Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецкія сэпаратысты хаваюцца за жанчын


Украінскія міліцыянты патрулююць будынак СБУ ў Данецку

Украінскія міліцыянты патрулююць будынак СБУ ў Данецку

Самаабвешчаную «Данецкую рэспубліку» скасавалі назаўтра ж пасьля абвяшчэньня.

Удзельнікі сэпаратысцкіх акцыяў у Данецку здалі частку зброі, заявіў мэр гораду Аляксандар Лук’янчанка.

Ён адзначыў, што нэгатыўна ставіцца да сэпаратысцкіх заклікаў, якія гучаць у Данецку. Разам з тым ён выказаў меркаваньне, што такая сытуацыя склалася з-за нежаданьня цэнтральных органаў улады зразумець праблемы рэгіёну.

Лук’янчанка выказаў надзею, што «ўрад і Вярхоўная Рада Ўкраіны пачуюць людзей», інакш тыя будуць «спадзявацца на абарону суседняй дзяржавы».

У той жа час сэпаратысты, якія захапілі Данецкую аблдзяржадміністрацыю, рыхтуюцца да таго, што сілавыя структуры пачнуць штурм. Яны папрасілі жанчын заставацца ў будынку, паведамляе мясцовае выданьне «Остров».

«А вы, жанчыны, ні ў якім разе разыходзьцеся! Ну ня будуць па вас страляць. Яны проста ня маюць права. Заставайцеся, стойце тут, мілыя жанчыны», — заклікалі яны.

Сэпаратысты працягваюць умацоўваць барыкады. Па ўсім пэрымэтры данецкай адміністрацыі сэпаратысты падрыхтавалі багата разабранага бруку.

У панядзелак самаабвешчаны «народны абласны савет» Данецкай вобласьці прыняў рашэньне аб стварэньні незалежнай Данецкай рэспублікі і яе ўваходжаньні ў склад Расеі.

Сёньня Каардынацыйны Камітэт патрыятычных сіл Данбасу пастанавіў адмяніць рашэньне «народнага аблсавету» аб стварэньні «Данецкай рэспублікі».
XS
SM
MD
LG