Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канстанцін Баравы: У Крамлі распрацаваны «крымскі сцэнар» і для Беларусі


Канстанцін Баравы

Канстанцін Баравы

Лідэр расейскай партыі «Заходні выбар», прадстаўнік першай лібэральнай хвалі палітыкаў пачатку 1990-х Канстанцін Баравы ў размове з карэспандэнтам Свабоды выказаў меркаваньне, што Масква найбліжэйшым часам сутыкнецца з нэгатыўнымі наступствамі ваеннай інтэрвэнцыі ў Крым.

У сваю чаргу, адпаведныя высновы трэба рабіць і Аляксандру Лукашэнку: па словах Баравога, у выпадку рэалізацыі аналягічнага сцэнару ў дачыненьні да Беларусі давядзецца памяняць прэзыдэнцкую пасаду на ролю другараднай асобы ў крамлёўскай вэртыкалі.

«Праз суд Украіна можна штомесяц спаганяць з Расеі гадавую суму аплаты за газ і нафту»


— Канстанцін Натанавіч, што тычыцца крымскай кампаніі, дык афіцыйная прапаганда ва ўнісон з Крамлём падае анэксію як «вяртаньне спрадвечна расейскіх земляў»; апанэнты кажуць пра бесцырымоннае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы. Якая Ваша пазыцыя адносна таго, што насамрэч адбывалася і, у прынцыпе, ва ўсходніх рэгіёнах працягваецца дагэтуль...

— Мне не падаецца, што хтосьці лічыць гэта аб’яднаньнем народаў, апроч, сапраўды, хіба што расейскай прапаганды. Па-мойму, гэта вельмі добра паказала галасаваньне на паседжаньні Генэральнай асамблеі ААН. Па вялікім рахунку, увесь сьвет асудзіў гэтую агрэсію, не зьбіраецца яе прызнаваць. Як дастаткова дакладна сказалі і Абама, і Эштан, Расеі давядзецца заплаціць вельмі высокую цану за такое барбарскае парушэньне міжнародных пагадненьняў. Увогуле гэтую цану Расея ўжо плаціць, плацяць крымчукі, ня надта вінаватыя ў тым, што іх загіпнатызавалі той прапагандай.

Мне здаецца, што перавесьці сытуацыю (як, відавочна, плянавалі Пуцін і ягонае атачэньне) у тое, што адбылося ў Абхазіі, — то бок, замарозіць статус — вось гэтым разам не атрымаецца. З аднаго боку, санкцыі нарастаюць, зь іншага боку, Украіна ў міжнародных судах пачне патрабаваць кампэнсацыю. Скажам, калі Севастопаль узяць за базу разьлікаў стратаў Украіны, арэнду Севастопалю, давядзецца плаціць проста шалёныя грошы. Я прасіў экспэртаў падлічыць, і там выходзіць, што ў месяц Украіна будзе атрымліваць прыкладна столькі ж, колькі плаціць за паўтара года Расеі за газ і за нафту. Фактычна толькі за арэнду ўзьбярэжжа, унутраных тэрыторый і водаў. Яшчэ раз кажу: паўстаюць нейкія фантастычныя лічбы. Зразумела, што Эўропа, ЗША, увесь цывілізаваны сьвет дапусьціць такое самаўпраўства з боку Масквы ня могуць, бо гэта вяртаньне ў XVIII стагодзьдзе ці нават раней, калі ўсе тэрытарыяльныя праблемы вырашаліся сілай.
Адзіночны пікет у абарону народа Ўкраіны

Адзіночны пікет у абарону народа Ўкраіны



— У такіх выпадках звычайна кажуць пра наглядныя ўрокі суседзям, якім наканавана жыць побач з агрэсіўнай імпэрыяй. Яны, з Вашага гледзішча, робяцца?

— Што важна найперш асэнсаваць для вас, беларусаў — гэта, канечне ж, рэальную пагрозу. Бо яна для ўсіх суседзяў Расеі насамрэч ёсьць. Ідзе вельмі моцны сыгналь і для краінаў Балтыі, і для Малдовы, і для Цэнтральнай Азіі, і яшчэ адзін сыгналь для Грузіі, і, само сабой, для Беларусі. Між іншым, і для Кітаю, і для Японіі таксама. То бок, гэты сыгналь вельмі моцны, вельмі небясьпечны, і з гэтым ніхто зьмірыцца яўна не захоча.

«Нікому ня хочацца быць забітым, як Чаўшэску, Кадафі, Хусэйн, ці памерці ў Гаазе»


— У адрозьненьне ад лідэраў крымскіх сэпаратыстаў, кіраўнік Беларусі наўрад ці пагодзіцца на ролю марыянэтачнай, другаснай фігуры ў складзе фэдэратыўнай вэртыкалі. З аднаго боку, ён паціху здае Беларусь Крамлю, але пры гэтым хоча захаваць цяперашнюю пасаду, хоча заставацца прэзыдэнтам невялікай, але ўсё ж сувэрэннай дзяржавы...

— Ну так, Лукашэнка ня хоча дэманстраваць сваю другаснасьць, ён хоча дэманстраваць сваю незалежнасьць. Але факты ня зьменіш: Беларусь, яе дабрабыт залежыць ад фінансаваньня з Расеі. І кожны раз, калі ўзьнікаюць фінансавыя праблемы, Лукашэнка пачынае рабіць нейкія заявы, якія раздражняюць Крэмль, і ўрэшце атрымлівае гэтую кампэнсацыю. Безумоўна, ён не незалежны лідэр. І Беларусь ня цалкам незалежная ад Расеі — хутчэй, намінальна. Аднак гэта сытуацыя з Крымам зьмяняе сытуацыю ў самой Расеі, вакол яе. То бок, фактычна Расея перастане празь некаторы час быць донарам Беларусі. Проста ня зможа ім быць, таму што занадта расходнай становіцца авантура Пуціна. Ужо зараз дэфіцыт бюджэту (па-рознаму яго вымяраюць, бо ёсьць фармальнае вымярэньне — бюджэтнае, а ёсьць фактычнае, якое ўлічвае адкладзеныя даўгі) нават цяпер, яшчэ да санкцый, можна вымяраць 15-20%. Што адбудзецца, калі вельмі моцна ўпадуць кошты, і паступленьні ў бюджэт за нафту, газ істотна скароцяцца (а да гэтага ўсё ідзе), калі бюджэт стане дэфіцытным ужо на 50-60%? Гэта азначае перадусім нявыплату заробкаў, нявыплату пэнсіяў.

Я думаю, што сытуацыя зьменіцца ў тым ліку і для Беларусі, таму Лукашэнка, наколькі я разумею, ужо зараз разглядае ўсялякія магчымасьці існаваньня без Расеі, з дапамогай іншых донараў. Прынамсі закулісна вядуцца нейкія перамовы з Эўрапейскім зьвязам, і, я мяркую, у яго ёсьць сцэнар зьмякчэньня аўтарытарнага рэжыму, уключэньня нейкіх мэханізмаў дэмакратыі. Ну, нікому ня хочацца быць расстраляным у гаражы ля сьцяны, як Чаўшэску, нікому ня хочацца быць забітым, як Муамар Кадафі ці Садам Хусэйн, ці памерці ў Гаазе. Думаю, Лукашэнка зараз вельмі інтэнсіўна разглядае ўсе сцэнары, мяркуючы па яго патоку інтэрвію для ўкраінскіх СМІ, у якіх ён падтрымлівае, канечне ж, Украіну — ускосна, азіраючыся, але падтрымлівае. Так, вымушаны галасаваць у ААН разам з Расеяй, таму што вельмі моцна ад яе залежыць, але разумее, што гэта гісторыя ня толькі пра Ўкраіну, але і пра Беларусь.
З кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Пятром Парашэнкам

З кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Пятром Парашэнкам



«Ва Ўкраіне працавала магутная расейская агентурная сетка. Ёсьць яна і ў Беларусі»


— У Беларусі, як і ў Крыме, за апошнія два дзясяткі гадоў сфармавалася разгалінаваная ваенная інфраструктура «братэрскай» Расеі. Для поўнай акупацыі ўкраінскай паўвыспы хапіла пару тыдняў. Колькі часу можа заняць «прыватызацыя» «Паўночна-Заходняга краю»?

— Ну, пакуль у гэтым проста няма неабходнасьці: Лукашэнка дэманструе высокую ступень паслухмянасьці, высокую ступень салідарнасьці. Прынамсі хаця б фармальна. І трэба разумець, што гэта ўсё таксама вельмі дарагія праекты — наладжваць нейкія пераходныя працэсы ў Беларусі зь незразумелым вынікам, шчыра кажучы. Таму, я думаю, мала верагодна, што сёньня, пасьля таго, як Лукашэнка прадэманстраваў ляяльнасьць, хтосьці ў Крамлі захоча мець яшчэ адну рэвалюцыйную сытуацыю зь непрадказальным канцом. Але ў прынцыпе такая магчымасьць заўсёды існуе; у Маскве і сцэнар пэўна што ёсьць адпаведны. Як ва Ўкраіне была надзвычай магутная агентурная сетка ў арміі, у спэцслужбах, значыць і ў Беларусі — няма ніякіх сумневаў — такая ж агентурная сетка таксама ёсьць. Сцэнар для Беларусі, канечне ж, напісаны (гэта нават не абмяркоўваецца) і ён цалкам можа быць рэалізаваны. Але, яшчэ раз паўтару, зараз у Крамля папросту няма сілаў на гэта. Зрэшты, чым далей, тым гэтых сілаў будзе меней.

— Наўрад ці варта да канца верыць сацыялягічным дасьледаваньням, але рэйтынг Уладзімера Пуціна ў зьвязку з украінскімі падзеямі ўзьнёсься калясальна, ледзь не да 90%. Ці гэта, зноў жа, тое, з чаго мы і пачыналі, — плён прапагандысцкіх высілкаў? Колькі ў гэтых працэнтах нацягнуў Кісялёў і кампанія?

— Бясспрэчна, эфэктыўнасьць узьдзеяньня прапаганды вельмі высокая. Але я разглядаў бы гэтыя лічбы як блізкія да рэальнасьці. Я шмат кантактую, выступаю, з таксістамі размаўляю — ну, падобна на гэта, нічога не папішаш. Гіпнатычнае ўзьдзеяньне прапаганды надзвычай моцнае, прычым, гэта ж татальнае ўзьдзеяньне — ніякіх дыскусіяў няма ўжо месяцы тры. Пры гэтым тэрміналёгія, якая выкарыстоўваецца ў прапагандысцкай кампаніі, зусім аднастайная: кіеўская хунта, кіеўскія фашысты. Яна, трэба сказаць, досыць прафэсійная, паколькі абапіраецца на савецкія стэрэатыпы: барацьба з фашызмам, змаганьне з «ворагамі». Таму ўплыў тэлебачаньня, крамлёўскіх ідэолягаў калясальны. Але, зь іншага боку, гэта добра. Атрымаўшы 92% падтрымкі (хоць лічба ўсё ж яўна перабольшаная) — прынамсі адчувальную падтрымку, і неўзабаве сутыкнуўшыся з вынікам, які, безумоўна, прывядзе да расчараваньня, Пуцін, скажам так, рые сабе глыбокую магілу. Бо падтрымаць вялікую ідэю растучай імпэрыі, калі за гэта яшчэ і ня трэба плаціць — ну так, можна. Аднак у той момант, калі за гэта давядзецца плаціць зьніжэньнем жыцьцёвага ўзроўню, беспрацоўем, — рэакцыя будзе палярна іншай.

Толькі адно падзеньне курсу рубля на 12% за два месяцы ўжо зараз прыводзіць да фантастычнага росту цэнаў: за тры месяцы некаторыя тавары вырасьлі ў кошце ў 1,5-2 разы. Гэта вельмі заўважна. Таксама адток інвэстыцыяў прыводзіць да падзеньня рынкаў і, адпаведна, да падаражаньня жыцьця, істотнага зьніжэньня паступленьняў у бюджэт. А гэта значыць, што інфляцыя, безумоўна, значна вышэйшая, чым плянавалася. І гэта значыць, што ў бліжэйшы час могуць узьнікнуць рознага кшталту праблемы з выплатай пэнсіяў, заробкаў. Што ў свой час ужо было падчас таго ж крызісу 1998 году і вельмі моцна напужала ўлады. Падобныя праблемы былі і ў часы праўленьня Пуціна ў 2003-2004 гадах, калі былі затрымкі ў заробках, пэнсіях, калі пэнсіянэры выйшлі на вуліцу. Усё гэта сур’ёзна палохае Крэмль. Прамова перад абаронцамі кіеўскага Майдану Незалежнасьці

Прамова перад абаронцамі кіеўскага Майдану Незалежнасьці


«Пуцін запусьціў працэс, вынікам якога стане дэзынтэграцыя Расейскай Фэдэрацыі»


— Колькі часу спатрэбіцца «новым рускім» у Крыме, каб ачуняць пасьля эўфарыі?

— У мяне такое адчуваньне, што працьверажэньне ўжо пачалося. Пераканаць, завесьці народ — гэта насамрэч не складана. Уключаюцца ўсе прапагандысцкія інструмэнты — і вось вам вынік. А што рабіць далей? Зацягваць паясы з гэтых 92%? Гэта ж абывацелі, якія фармальна далёкія ад палітыкі. Якія лічаць, што «высакародныя» ідэі — ідэі пашырэньня імпэрыі — павінны аўтаматычны канвэртавацца ў паляпшэньне жыцьця, у падвышэньне жыцьцёвага ўзроўню. Але адбываецца проста супрацьлеглае. Я пра гэта ўжо пісаў: Пуцін, акрамя ўсяго іншага, уключыў вельмі моцны выхаваўчы працэс. Так, усё добра, Крым наш, яднаньне рускіх людзей, нас усе баяцца — разумееце, такія скрозь імпэрскія ідэі — але ж яны мусяць суправаджацца, як чакае абывацель, паляпшэньнем жыцьцёвага ўзроўню... А яго няма і не прадбачыцца.

— Некаторыя экспэрты папярэджваюць: Пуцін стварыў небясьпечны прэцэдэнт, калі як мінімум большай самастойнасьці могуць запатрабаваць свае ж, унутраныя суб’екты фэдэрацыі...

— Сапраўды, ёсьць яшчэ адзін вельмі важны момант — працэсы, зьвязаныя зь бюджэтам, зьвязаныя з узаемаадносінамі цэнтра і рэгіёнаў. Вэртыкаль улады, выбудаваная Пуціным, уся базуецца на адчувальным лішку рэсурсаў у цэнтры. Дзякуючы гэтаму лішку, удаецца канцэнтраваць у тым ліку і рэсурсы рэгіёнаў. Але ў той момант, калі рэгіёны будуць адчуваць — і яны ўжо адчуваюць — праблемы зь бюджэтам, не спраўляюцца з такімі элемэнтарнымі рэчамі як выплата пэнсіяў, заробкаў, розных дапамог, — пачынаецца працэс аўтанамізацыі. Рэгіёнам даводзіцца выбіраць — ці надалей працягваць адносіны з цэнтрам, якія ўжо склаліся, ці выжываць. Таму ў рэгіёнах ужо пачынаюцца палітычныя працэсы: калі чулі — ужо лекары, пэнсіянэры ладзяць забастоўкі, аб’яўляюць галадоўкі. Гэта ўжо пачалося.

Да таго ж, санкцыі ўжо адчувальна ўдарылі па рэгіёнах. Расея вельмі вялікая, і існавалі тысячы рэгіянальных праектаў, якія цяпер проста згортваюцца. Гэта былі паступленьні ў бюджэт, гэта былі крыніцы новых працоўных месцаў, а цяпер усё гэта спыняецца, датацыйнымі становяцца павальна ўсе рэгіёны. Хоць псыхалягічна рэгіёны гатовыя існаваць самастойна. Я шмат езьдзіў, быў практычна ва ўсіх рэгіёнах, і мясцовыя эліты кажуць, што цалкам гатовыя выжываць бяз цэнтру. Нават у моцна датацыйных рэгіёнах такое меркаваньне пераважае: калі б не Масква, мы спакойна выжывалі б. І вось гэтыя працэсы аўтанамізацыі, думаю, будуць разрываць Расею на кавалачкі. Іншымі словамі, гэты працэс таксама запусьціў Пуцін; працэс, у выніку якога можа адбыцца дэзынтэграцыя Расейскай Фэдэрацыі.
З Валерыяй Навадворскай на антыпуцінскім мітынгу

З Валерыяй Навадворскай на антыпуцінскім мітынгу



— То бок, з чым Расея прыйшла ва Ўкраіну, ад таго можа, словамі ўкраінскага клясыка, і загінуць?

— Ёсьць падрабязны аналіз вынікаў рэфэрэндуму ў Крыме — спакойны, халодны. Народ-то насамрэч ня вельмі падтрымаў ідэю! Ну, шмат было «за», магчыма 30-40%, але і фальсыфікацыя была фантастычнай. І, як я ўжо казаў, у Крыме сёньня адбываецца «працьверажэньне». Пэўныя адгалоскі гэтага працэсу чуюць і грамадзяне Расеі. Адным словам, расчараваньне відавочнае, у Крыме яно ўжо адбылося. Там усе ўсё зразумелі нават на прыкладзе простай ісьціны: павелічэньне пэнсіяў у тры разы ня можа захаваць кошт тавараў на тым узроўні, на якім ён быў дагэтуль. Вось гэта людзі вельмі хутка зразумелі. А яшчэ ўся гэтая гісторыя з Крымам неадкладна пацягне за сабой гуманітарную катастрофу. Сёньня ўжо на ўсіх узроўнях гавораць аб тым, што фактычна ізаляванаму Крыму дзеля поўнага жыцьцезабесьпячэньня патрабуецца 300 фураў рознага дабра штодзень. Паром з расейскага боку можа арганізаваць дастаўку толькі 30 фураў, больш проста немагчыма фізычна. А калі казаць пра сплянаваную ў Маскве «плынь турыстаў» — 6 мільёнаў чалавек у дадатак да 2 мільёнаў жыхароў, якія ўжо ёсьць — гэта задача з шэрагу тых, якія рэалізаваць немагчыма. Ня ўдасца нават накарміць людзей, ня кажучы ўжо пра ўсё іншае. Я ўжо апускаю той факт, што туды і самалёты перасталі лятаць, і з сухапутным транспартам праблемы. Але гэта досыць лягічны фінал пуцінскай авантуры.

_____________________________________

Канстанцін Баравы нарадзіўся ў 1948 годзе ў Маскве. Прадпрымальнік і палітык першай лібэральнай хвалі. Ад пачатку 1990-х бярэ ўдзел у стварэньні новых прадпрыемстваў рынкавай эканомікі — банкаў, біржаў, інвэсткампаніяў. Прэзыдэнт першай Расейскай таварна-сыравіннай біржы. У 1991-м супрацьстаяў путчыстам з ГКЧП. У абноўленай Расеі запрошаны ў Савет па прадпрымальніцтве пры прэзыдэнце Барысе Ельцыне, сустаршыня Фонду зьнешняй палітыкі Расейскай Фэдэрацыі. У 1992-м узначаліў Расейскі нацыянальны банк, заснаваў Партыю эканамічнай свабоды. У 1995-1999-х — дэпутат Дзяржаўнай думы, чалец камітэту па бюджэце, падатках, банках і фінансах. Адзін зь лідэраў «антыкамуністычнага фронту», прыхільнік дэмакратычных пераўтварэньняў і супрацоўніцтва з краінамі Захаду. Блізкі сябра савецкай дысыдэнткі, нараджэнкі Беларусі Валерыі Навадворскай. Падпісант звароту расейскай апазыцыі «Пуцін павінен сысьці». Заснавальнік палітычнай партыі «Заходні выбар».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG