Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы наогул ня ведаюць, дзе Ўкраіна, але хочуць паслаць свае войскі


Марская пяхота ЗША на Грэнадзе, 1983

Марская пяхота ЗША на Грэнадзе, 1983

У ЗША пад канец мінулага месяца было праведзенае рэпрэзэнтатыўнае апытаньне наконт таго, як Злучаным Штатам трэба рэагаваць на анэксію Крыму Расеяй. Сацыёлягі атрымалі вельмі асаблівую карэляцыю паміж узроўнем веданьня, дзе знаходзіцца Ўкраіна на мапе, і ахвотай амэрыканцаў паслаць свае войскі дзеля ўмяшаньня і дапамогі Ўкраіне.

Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў артыкулу ў The Washington Post, які апісвае гэтае апытаньне.

28-31 сакавіка 2014 году мы запыталіся ў 2066 рэспандэнтаў з агульнанацыянальнай выбаркі (пры выкарыстаньні службы Survey Sampling International Inc.), якія дзеяньні, на іх думку, ЗША павінны зрабіць у сувязі з Украінай, але дадалі да апытаньня разынку. У дадатак да замераў стандартных дэмаграфічных характарыстык і агульнага стаўленьня да зьнешняй палітыкі, мы таксама папрасілі нашых рэспандэнтаў, каб яны паказалі Ўкраіну на мапе. Мы хацелі ўбачыць, дзе паводле амэрыканцаў знаходзіцца Ўкраіна, і дазнацца, ці гэтае веданьне (або няведаньне) зьвязанае зь іх поглядамі на замежную палітыку. Мы выявілі, што толькі адзін з шасьці амэрыканцаў можа знайсьці Ўкраіну на мапе. І яшчэ выявілася, што чым больш рэспандэнты памыляліся ў фактычным разьмяшчэньні Ўкраіны на мапе, тым больш яны хацелі, каб ЗША правялі там вайсковую інтэрвэнцыю.

Рэспандэнты вызначалі месцазнаходжаньне Ўкраіны, націскаючы мышшу на падрабязную мапу сьвету. (...) Прыблізна адзін з шасьці (16%) амэрыканцаў правільна акрэсьліў месцазнаходжаньне Ўкраіны, зрабіўшы «клік» дзесьці ў яе межах. Большасьць палічыла, што Ўкраіна знаходзіцца дзесьці ў Эўропе або Азіі, але ў сярэднім рэспандэнты памыліліся амаль на 3000 кілямэтраў, вызначыўшы месца Ўкраіны ў рэгіёне, які мяжуе з Партугаліяй на захадзе, Суданам на поўдні, Казахстанам на ўсходзе і Фінляндыяй на поўначы (глядзіце далучаную мапу). (...)

Мы таксама папрасілі нашых рэспандэнтаў адказаць на шэраг пытаньняў пра тое, што яны думаюць аб бягучай сытуацыі на месцы ва Ўкраіне, і што, на іх думку, павінны зрабіць Злучаныя Штаты. Як і ў іншых нядаўніх апытаньнях, мы выявілі, што хоць амэрыканцы дакладна ня вызначыліся, што трэба рабіць з Украінай, то яны, хутчэй за ўсё, схільныя выступаць супраць дзеяньняў, якія каштуюць даражэй, чым іншыя — 45% амэрыканцаў падтрымалі байкот саміту G8, напрыклад, тым часам як толькі 13% выказаліся за ўжываньне сілы.

Тым ня менш, аказалася яшчэ, што тыя рэспандэнты, якія мацней памыляюцца што да фактычнага месцазнаходжаньня Ўкраіны, мацней хочуць, каб ЗША правялі там вайсковую інтэрвэнцыю.

Месца на карце, дзе апытаныя разьмясьцілі Ўкраіну:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG