Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом перасьцерагае Пуціна


Джэй Кэрні (Jay Carney)

Джэй Кэрні (Jay Carney)

Белы дом перасьцерагае прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ад «адкрытага ці прыхаванага» ўварваньня ва ўсходнюю частку Ўкраіны, і заяўляе, што валодае пераканаўчымі доказамі таго, што прарасейскія дэманстрацыі ў рэгіёне былі праплачаныя.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», у панядзелак на брыфінгу прадстаўнік Белага дому Джэй Кэрні заявіў:

«Калі Расея будзе прасоўвацца на ўсход Украіны, адкрыта або таемна, гэта прывядзе да вельмі моцнай эскаляцыі канфлікту. Мы заклікаем прэзыдэнта Пуціна і яго ўрад спыніць спробы дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, а таксама заклікаем не працягваць ваенную інтэрвэнцыю».

Кэрні таксама адзначыў, што ЗША гатовыя пайсьці на дадатковыя санкцыі.

«Мы вельмі занепакоеныя тым, што адбываецца, і мы дакладна вызначылі нашу пазыцыю: Расея не павінна надалей рабіць захады, якія парушаюць тэрытарыяльную цэласнасьць або сувэрэнітэт Украіны», — заявіў ён.

Сяргей Лаўроў і Джон Керы, архіўнае фота

Сяргей Лаўроў і Джон Керы, архіўнае фота

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым адзначыў, што «Вашынгтон зь вялікім непакоем сочыць за падзеямі ва ўсходняй Украіне». Дзяржсакратар папярэдзіў , што «любыя далейшыя крокі Масквы ў бок дэстабілізацыі Ўкраіны» пацягнуць за сабой далейшыя санкцыі.

Кэры заклікаў Расею публічна «дэзавуяваць дзейнасьць сэпаратыстаў, дывэрсантаў і правакатараў».

У гутарцы з Кэры Сяргей Лаўроў заявіў, што для ўрэгуляваньня крызісу неабходная канстытуцыйная рэформа. Расея лічыць, што ва Ўкраіне ўшчамляюцца правы этнічных расейцаў, а ў выніку такой рэформы рэгіёны Ўкраіны атрымаюць больш шырокія паўнамоцтвы.

У артыкуле, апублікаваным на сайце брытанскай газэты Guardian, Лаўроў адкідае абвінавачваньні ў тым, што Расея спрабавала дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне, і абвінавачвае Захад у «беспадстаўным нагнятаньні напружанасьці».

Расейскі міністар замежных спраў перасьцярог улады Ўкраіны супраць любога выкарыстаньня сілы супраць удзельнікаў прарасейскіх дэманстрацый.

ЗША: Далейшыя спробы Расеі дэстабілізаваць Украіну пашкодзяць самой Расеі

Джэн Сакі

Джэн Сакі

Афіцыйная прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Джэн Сакі заявіла на брыфінгу ў Вашынгтоне:

«Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры даў зразумець, што любыя далейшыя спробы Расеі дэстабілізаваць Украіну будуць несьці дадатковыя страты для Расеі».

Паводле яе словаў, цяпер абмяркоўваецца пытаньне аб правядзеньні цягам бліжэйшых дзесяці дзён перамоваў паміж Украінай, Расеяй, ЗША і Эўразьвязам для абмеркаваньня праблемы ўрэгуляваньня сытуацыі. Цяпер абмяркоўваюцца тэрміны і парадак дня гэтых перамоваў, адзначыла Джэн Сакі.

Паводле словаў прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту, ЗША добра разумеюць, што за цяперашнімі падзеямі на паўднёвым усходзе Ўкраіны прасочваецца расейскае ўмяшальніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG