Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Рэспубліка ў «Мулен руж». Жывая трансьляцыя на Свабодзе а 19-ай


Паліна Паланейчык

Паліна Паланейчык

Радыё Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю з канцэрту.

8 красавіка ў мінскім клюбе «Мулен Руж» беларуская сьпявачка Паліна Паланейчык прадставіць разам з музыкамі з свайго гурта адмысловую праграму. Радыё Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю з канцэрту.

Канцэрт у межах акцыі «Жывы Тузін» падтрымае таксама гурт BosaeSonca.

Будучы канцэрт Паліны Рэспублікі можна назваць бадай што самым вялікім сольным канцэртам за яе пакуль яшчэ нядоўгую, але пасьпяховую кар’еру, якая пачалася зь перамогі на фэстывалі «Бардаўская восень-2011» і прызнаньня «Адкрыцьцём году» па вэрсіі парталу Tuzin.fm.


З 17 год Паліна пасьпяхова грае сольныя канцэрты і пастаянна пашырае геаграфію выступаў. Летась яна зьезьдзіла ў міні-тур па Ўкраіне, дзе здабыла нямала прыхільнікаў.

Да вялікага сольнага канцэрту ў мінскім клюбе «Мулен Руж», які прыпадае якраз на яе 20-годзьдзе, Паліна рыхтуе разам з музыкамі адмысловую праграму. Склад гурту пашырыўся, далучыліся бубнач Юры Мартынаў, басіст Вадзім Сьцепановіч, а замест кантрабаса зараз гучыць віалянчэль Аляксандры Аляксюк.

«Шмат ужо знаёмых нашым аматарам песень прагучаць у новых аранжыроўках, у чымсьці больш танцавальных, а ў чымсьці і больш драматычных. Разам з тым мы не адмянялі пяшчотнай лірыкі і зусім акустычнай Паліны. Як мне падаецца, бяз гэтага нельга. Будуць абавязкова і новыя песенькі, але гэта сакрэт. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца і канцэрт атрымаецца сьвяточным для ўсіх», — распавядае пра свае чаканьні ад будучага выступу сьпявачка.

Паліну падтрымае адзін зь яе ўлюбёных гуртоў на беларускай сцэне — BosaeSonca, які летась выдаў адразу два адметныя альбомы «Zalaty» і «Адпусьці».

Канцэрт 8 красавіка пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін» пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода.

Клюб «Мулен Руж» (вул. Сухая, 2, ст. м. Фрунзенская). 19.00. Квіткі набыць можна ў клубе «Графіці», касах Kvitki.by і он-лайн праз і ў паб-клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16) Тэлефон для даведак: 638-44-44 (Velcom, MТС, life)
XS
SM
MD
LG