад Цэнтру фізвыхаваньня і спорту навучэнцаў і студэнтаў да Міністэрства адукацыі — літаральна «усплываюць» факты фальсыфікацыі:

«Апошнім часам даводзілася сутыкацца нават з такім, што сем’і, якія выступалі ў эстафэце, былі, скажам так, несапраўдныя: мама з адной сям’і, тата з другой, а дзіцёнак увогуле з трэцяй. Гэта ня тое што сьмешна, а проста незразумела, прыкра. Ну навошта нешта рабіць толькі дзеля птушачкі? Гэта проста глупства. Такія „сем’і“ нам не патрэбныя. Спадзяюся, што ў траўні на рэспубліканскім узроўні мы іх ня ўбачым. Бо хочацца, каб гэта было на самой справе сьвятам для кожнага, каб людзі ўдзельнічалі найперш дзеля таго, каб атрымаць задавальненьне».
Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя


Аляксандры Герасімені неаднойчы даставалася за прынцыповую пазыцыю, за нежаданьне закрыць вочы на нейкія моманты. Пачалося ўсё летась, калі ў Быхаве сумясьцілі два мерапрыемствы — Дзень Беларускай пісьменнасьці і адкрыцьцё басэйну. Адказваючы на пытаньне пра свае літаратурныя прыярытэты, Герасіменя прызналася, што захапляецца Васілём Быкавым, ганарыцца знаёмствам з Генадзем Бураўкіным, а з сучасных літаратараў сочыць за творчасьцю Натальлі Батраковай.

Але найбольшым раздражняльнікам аказаліся яе разважаньні пра бел-чырвона-белы сьцяг: «З пункту гледжаньня эстэтыкі бел-чырвона-белы сьцяг, вядома, больш сымпатычны. Дый гісторыя ў яго багатая і насычаная: Вялікае Княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясьвіж, — падкрэсьліла спартоўка. — Давайце ня будзем забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаў Эўропы!»

Неўзабаве яе зварот да гістарычных каранёў падтрымалі і іншыя спартоўцы, трэнэры. Аляксандра ўсьцешаная такой актыўнасьцю і перакананая: у любой сытуацыі надзвычай важна мець магчымасьць выказваць уласную пазыцыю:

«Вядома, радуе, што мяне падтрымалі, зразумелі, інакш тут і ня скажаш. Я лічу, што ў кожнага чалавека павінна быць свая думка. Яна не абавязкова павінна быць правільная ці няправільная, але яна павінна быць. Каб кожны меў магчымасьць яе выказаць, каб можна было паспрачацца, наладзіць нейкую дыскусію. Таму, безумоўна, я вельмі задаволеная, што людзі сталі гаварыць пра тое, што некалі гаварыла я».

Міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко, які перайшоў у ведамства зь Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, выказаўся за ўзмацненьне ідэалягічнай працы ў падпарадкаванай яму галіне. Паводле ягоных словаў, гэта будзе эфэктыўным «сродкам яднаньня» дзеля дасягненьня пастаўленай мэты. Чыноўнік спаслаўся на нізкі ўзровень асабістай культуры асобных атлетаў, чые выказваньні «зь лёту падхопліваюць так званыя „сьвядомыя“». Заява была зроблена неўзабаве пасьля таго, як Герасіменя публічна выказалася наконт эстэтычнай прывабнасьці бел-чырвона-белага сьцяга.
Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя


Як складаюцца адносіны з галіновым ведамствам на тле ідэалягічных супярэчнасьцяў? Ці не трымаецца супраца найперш на пасьпяховых выступах на міжнародных спаборніцтвах, а як толькі вынікі зьнікнуць, ад паслугаў спартоўкі адмовяцца?

«Добрае пытаньне... Ну якія могуць быць адносіны? Нармальныя, дзелавыя адносіны. Я ў прынцыпе ўвесь час на спаборніцтвах, на зборах; трэніруюся, у мяне свая праца. Бо каб рабіць сваю справу, трэба шмат працаваць. Магчыма, так яно і ёсьць, магчыма, так і будзе, бо, на жаль, бывалі такія выпадкі, калі спартоўцы, якія не паказвалі патрэбных вынікаў, проста зьнікалі. Як толькі на іх пераставалі рабіць стаўкі, пра іх адразу ж забываліся. Але я пакуль маю дастаткова амбіцыяў, дзеля таго каб дасягаць вынікаў, таму трэба спадзявацца, што пакуль нашы адносіны будуць на карысьць усім».

Аляксандра Герасіменя — рэклямны твар самага буйнога дзяржаўнага банку, «Беларусбанку». Уся рэкляма — ад бігбордаў да календароў — расейскамоўная. У той жа час некаторыя камэрцыйныя банкі прыцягваюць спартоўцаў, каб падкрэсьліць якраз сваю беларускасьць: так, БелВЭБ рэклямуюць тайбаксёры, ужо добра вядомыя сваёй нацыянальнай пазыцыяй. Ці хацела б пабыць беларускамоўнай мадэльлю «залатая рыбка»?


«Натуральна, што мне гэта было б цікава. Неафіцыйна, скажам так, не на публіцы — я спрабавала і спрабую размаўляць на беларускай мове. Але для таго, каб мову прэзэнтаваць на такім узроўні, трэба, вядома, размаўляць на ёй вельмі добра, каб усё гэта выглядала на самой справе прыгожа. Мяркую, што ў бліжэйшай будучыні, калі я беларускую мову нарэшце ўдасканалю, я таксама здолею вольна размаўляць на беларускай мове».

Былая дыктарка Беларускага тэлебачаньня, а цяпер прэс-сакратар «Беларусбанку» Ларыса Грынько запэўніла, што фінансавая ўстанова ў трэндзе і беларускамоўная Герасіменя — справа не такой аддаленай будучыні:
Ларыса Грынько
Ларыса Грынько
«Ведаеце, нам — банку — гэта таксама вельмі цікава. І я думаю, што мы адмыслова для Аляксандры дадзім некалькі ўрокаў беларускай мовы, крыху падкарэктуем яе беларускае вымаўленьне. То бок абавязкова пачнём супрацоўнічаць у гэтым кірунку. Мы ў гэтым трэндзе знаходзімся і будзем заставацца надалей».

Сёлета споўнілася 6 гадоў спартова-дабрачыннаму праекту «Мары збываюцца», натхняльніцай якога стала Аляксандра Герасіменя. Праект аб’ядноўвае зорак беларускага спорту. За прамінулы час праведзена амаль паўтысячы акцыяў у дапамогу хворым дзецям і спартоўцам у 130 гарадах і вёсках Беларусі. Сёлета імпрэза перакрочыла межы Беларусі — далучыліся атлеты, якія выступаюць і жывуць за мяжой. Ад сакавіка да пачатку красавіка беларусы сумеснымі намаганьнямі арганізавалі 22 акцыі ў 11 краінах сьвету.

_______________________________________

Аляксандра Герасіменя нарадзілася 31 сьнежня 1985 году ў Менску. Трохразовая чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў, эўрапейская рэкардсмэнка па плаваньні. Чэмпіёнка сьвету, чэмпіёнка і срэбная прызёрка чэмпіянату Эўропы. На Алімпіядзе-2012 у Лёндане выйграла срэбны мэдаль у заплыве на 100 мэтраў вольным стылем, а на дыстанцыі 50 мэтраў вольным стылем фінішавала другой. Майстар спорту міжнароднага клясу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG