Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт Расеі затрымаў вайскоўца, які забіў украінскага афіцэра


Сьледчы камітэт Расіі затрымаў малодшага сяржанта Ўзброеных сіл РФ, які з аўтамата ў вайсковым інтэрнаце ў Крыме забіў маёра Узброеных сіл Украіны.

Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта на брыфінгу ў Кіеве паведаміў намесьнік начальніка Галоўнага каманднага цэнтру Ўзброеных сіл Украіны Аляксандра Размазьніна.

Паводле яго слоў, гэтую інфармацыю ён атрымаў ад афіцэраў ўкраінскай часткі, у якой служыў забіты афіцэр.

Размазьнін паведаміў, што ўкраінскія праваахоўныя органы, у сваю чаргу, адкрылі крымінальную вытворчасьць паводле факту забойства, і расьсьледаваньнем будуць займацца органы вайсковай пракуратуры.

Размазьнін падкрэсьліў, што рэакцыя на гэтую падзею будзе ажыцьцёўлена на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад Міністэрства замежных спраў Украіны, а таксама Міністэрства абароны, Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны.

«Малодшы сяржант расейскіх Узброеных сіл перавёў сытуацыю ў гарачы канфлікт. Рэагаваньне будзе адназначным, ніхто ня будзе стаяць у баку, тым больш, гэта ня першы выпадак», — сказаў Размазьнін, нагадаўшы, што раней у Крыме снайпэры забілі яшчэ аднаго ўкраінскага вайскоўца.

Як паведамлялася раней, начальнік крымскага мэдыя-цэнтру Міністэрства абароны Ўкраіны Ўладзіслаў Селязьнёў на сваёй старонцы ў Facebook напісаў: «Учора (6 красавіка) ў 22.50 у выніку канфлікту паміж украінскімі афіцэрамі і рускімі салдатамі стрэламі з аўтамата быў забіты маёр Станіслаў Карачэўскі. Забойства адбылося на 5-м паверсе інтэрнату, дзе пражываў ўкраінскі вайсковы пэрсанал Сакскай авіябазы». Плянавалася, што 9 красавіка Карачэўскі павінен быў адбыць на мацерыковую Ўкраіну. Украінскія афіцэры, па дадзеных прадстаўніка Мінабароны, былі бяз зброі.

Паводле зьвестак кіраўніка Цэнтру вайскова-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрыя Цімчука, афіцэра застрэліў расейскі вайсковец. «Двума стрэламі ва ўпор расейскім вайскоўцам малодшым сяржантам Зайцавым ў сваім пакоі ў афіцэрскім інтэрнаце быў застрэлены вайсковец в/ч 1100 маёр К., які рыхтаваўся да выезду на мацярык», — напісаў Цімчук ў Facebook.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG