Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў з камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Натальля Кучынская ў сувязі з публікацыяй праекту «Асноў дзяржаўнай культурнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі» расказала Свабодзе, што ў Беларусі ўжо існуе падобны дакумэнт.


«На сёньня культурная палітыка нашай краіны замацаваная ў Законе аб культуры і ў Дзяржаўнай праграме культуры Беларусі на 2011-2015 гады. І гэта праграма зацьверджаная адпаведнай пастановай ураду.

Але мы вырашылі пайсьці далей. І цяпер рыхтуем спэцыяльны Кодэкс аб культуры. Гэта — грунтоўны дакумэнт. І ў ім будуць адрэгуляваныя прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя асновы культурнай дзейнасьці.

На мой погляд, кадыфікацыя — патрэбная справа. Гэта будзе адзіны дакумэнт у галіне культуры. І ён дазволіць спрасьціць заканадаўства, зрабіць яго больш сыстэмным. Бо зараз мы маем 7 „культурніцкіх“ законаў, 20 указаў кіраўніка дзяржавы, прыкладна каля паўсотні пастановаў ураду і шмат нарматыўна-прававых актаў Міністэрства культуры. А калі ў нас з’явіцца адзін дакумэнт, то, зразумела, што гэта будзе сыстэма».

Спадарыня Кучынская паведаміла, што праект кодэксу апублікаваны на сайце Міністэрства культуры.

Свае прапановы да дакумэнта можа даслаць любы грамадзянін Беларусі. Створаная адпаведная рабочая група:

«Я таксама ў яе ўваходжу. У праекце Кодэксу аб культуры мы разглядаем літаральна кожны параграф. Наперадзе — яшчэ два паседжаньні. Затым аддадзім дакумэнт у Саўмін. І спадзяемся, што ў красавіку 2015 году ён паступіць у Палату прадстаўнікоў. Скажу, што гэта праца няпростая але цікавая».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG