Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы судзьдзя Умараў асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі


Вярхоўны суд Беларусі 7 красавіка вынес прысуд былому намесьніку старшыні суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Магамеду Умараву — 14 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй маёмасьці, а таксама пазбаўленьнем права займаць пасады ў праваахоўных і судовых органах тэрмінам на 5 гадоў.

Умараў прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 430 (атрыманьне хабару службовай асобай, якая займае адказную пасаду, паўторна, у буйным памеры), арт. 13 і ч. 2 арт. 431 (падрыхтоўка да дачы хабару ў буйным памеры паўторна), а таксама па арт.13 і ч.3 арт.209 (падрыхтоўка да завалоданьня маёмасьцю шляхам падману і злоўжываньня даверам — махлярства, зьдзейсьненае ў буйным памеры).

Другі фігурант справы Анатоль Гоманаў прызнаны вінаватым па ч.1 арт.431 (даваньне хабару), а па ч.1 арт.209 (завалоданьне маёмасьцю шляхам злоўжываньня даверам — махлярства) апраўданы за адсутнасьцю складу злачынства. Гоманава асудзілі да 1 году абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд у касацыйным парадку абскарджаньню і апратэставаньню не падлягае, — патлумачылі ў Вярхоўным судзе БелТА.
XS
SM
MD
LG