Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 гадоў таму ва ўзросьце 49 гадоў раптоўна памёр адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Генадзь Карпенка. На думку многіх палітолягаў і экспэртаў, менавіта ён мог стаць другім прэзыдэнтам Беларусі.

Памочнік Генадзя Карпенкі Валер Костка сёньня, згадваючы той час, кажа: у 2001 годзе Карпенка стаў бы рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку. Да прэзыдэнцкіх выбараў ён рыхтаваўся вельмі грунтоўна:

«Было расьпісана, хто за які рэгіён адказны, хто рыхтуе каманды. І ўсё гэта рабілася акуратна, бязь лішняга шуму-гаму. Стваралася моцная каманда пад Карпенку. І ў 2001 годзе яна б „стрэліла“ вельмі моцна.

Асабіста мне ён даручыў два раёны. Смалявіцкі, дзе я нарадзіўся, жыў, меў мноства сяброў. І Маладэчанскі, дзе мы працавалі. Толькі ў мяне было больш за паўтысячы людзей. А па іншых раёнах Карпенка прызначаў іншых — мясцовых, вядомых. Фактычна, Карпенка рыхтаваўся перамагаць. Бо ў тыя часы нават Ярмошына не магла так проста пісаць лічбы, якія не адпавядалі сапраўднасьці».
Дзень волі 1997 год. Ад цэнтру зьлева направа — Юры Хадыка, Юры Захаранка, Генадзь Карпенка.

Дзень волі 1997 год. Ад цэнтру зьлева направа — Юры Хадыка, Юры Захаранка, Генадзь Карпенка.



Суаўтарка кнігі «Генадзь Карпенка. Хроніка надзеяў, якія ня спраўдзіліся» Сьвятлана Калінкіна кажа: Карпенка, калі б ён застаўся жывы, абавязкова стаў бы прэзыдэнтам. Магчыма, праўда, не ў 2001 годзе, а пазьней:

«Мне ўсё ж падаецца, што ўжо тады наша апазыцыя не змагла б аб’яднацца вакол адной фігуры. Нават такой моцнай, як Карпенка. А з другога боку, Лукашэнка ўсё яшчэ дурыў галаву людзям. І ўсё яшчэ быў папулярны. Таму што тычыцца 2001 году, у мяне такога адназначнага меркаваньня на карысьць Карпенкі няма.

Але мне падаецца, што калі б ён дажыў да 2006 году, да 2010-га, да сёньняшняга дня, то ўжо проста абставіны б вымусілі апазыцыю аб’яднацца вакол такога цяжкавагавіка. І наагул, калі б усе гэтыя гады жыў Карпенка, то мы б мелі ў нашай краіне іншую сытуацыю. І ў апазыцыі, і ва ўладзе».
Зварот да старшыні Вярхоўнага Савету ў залі пасяджэньняў. Ля мікрафона № 2 дэпутат Генадзь Карпенка

Зварот да старшыні Вярхоўнага Савету ў залі пасяджэньняў. Ля мікрафона № 2 дэпутат Генадзь Карпенка



Цяпер унутры Беларусі няма такіх сапраўдных апазыцыйных лідэраў, як Зянон Пазьняк і Генадзь Карпенка, — разважае Валер Костка:

«Карпенка працаваў, як Пазьняк. Пазьняк, калі ствараў Беларускі Народны Фронт, працаваў па невялікіх гарадах, па пасёлках, па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ствараліся структуры. А структуры — гэта асноўнае.

Сучасныя так званыя апазыцыянэры больш працуюць на зьнешні эфэкт — інфармацыйны, рэклямны. Але яны не працуюць так, як патрэбна пры пабудове палітычнай сілы. А тут правілы такія. Ёсьць ідэя. Пад яе знаходзяць прыхільнікаў. Тыя ствараюць структуры. І гэта ўсё становіцца базай для правядзеньня палітычных кампаніяў — выбараў, рэфэрэндумаў і г.д. Карпенка і Пазьняк працавалі як палітыкі. А цяперашнія так званыя апазыцыянэры працуюць як артысты».

Удава палітыка Людміла зь дзецьмі з-за прэсінгу ўладаў вымушаная была зьехаць у Нямеччыну. Сёньня праз тэлефон з Франкфурту, дзе яна цяпер у дачкі Тацяны, Людміла Карпенка сказала Свабодзе:

«Многія кажуць, што 15 гадоў — гэта вялікі тэрмін. Я гэтага не магу сказаць. Натуральна, што цяпер няма таго вострага болю, які быў цягам першых пяці гадоў. Гэта хутчэй ужо хранічны боль.

Генадзя нашай сям’і не хапае. І мы гэта адчуваем. Я думаю, што яго не хапае ня толькі родным, сям’і. Яго не хапае і нашай Беларусі. Я чытала водгукі на інфармацыю пра Генадзя, якую надрукавалі ўчора на адным зь беларускіх сайтаў. І зьдзіўлялася, як шмат людзей на яе адгукнуліся. Як прыгожа і душэўна яны ўзгадвалі майго мужа.

Я думала, што многія ўжо забыліся пра Генадзя. Сапраўды, прайшло ўжо 15 гадоў. Але людзі памятаюць. І многія кажуць, што ён не памёр, а яго забілі».
Магіла Генадзя Карпенкі

Магіла Генадзя Карпенкі



Людміла Карпенка паведаміла таксама, што яна здала дакумэнты на афармленьне нямецкага грамадзянства. Але адмаўляцца ад беларускага яна не зьбіраецца ні ў якім выпадку. «Спадзяюся, што ў мяне будзе падвойнае грамадзянства, як і ў маіх дзяцей, якія ўжо маюць па два пашпарты», — сказала ўдава Генадзя Карпенкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG