Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1972


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

У 1972 годзе радыёстанцыі Свабода і Свабодная Эўропа працягвалі працаваць у крызыснай сытуацыі. У гэтым годзе скончыўся тэрмін дзеяньня часовай рэзалюцыі Кангрэсу аб фінансаваньні станцыяў. Старшыня сэнацкай камісіі замежных справаў Ўільям Фулбрайт запрапанаваў спыніць працу Свабоды і Свабоднай Эўропы, назваўшы іх палітычным анахранізмам і перажыткам халоднай вайны. Мінімальнай перавагай галасоў было пастаноўлена з закрыцьцём радыё пачакаць.

У 1972 годзе савецкі друк працягваў прысьвячаць шмат увагі беларускай Свабодзе. Час ад часу ў друку зьяўляліся маляўнічыя партрэты супрацоўнікаў радыё. Прычым з тэкстаў відаць, што праграмы радыё ў пэўных установах слухаліся вельмі ўважліва:


М.Ражкоў-Ружыцкі. СТРАХАНУДНЫ ДЗЯДЗЬКА. Голас Радзімы, № 40, кастрычнік 1972:
«Ня ведаю чаму, але калі незнарок пачуеш гэты крыху гугнявы, надломлены і сварлівы голас на „свабодаўскай“ хвалі, то адразу ўяўляеш сабе, што належыць ён чалавеку, падобнаму да Кашчэя з казкі, — аблыселаму, з глыбока запалымі вострымі вочкамі і, апрача таго, з хворымі ныркамі. Перад табой узьнікае аблічча раздражнёнага да крайнасьці няўдачніка, які, седзячы ў Мюнхене, узяўся сачыняць фэльетоны на тэмы савецкай рэчаіснасьці».

Іван Агееў. АГА СПАДАРА ЗАЛЕСКАГА. Радыё Савецкая Беларусь. 11 лютага 1972 году:
«На якія толькі фартэлі пускаюцца прайдзісьветы з так званай радыёстанцыі „СВАБОДА“, каб толькі мацней дапячы саветам. Адзін зь іх у думках нават у космасе надоечы пабываў. Захацелася яму, бачыце, паназіраць за штукарствам камуністаў, як кажуць, з макаўкі. Асядлаўшы качку, самую распаўсюджаную цягу на радыёстанцыі, ён бясстрашна ўзьвіўся ў космас. Але прабачце, мы не назвалі прозьвішча адважнага качканаўта. Гэта быў Андрэй ЗАЛЕСКІ, які, між іншым, мог быць і ПАДЛЕСКІМ і ПЕРАЛЕСКІМ. Здраднікі вельмі нераўнадушныя да псэўданімаў. Дык вось гэты Залескі, як толькі адчуў сябе ў стане бязважкасьці, зараз жа зыркнуў на ўсход. Зыркнуў, значыцца, і першае, што зрабіў, зьбянтэжана пляснуў далонямі і войкнуў. Прызямліўшыся, ЗАЛЕСКІ хуценька патупаў да мікрафона. Цяпер ён пакажа саветам...»

Сёньня мы працягваем знаёміць вас з успамінамі колішніх супрацоўнікаў нашага радыё. Сёньня ў нас у гасьцях — вядомая беларуская мастачка, якая жыве ў Злучаных Штатах, Тамара Стагановіч-Кольба. Спадарыня Стагановіч супрацоўнічала ў Нью-Ёркскім бюро Радыё Свабода ад сярдзіны 1960-х гадоў- пераважна як дыктар, а таксама як аўтар і вядучы адмысловых музычных перадачаў. Яе голас неаднаразова гучаў у архіўных матэрыялах машых ранейшых перадач, дзе яна выступала пад псэўданімам Тамара Наваградчанская. Вось жа, Тамара Стагановіч прыгадвае...

Тамара Стагановіч
Тамара Стагановіч
«Спадар Запруднік запрасіў мяне, каб проста пачуць мой голас. Яго ідэя была — даваць новыя галасы, каб не было аднастайнасьці ў беларускай праграме. Ён глядзеў на новы звонкі голас і, галоўнае — на беларускую мову, на вымаўленьне. А я з Наваградчыны, і ён пачуў гэта і рашыў, што я буду падыходзіць. На некаторы час. І ён запрапанаваў — мы сустрэліся на сходах перад Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкай. Я яму таксама сказала, што калі я была ў Western College, я брала курс радыё і нават мела экзамэн — цэлую перадачу па радыё ў Агаё пра Вялікдзень, пра абрады, пра музыку. Выйшла так, што я мела сяброўку японку, якая студыявала музыку, і я ёй прасьпявала некалькі велікодных песень, яна падхапіла музыку і пачала граць, і пад гэтую музыку я расказвала пра абрады. Як я папала на радыё? Нам у школе трэба было браць курс — як пісаць прамовы і як гаварыць на публіцы. Я была вельмі сарамлівая і думала: ні за якую цану я гэтага курсу не вазьму! І таму выбар быў: або гэты курс, або радыё. Так што спадар Запруднік быў задаволены, што я хоць крыху маю досьвед у гэтай галіне. Ён запрасіў, я прыйшла ў студыю, ён даў мне чытаць, напрыклад, розныя даклады, навіны, а таксама і паэзію. Ён крышку мяне падгатаўляў перад тым, паказваў, дзе рабіць націскі, як прачытаць паэзію, каб яна мела больш сэнсу. Я працавала тады ў адной мастацкай студыі за якія тры кварталы ад месца, дзе знаходзілася Radio Liberty, каля бібліятэкі, так што мне было лёгка прыходзіць у студыю і там праводзіць якую гадзіну-паўтары».

Наш архіў. Тамара Наваградчанская чытае верш Натальлі Арсеньневай...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:10 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 1972 у сьвеце

Палітыка

Прэзыдэнт Ніксан наведвае Кітай і сустракаецца з Мао Цзэдунам, а пасьля з Брэжневым у Маскве — Падпісаная дамова аб абмежаваньні стратэгічных ядзерных узбраеньняў. — Крывавая нядзеля — брытанскія паліцыянты забіваюць падчас маршу 13 каталікоў у Паўночнай Ірляндыі. — Адзінаццаць ізраільскіх спартоўцаў забітыя падчас Алімпійскіх гульняў у Мюнхене.

Навука і тэхналёгія

Кампанія RCA распрацоўвае кампакт-дыск, а Філіпс — відэадыск. — Пачынае працу электронная пошта. — Апошні на гэты дзень палёт чалавека на Месяц — экіпаж касмаплава Апалон-XVII дастаўляе на Зямлю каля 100 кг месяцовага грунту.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная нямецкаму пісьменьніку Генрыху Бёлю.

Выходзяць на экраны фільмы «Хросны бацька» Фрэнсіса Копалы і «Кабарэ» Боба Фоса

Песьня году — Harry Nilsson / Without You

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Тамара Стгагановіч працягвае...

«Я помню, што праграма была раз на тыдзень, і гэта трывала недзе чатыры гады. Я мушу таксама нагадаць, што апрача як дыктарам і камэнтатарам, яны запрапанавалі мне таксама пісаць музычныя праграмы. Ну, напрыклад, вы выбіраеце сьпявачку, скажам — грэцкую сьпявачку Мэліну Мэркуры або ангельскую або амэрыканскі джаз — грае музыка, вы даеце камэнтары да гэтага, пра сьпевакоў, пра музыку, пра іх тэхніку і стыль сьпяваньня. Калі мае знаёмыя амэрыканкі, зь якімі я працавала, даведаліся, куды гэта я зьнікаю прадчас свайго перапынку на абед, то яны былі вельмі зацікавіліся, асабліва адна. Я думаю — ну, добра, я яе калі-небудзь вазьму з сабой, хай яна паглядзіць, як гэта ўсё робіцца. Мы прыйшлі туды, а яна была вельмі высокая, з рыжымі валасамі — і ўсе мужчыны адразу яе акружылі. Пасьля ўвесь час у мяне пыталіся, калі яна зноў прыйдзе?»

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1972 году паслухайце фрагмэнт паведамленьня пра палёт амэрыканскага касмаплава Апалон-17...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:40 0:00
Наўпроставы лінк


***
1972 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Насельніцтва Менску дасягае мільёна чалавек.
• Заснаванае выдавецтва Мастацкая Літаратура.
• У Менску адчыняецца генэральнае консульства Польшчы.
• Іван Мележ атрымвае Ленінскую прэмію за раманы Людзі на Балоце і Подых Навальніцы.
• У Менску адкрытыя помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу.
• Івану Мележу і Івану Шамякіну прысвоеныя тытулы народных пісьменьнікаў Беларусі.
• Менскі Трактарны завод выпускае мільённы трактар.

А зараз — менскі эфір 1972 году. Фрагмэнт рэпартажу з адкрыцьця помніка Янку Купалу ў Менску...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00
Наўпроставы лінк


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — Тамара Стагановіч або Тамара Наваградчанская, якая 30 гадоў таму была дыктарам Нью-Ёркскага бюро Радыё Свабода. Спадарыня Стагановіч працягвае:

«Было надзвычайна прыемна і цудоўна. Безумоўна, я спачатку ня верыла зусім
у сябе, што я гэта змагу. Па-першае, я паняцьця ня мела, як гэта накручваецца, бо як я рабіла сваю велікодную праграму, то яна адразу ішла па радыё на хвалях, а тут мы накручвалі на стужку, а тады перасылалі ў Радыё Свабода ў Мюнхен, каб яны давалі на хвалі. Тут можна было рабіць перапынкі, калі я, напрыклад, зрабіла памылку дзе-небудзь або спатыкнулася — можна было спыніцца і накруціць зноў. Але гэта было вельмі цікава. Між іншым, той інжынэр, які накручваў, быў украінец, і мне было лепей накручваць зь ім, бо я яго знала яшчэ пасьля вайны, як я хадзіла ва ўкраінскую школу ў Мітэнвальдзе, у Баварыі. Дык я яго ня так саромелася, як саромелася б іншых. Нейкіх чатыры гады я там была. Між іншым, імя „Тамара Наваградчанская“ даў мне спадар Запруднік, бо мы думалі, якое імя мне ўзяць, каб ня браць сапраўднае. Дык ён кажа: ну, Вы з Наваградку, то давайце будзем ужываць „Наваградчанская“. Так і пайшло, што я стала Тамара Наваградчанская. Помню, заўсёды, як прыходзіла туды, сустракала спадара Адамовіча і казала „Добры дзень, як вы маецеся?“ А ён так глядзеў на мяне з усьмешкай і каза: „Маюся, маюся...“ Гэта было заўсёды прыемна. Ён майго таты быў вельмі добры прыяцель. Таксама прыходзіў туды спадар Шукелайць, здаецца, там працавала спадарыня Каханоўская, некаторы час працавала спадарыня Арсеньнева — было заўсёды вельмі прыемна іх сустракаць».

Наш архіў. Паслухайце фрагмэнт праграмы Радыё Свабода 1972 году ...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:47 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG