Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэльгенгаўэр: Калі Расеі пачынаць вайну з Украінай – дык цяпер


 Паdвал Фэльгенгаўэр

Паdвал Фэльгенгаўэр

Размова з расейскім вайсковым аналітыкам Паўлам Фэльгенгаўэрам, якую 2 красавіка у кулюарах сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў НАТО ў Брусэлі правёў наш калега з грузінскай службы Коба Ліклікадзэ.

РС: Якая па-вашаму верагоднасьць таго, што Расея пойдзе з вайною на Ўкраіну?

Фэльгенгаўэр: Аб гэтай магчымасьці цяпер гавораць і ў штаб-кватэры НАТО; сам галоўнакамандуючы НАТО кажа, што расейскія войскі гатовыя, што яны могуць рушыць нават цяпер і, хутчэй за ўсё, паводле галоўнакамандуючага НАТО, за 3-5 дзён яны могуць выканаць пастаўленыя заданьні. Хоць я ня ўпэўнены, што амэрыканскі галоўнакамандуючы ведае дакладна, якія заданьні могуць быць пастаўленыя нашым войскам.

Але войскі сапраўды гатовыя – яны знаходзяцца на вельмі высокай ступені гатоўнасьці. Паводле апарату галоўнакамандуючага НАТО – гэта сілы парадку 30-40 тысяч. Зразумела, гэта выявілі не яны самі, гэта выявілі ў асноўным амэрыканскія спадарожнікі. Гэта даволі складанае пытаньне, і я паспрабаваў даведацца ад іх, як яны гэта палічылі, але яны сказалі, што ня хочуць і ня будуць гаварыць пра гэта.

РС: А чаму верагоднасьць нападу застаецца высокай?

Фэльгенгаўэр: Таму што яны гатовыя. А гатоўнасьць нельга падтрымліваць доўга. Ужо 1 красавіка быў апублікаваны ўказ прэзыдэнта Пуціна аб веснавым прызыве, аб тым, што 154 тысячы прызыўнікоў прыйдуць у армію і заменяць тых, хто адслужыў і будзе дэмабілізаваны. А гэта менавіта тыя салдаты, якія напагатове і чакаюць, каб увайсьці ва Ўкраіну, калі будзе загад. Іх можна, безумоўна, звольніць не ў адзін дзень і не за адзін тыдзень, іх можна патрымаць і месяц, і паўтары без тлумачэньня прычынаў. Ну а калі пачнуцца баявыя дзеяньні, дык зразумела, што тады ўжо будзе не да дэмабілізацыі. Але калі чакаць, то іх давядзецца ўсё роўна адпусьціць – бо яны пачнуць пярэчыць, буяніць і наогул хацець дадому. Таму боегатоўнасьць расейскіх войскаў, прызначаных для апэрацыі ва Ўкраіне, рэзка зьнізіцца, бо тады застануцца ў іх толькі прызыўнікі, якія адслужылі паўгода, і прызыўнікі, якіх яшчэ трэба абучыць...

РС: А ці пад сілу Расеі перамагчы Ўкраіну? Украіна ж – не маленькая Грузія, якую перамаглі бліцкрыгам за пяць дзён...

Фэльгенгаўэр: Гэта залежыць ад украінскай арміі, якая цяпер у ня вельмі добрым стане. Менавіта таму, як здаецца, калі ісьці з вайною, то якраз цяпер. Нельга доўга чакаць. З аднаго боку, трэба трохі пачакаць, каб падсох чарназём у раёне Харкава, каб танкі маглі перамяшчацца з дарогаў на перасечаную мясцовасьць. З другога боку, калі чакаць занадта доўга, то давядзецца адпусьціць 140-150 тысяч больш-менш гатовых салдатаў, якія адслужылі, і рыхтаваць новых. Такі самы ўзровень боегатоўнасьці можна будзе дасягнуць недзе каля жніўня ў найлепшым выпадку. А за гэты час украінцы могуць прывесьці свае ўзброеныя сілы ў значна лепшы парадак, чым цяпер. У прынцыпе, у іх шмат зброі савецкага часу, і пад восень яны могуць аказацца значна больш гатовымі да вайны. Таму вялікая спакуса – ісьці цяпер... Ну і яшчэ маем выбары 25 траўня ва Ўкраіне, якія могуць далей стабілізаваць сёньняшні рэжым у Кіеве. А цяпер ён ня вельмі стабільны, і гэта яшчэ адна спакуса дзейнічаць даволі хутка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG