Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч. Лісты з крыткі


Мікалай Аўтуховіч пасьля галадоўкі, 2007

Мікалай Аўтуховіч пасьля галадоўкі, 2007

Урыўкі зь лістоў палітвязьня Мікалая Аўтуховіча да рэжысэркі-дакумэнталісткі Вольгі Мікалайчык — аўтаркі вядомых фільмаў «Катаваньні ў Беларусі» і «Падарожжа па бясконцай вайне».


«Ніводнага разу Мікола не напісаў мне ліст па-руску — толькі на мове. На выдатнай, бездакорнай мове,» -- расказала Свабодзе Вольга Мікалайчык.

19.12.11. «...У мяне пакуль усё адносна добра, калі так мажліва казаць. Але пачалі „страляць“, і не зусім зразумела, чаму раптам пачалася гэтая „страляніна“. Трымаюся пакуль. Невядома, ці то помста, ці хочуць запалохаць. Час пакажа. Але хай усе ведаюць, што за мяне сорамна ня будзе...» (што такое «пачалі страляць» — я сама ня вельмі дагнала, напэўна, катаваць нечым — гукам, ці сьвятлом мярцаючым — ня ведаю).

« ...Павіншуй, калі ласка, усіх ад мяне з Калядамі, праз нэт, у тым годзе павіншаваў больш за 70 чалавек, мне сорамна. Але ў гэтым годзе ніяк не атрымаецца… Я не чакаў тут такіх баталій…»

02.10.12. «...Доўгі час не атрымліваю ад цябе лістоў. І ведаеш — ня толькі ад цябе. Нешта сапсавалася ў іхным мэханізьме... за мяне не хвалюйцеся моцна. Усё ўжо здарылася і прайшло. Думаў, што абыдзецца бяз гэтага... памыляўся. У мяне ўсё нармальна! Усім вялікая падзяка за падтрымку!»

02.10.13. Пасьля таго, як Мікола ускрыўся ў турме:

«...Напішы абавязкова, як маці выглядае. Як адчувае сябе? Мне вельмі шкада маці, павер. Але выхаду не было... Ня ведаю, чым гэта яшчэ скончыцца... Але не хвалюйцеся. Я абавязкова ўсё вытрымаю! Магу толькі паведаміць, што інакш было немагчыма. Такі я чалавек. Адвакат Альвіна аб усім распавядзе...»

«...Ад Зьміцера з Настачкаю Дашкевічаў атрымаў цэлы альбом здымкаў зь вясельля. Больш-менш разумею, як там было прыгожа і весела...»

15.07.13. «...Вось ужо прайшла палова лета. Апошняга лета за гэтымі кратамі. Потым будзе апошняя восень і зіма. Час ляціць! Шмат думаю, што чакае наперадзе? Зноў за краты, ці будзе лепш? Супакойвае тое, што сяброў стала значна больш. А там час пакажа... Ну вось, час разьвітацца! Прывітаньне ўсім! Трымайцеся! Ліцьвіны павінны быць моцнымі!..»

02.07.13. «...Засталося зусім нічога: 279 дзён! Час ідзе хутка, таму праляціць, як птушка над маім прагулачным дворыкам...» Вольга Мікалайчык

Вольга Мікалайчык



«...Усе спадзяюцца на кагосьці з-за „бугра“. А што зрабілі за гэты час самі яны??? Шкада часу!»

20.02.13. «...Вось ад 17 студзеня да 15 лютага атрымаў 101 ліст разам з паштоўкамі. Ня ўсім адпісваю, бо не пасьпяваю. Ужо забыўся, калі браў у рукі кнігу. Ледзь пасьпяваю газэты праглядзець. Затое час ляціць вельмі. Вельмі хутка...»

«...Павіншуй, калі ласка, па скайпу Алену з Масквы з народзінамі. Бо лісты да яе ідуць часам больш за месяц. Але ў мяне нават няма пакуль патрэбных слоў дзеля гэтага неабыякавага чалавека. З усёй Расеі знайшоўся толькі адзін чалавек, які хоча падзяліць са мной мае цяжкасьці. І больш за год лістуецца са мной...»

29.07.12. «...Лісьцікі мяты, якую ты выслала, не дайшлі — гэта забаронена, таксама сёньня атрымаў ліст, у які ўклалі лісьцікі ліпы — таксама не дайшлі...»

«...Спадзяюся, мой тэрмін скончыцца, як падабае. А то гульні вакол Зьмітра Дашкевіча ня вельмі прыемныя. Няўжо так баяцца??? Жах кагосьці не пакідае...»

10.04.12. «...Часу на ўсё не хапае... Пішу, чытаю — чытаю, зноў пішу. Час ідзе хутка. Сачу за падзеямі — і балюча на душы. Ізноў настойліва агучылі прапанову вязьням стаць на калені. Калі чалавек не вінаваты — аб чым ён можа прасіць дараваньня? Каб ня стаць рабом, чалавек не павінен зьневажацца ніколі! Ніводнага разу! Тады ёсьць шанец перамагчы... Ня так даўно чытаў верш Уладзімера Караткевіча „Беларуская песьня“. Мне там спадабаліся асобныя радкі пра наш край:

„...Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі.
І апошняй ральлёй. На якую ўпадзем у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі, ніколі, ніколі,
Так, ніколі ня кінем, ня кінем цябе...“

Вось, як прыгожа!!!»

07.02.12. «...Вялікі дзякуй табе за турботы аб матулі. Я вельмі хвалююся аб ёй. Калі б ведаў, што ў яе ўсё добра, то любая турма была як санаторый. Пакуль абжываюся. Вяду дзёньнік, каб было ўсё дакладна. Да выхадных меў намер атрымаць 6 газэт, але іх дагэтуль няма. Таму ня маю ніякай інфармацыі, што дзе адбываецца. Спадзяюся, што гэта выпадковасьць. Стрыжань атрымаў, дзякуй — ім цяпер і пішу...»

11.07.12. «...З самага дзяцінства ўсе сьмяяліся з тых, хто размаўляў па-беларуску. Пасьля кожнага лета ў бабулі я таксама доўга шчэ размаўляў на мове, а ўсе сябры сьмяяліся... Вось якая была прапаганда ў СССР. І цяпер ня лепшая. Цяпер усе ведаюць, як расейцы прымушалі беларусаў да сваёй мовы і веры. Але мы ізноў пачалі палохацца сваёй мовы і культуры. Калі не прыняць неадкладных крокаў, то і ста гадоў ня хопіць, каб вярнуць сваю мову, каб паважаць культуру і традыцыі продкаў, каб паважаць саміх сябе. Але для гэтага беларусы павінны стаць людзьмі. Калі не спалохаемся быць людзьмі, тады і будзе пачатак Новага Жыцьця, з чыстага ліста, са старой культурай і мовай!...»

08.11.12. «...На прагулкі хаджу кожны дзень. Цяпер прагулкі зранку — гуляю гадзіну, калі на 10-15 хвілін больш. Са здароўем адносна. Пра зубы не пытайся. У Івацэвічах дазвалялі мець блэндар — меў магчымасьць усю ежу мяльчыць. Тры разы мне перараблялі пратэзы. І ўсё кепска. Пасьля пачаліся ШЫЗА. Доктара, каб падагнаць пратэз, больш не дазволілі, і блэндар на этап у новую крытую турму ў Гародні не пусьцілі. ...Як-небудзь здолею і пярэднімі зубамі паціху. Сьпяшацца няма куды, жаваць ТУТ пакуль няма чаго асоба. І ўвогуле, не хачу выглядаць пакутнікам. Я не баюся тут нікога і нічога, і адміністрацыя разумее, на што я магу пайсьці, калі мяне дапякуць. Таму ў мяне ўсё адносна добра, бо ў турме наогул добра быць ня можа. Не хвалюйся. З вашай дапамогай усё вытрымаю абавязкова!..»

03.10.12. «...Калі ведаеш, што ты не адзін, што тваім родным дапамагаюць — дадаецца моцы. Адчуваеш, што вырастаюць крылы... Прабач мяне за нахабнасьць, але можа атрымаецца яшчэ раз адправіць матулю ў санаторый? Вельмі я хвалююся за яе здароўе.»

16.12.12. «...Напішы, ці атрымлівала ты лісты з пытаньнямі? Крыху падмерзьлі рукі — ня слухаюцца. Спрабаваў ў пальчатках — не атрымліваецца. Гэта я прыйшоў з гадзіннай прагулкі ў бятонным мяху і не магу адагрэцца... У лютым будзе год як пачаў атрымліваць лісты ў крытай турме — атрымаў 655 лістоў. Старанна ўсё складаю, нумарую і ў архіў — у сёмку...»

05.03.12. «...Сапраўды шчасьлівым можа стаць толькі вольны чалавек, таму жадаю ўсім беларусам як мага хутчэй стаць свабоднымі!»

04.03.13. «...Вось цяпер ведаю пра хоку — нават пра беларускае. Раней думаў, што хоку таксама мае рыфму. Дзякуй табе за кніжку з беларускімі хоку. Дзесьці чытаў, што самураі абавязкова павінны былі валодаць майстэрствам ствараць хоку...»

14.04.13. «...Учора на шпацыры сёлета ўпершыню пачуў сьпевы птушак, узрадаваўся, як малое дзіця. На волі нават увагі не зьвярнуў бы, але пасьля столькіх гадоў палону пачынаеш адчуваць, чаго не хапае чалавеку, акрамя волі. Зусім інакш глядзіш на жыцьцё. Хоць гэта добра1 Цяпер я ўпэўнена магу сказаць, што я ліцьвін. А не беларус. Шмат на што расплюшчыліся вочы. І шмат каму будзе шкада, што яны ў мяне расплюшчыліся...»

31.12.13.«...Атрымаў фоткі. Вялікі дзякуй!Божа, як даўно ня бачыў матулю!!! Дзякуй богу, што хоць на фоткі магу паглядзець!!!...»

27.08.13 «...Заўтра цэлы дзень буду прыслухоўвацца. Цікава, калі адпусьцяць Зьмітра Дашкевіча. Павінен чуць, бо ён тут недалёка...»

Мікалай Аўтуховіч — прадпрымальнік з Ваўкавыску асуджаны на 5 гадоў 2 месяцы нібыта за захоўваньне патронаў. Сам Аўтуховіч мяркуе, што яго пакаралі за барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі.

Рэжысэрка-дакумэнталістка Вольга Мікалайчык — аўтарка вядомых фільмаў «Катаваньні ў Беларусі» і «Падарожжа па бясконцай вайне». Яе стужкі пра беларускіх палітвязьняў неаднойчы дэманстраваліся на міжнародных фэстывалях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG